Кожны другі студэнт адпачывае за кампутарам
Найбольш папулярная забава ў цяперашніх усходнеэўрапейскіх студэнтаў — сустрэча зь сябрамі і баўленьне часу ў Інтэрнэце. Паводле дадзеных сацыёлягаў, прыкладна палова студэнтаў адпачывае ля манітору. Што яны робяць за ім, паспрабавалі даведацца дасьледчыкі чатырох краін.
Студэнты адпачываюць сярод сяброў, кніг ці кампутараў — гэткія вынікі апытаньня ўкраінскіх, польскіх, расейскіх і казахскіх студэнтаў агучыў кіеўскі Інстытут Гаршэніна, які праводзіў міжнароднае сацыялягічнае дасьледаваньне «Студэнты — вобраз будучыні».
Як адзначае delfi.ua, абсалютная большасьць студэнтаў у вольны час сустракаецца зь сябрамі. Такіх украінцаў і расейцаў па 79.9%. У Польшчы крыху болей — 83.5%, а ў Казахстане меней — 59.6%.
Пры гэтым больш за палову расейскіх і ўкраінскіх студэнтаў марнуюць вольны час на кампутарныя гульні і Інтэрнэт. Ва Ўкраіне такіх 51%.
«Інтэрнэт — вельмі істотная частка жыцьця сучасных студэнтаў, — адзначаецца ў дасьледаваньні „Студэнты — вобраз будучыні“. — Пераважная большасьць апытаных студэнтаў усіх чатырох краін карыстаецца Інтэрнэтам штодзень. Найбольш частыя звароты да Сусьветнага павуціньня зьвязаныя з працай, навучаньнем, пошукам інфармацыі, а таксама выкарыстаньнем Інтэрнэту для забаўляльных мэтаў».
Дадатковыя вынікі дасьледаваньня: Беларускія студэнты думаюць пра каханьне, а расейскія — пра самарэалізацыю
Поп і рок на ўсе часы: менавіта гэтыя стылі застаюцца папулярнымі сярод студэнтаў. А вось шансон асабліва "каціць" у Казахстане. У ж Польшчы пра яго зусім ня чулі :)
Цікава, што сярод маладых людзей Украіны і Расеі Інтэрнэт больш папулярны як спосаб зносін у чатах, на форумах і ў сацыяльных сетках (гэтак да 70% расейскіх студэнтаў штодзень сядзяць у сацсетках), чым сярод польскіх і казахскіх студэнтаў.
Польскія ж студэнты найперш правяраюць за кампутарам імэйл, чытаюць навіны і вучацца. Яны ж самыя актыўныя ў слуханьні музыкі і наведваньні
«А вось да такога мастацтва як тэатар у моладзі стаўленьне вельмі прахалоднае, — сумуюць сацыёлягі, — пятая частка рэспандэнтаў не наведвае яго зусім, астатнія — даволі рэдка, некалькі разоў у паўгода (Украіна, Казахстан) або раз у некалькі гадоў (Расея, Польшча)».
Амаль кожны другі польскі студэнт набывае нешта ў Сеціве. Чаго ня скажаш аб нашых суседзях па мытным зьвязе
Дасьледаваньне «Студэнты — вобраз будучыні» праводзілася Інстытутам Гаршэніна з кастрычніка 2010 г. па сакавік 2011 г. Агулам апыталі 5155 студэнтаў у 22 вышэйшых навучальных установах чатырох краін.