Афіцыйныя прафсаюзы непакояцца, што студэнтам ня будзе чаго есьці і дзе жыць

На паседжаньні праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі была агучаная прапанова вярнуць студэнтам льготны праезд у транспарце, не падвышаць кошты на навучаньне і адмяніць падаткі для ўладальнікаў кватэраў, што здымаюць студэнты.

Як перадае БелаПАН, на пашыраным пасяджэньні прэзыдыюму ФПБ у Менску старшыня Беларускага прафэсійнага саюзу працаўнікоў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка прапанаваў вызваліць людзей, якія здаюць жыльлё студэнтам, ад выплаты падатку на прыбытак. Гэткім чынам, на яго думку, можна зьменшыць кошт здымнага жытла.

Па словах афіцыйнага прафсаюзнага чыноўніка, толькі 40–70% студэнтаў забясьпечаныя інтэрнатамі, у той час як «два карпусы студэнцкай вёскі праблему ня вырашаць». Раней тое, што праз «студэнцкую вёску» праблему жытла для студэнтаў ня вырашыш, прызналі ўлады Менску.

Таксама Бойка заявіў, што неабходна вярнуць 50% льготы на праезд у транспарце для студэнтаў, хаця б да канца году. Па яго словах, беларускія студэнты маюць праблемы з набыцьцём ежы і канцылярскіх паслугаў.

Як піша «Народная газета», старшыня ФПБ Леанід Козік заявіў, што Мінадукацыі «мусіць зрабіць усё магчымае, каб не адбылося істотнага павелічэньня расцэнак на платнае навучаньне». Цікава, што амаль адначасова са словамі Козіка прагучала заява міністра адукацыі Маскевіча аб тым, што кошты на навучаньне будуць паднятыя ўжо ў канцы ліпеня ў сярэднім на 20%.

ФПБ абяцае, што заявы, якія гучалі на паседжаньні ФПБ, будуць перапісаныя ў больш жорсткай форме і стануць асновай звароту, які фэдэрацыя перадасьць ураду. Падобныя заклікі на афіцыйным узроўні гучаць, бадай, упершыню за доўгія гады, аднак папярэднія патрабаваньні ФПБ аб падвышэньні заробкаў і выпраўленьні курсу валюты ва ўрадзе, гледзячы па ўсім, не пачулі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0733 seconds.