У прыватных ВНУ аплата за навучаньне вырасла амаль у два разы

Беларускія ВНУ пачалі абвяшчаць новыя кошты за навучаньне. Найбольш значна яны вырастуць у прыватных інстытутах. У некаторых ВНУ студэнты будуць вымушаныя плаціць у два разы болей, чым у мінулым годзе.

Паводле апошніх заяваў прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, аплата за навучаньне будзе падвышаная ва ўсіх унівэрсытэтах краіны. У дзяржаўных «ня болей, чым на 20%», у прыватных — як ВНУ самі вырашаць. І пакуль дзяржаўныя ВНУ узгадняюць кошты ва ўрадзе, прыватныя ўжо апублікаваалі новыя расцэнкі.

Падвышэньне коштаў у прыватных навучальных ўстановах можна назваць касьмічным. Гэтак, Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносінаў падымае аплату адразу на 44%. Напрыклад, яшчэ ўвесну гэтага году кошт навучаньня па спэцыяльнасьці правазнаўства дзённага аддзяленьня быў роўны 4.034 мільёны, то цяпер за год навучаньня трэба плаціць 5.776 мільёны.

Дадатковую пікантнасьць гэткаму росту надае статус МІПСА — гэта ВНУ Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Яшчэ некалькі тыдняў таму Фэдэрацыя сама настойліва патрабавала ад Міністэрства адукацыі спыніць рост коштаў.

Зрэшты, Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносінаў, у адрозьненьні ад іншых беларускіх ВНУ, не падняў кошты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Цяпер, мабыць, прыйшла пара студэнтам расплочвацца.


Новыя кошты за навучаньне ў Беларускім інстытуце правазнаўства

У інстытуце кіраваньня — рост болей за 50%

А вось у недзяржаўным Беларускім інстытуце правазнаўства кошты ўвосень ужо ўздымаліся, таму з наступнага навучальнага году студэнты будуць плаціць прыкладна на 17% болей.

Гэтак, за навучаньне на спэцыяльнасьці «Міжнароднае права» другакурсьнікам замест ранейшых 4 984 тысячаў рублёў прыйдзецца выкласьці 5 946 за год навучаньня. Зрэшты, калі пералічыць у валюту, то атрымаецца, быццам плата за адукацыю нават зьнізілася — прыкладна на $500.

У Менскім інстытуце кіраваньня пакуль не абвясьцілі аб новых коштах за цэлы год навучаньня, але чвэрць аплаты, якую неабходна ўнесьці да 25 ліпеня, складае максыму 1 875 тысячаў рублёў. Атрымліваецца, што калі такія ж прапорцыі захаваюцца на працягу ўсяго навучальнага году, студэнтам МІК прыйдзецца выкласьці каля 7.5 мільёны.

У параўнаньні з 2010 годам у Менскім інстытуце кіраваньня кошты вырасьлі болей чым на 50%. Гледзячы па ўсім, гэта рэкордныя лічбы для беларускіх ВНУ.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0571 seconds.