Новыя кошты на навучаньне абвесьцяць за 2 дні да сканчэньня ўступнай кампаніі
Цэны на платнае навучаньне ў беларускіх ВНУ будуць апублікаваныя 2 жніўня. А 4 жніўня скончыцца набор на платныя аддзяленьні ВНУ. Чакаецца, што студэнтам прыйдзецца плаціць на 20% болей.
Як паведамляе БелТА, новыя кошты за навучаньне ВНУ абавязаныя былі ўзгадніць зь Міністэрствам адукацыі. Яно ж паабяцала, што кошты вырастуць «ня болей, чым на 20%».
Між тым, ужо вядомыя кошты на навучаньне ў некаторых унівэрсытэтах: БНТУ падвысіць кошты на 18%, БДУ — на 11%, а самая дарагая навучальная ўстанова краіны БДМУ — каля 7%.
Апошняе падвышэньне коштаў на навучаньне адбылося ў разгар зімовай сэсіі 2011 году. Тады студэнты даведаліся, што за навучаньне прыйдзецца выкладваць на 20–25% болей, чым раней. У БДУ кошты паднялі на 26%, у БДУІР — на 20%.
З улікам абвешчанага росту на 20% Беларусь замацоўвае абсалютнае лідэрства ў Эўропе па росьце коштаў на навучаньне за год. Дадзеныя Белстат
Прыватныя ВНУ узьнялі кошты больш значна. Напрыклад, Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносінаў падымае аплату адразу на 44%, Беларускі інстытут правазнаўства — на 17%, а ў інстытуце кіраваньня рэкордны рост болей за 50% з пачатку 2010 навучальнага года.
За апошні год кошты на беларускую адукацыю ў сярэднім узьняліся на 35%. Гэта рэкордная лічба для ўсёй Эўропы, улічваючы, што ва многіх краінах у час крызысу адукацыйныя кошты ня толькі не павялічыліся, а наадварот, упалі.
Цяперашні рост цэнаў унівэрсытэты тлумачаць ростам заробкаў выкладчыкаў, коштаў камунальных і транспартных паслугаў, іншых выдаткаў.