Беларускія студэнты думаюць пра каханьне, а расейскія — пра самарэалізацыю

Вынікі дасьледаваньня моладзі некалькіх краін «Студэнты — вобраз будучыні» абвясьціў украінскі Інстытут Гаршэніна. Паводле яго беларускія студэнты ў сваіх каштоўнасьцях бліжэйшыя да польскіх, чым да ўкраінскіх, расейскіх, а тым больш казахскіх аднагодкаў.

Дасьледаваньне «Студэнты — вобраз будучыні» праводзілася ва Ўкраіне, Расеі, Польшчы і Казахстане. Сярод іншага сацыёлягі пыталі ў студэнтаў пра тое, што для іх посьпех. Высьветлілася, што значная частка маладых людзей ва ўсіх чатырох краінах робіць стаўку на самарэалізацыю, кар’еру і матэрыяльнае дабрабыт.


Пры гэтым найбольш імкнуцца да самарэалізацыі ўкраінскія студэнты (70,2%). А вось матэрыяльнае дабрабыт у некалькі большай ступені важны для расейцаў і казахаў, чым для ўкраінцаў і палякаў. Калі да адбудовы кар’еры імкнуцца толькі 51,5% украінцаў, то ў расейцаў гэта каштоўнасьць займае першае месца ў большай часткі моладзі (60,0%). Але болей за ўсё турбуюцца за кар’еру ўжо са студэнцкай лаўкі казахі (72,1%).

Каханьне і сяброўства зьяўляюцца сынонімам посьпеху для большай часткі польскіх студэнтаў. У гэтым польскія студэнты бліжэй за ўсё да беларускіх. Паводле вынікаў сацыялягічнага дасьледаваньня Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS), галоўнай каштоўнасьцю беларускіх студэнтаў зьяўляецца сям’я, каханьне і магчымасьць «быць самім сабой».


Каштоўнасьці беларускіх студэнтаў паводле дасьледаваньня BISS

Сацыёлягі кажуць, што «беларуская моладзь болей арыентаваная на постматэрыялістычныя каштоўнасьці, чым старэйшыя». Цікава, што «грамадзкае прызнаньне» і «веданьне сэнсу жыцьця» зьяўляюцца найменш істотнымі мэтамі для беларускіх студэнтаў.

Каля траціны апытаных украінскіх, польскіх і расейскіх студэнтаў атаясамліваюць з паняцьцем «посьпех» ўдалы шлюб, незалежнасьць і свабоду, а таксама стабільнасьць.

Таксама сацыёлягі адзначаюць высокі «адукацыйны патрыятызм» палякаў — менавіта яны болей за іншых хацелі б і надалей вучыцца ва ўласнай краіне. А зьехаць дзеля навучаньня за мяжу болей за ўсё хочуць украінцы: самая папулярная замежная краіна для навучаньня ў нашых суседзяў Вялікабрытанія, а таксама ЗША, Нямеччына і Францыя.

Міжнароднае сацыялягічнае дасьледаваньне «Студэнты — вобраз будучыні» праводзілася Інстытутам Гаршэніна з кастрычніка 2010 года па сакавік 2011 года. Агулам было апытана 5 тыс. 155 студэнтаў у 22-х вышэйшых навучальных установах чатырох краін.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0585 seconds.