Рэктар БДУ: 2% выпускнікоў разьмеркаваць не атрымалася

Па словах Сяргея Абламейкі, у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце прыкладна 30 чалавек усё ж пазьбеглі прымусовага разьмеркаваньня. Гэта меней, чым у мінулым годзе. Рэктар прызнае, што студэнты разьмеркаваньнем незадаволеныя, аднак лічыць гэта неістотным, бо «незадаволеныя ёсьць заўжды».

У сваім чарговым звароце празь відэаблог рэктар БДУ Сяргей Абламейка распавёў аб выніках прымусовага разьмеркаваньня студэнтаў-бясплатнікаў, што сёлета атрымалі дыплёмы.

Паводле словаў рэктара 95% усіх выпускнікоў-бюджэтнікаў паедуць па разьмеркаваньні, 3% — льготнікі, якіх разьмеркавалі «да сваіх мужаў і жонак», а вось 2% разьмеркаваць не атрымалася.

Значыць, з 1.5 тысячы выпускнікоў-бясплатнікаў прыкладна 30 студэнтаў разьмеркаваньня ўсё ж пазьбеглі. Верагодна, найперш, праз недахоп месцаў на прадпрыемствах. Звычайна найбольшыя праблемы ў БДУ з разьмеркаваньнем выпускнікоў эканамічнага, юрыдычнага і іншых гуманітарных факультэтаў.

«Наколькі я ведаю, на факультэтах было мала незадаволеных тым, што ім [студэнтам] прапаноўвалі. Ну зразумела, незадаволеная заўжды ёсьць», — адмахнуўся ад нязгоды студэнтаў з прымусовым разьмеркаваньнем рэктар БДУ.

«Асабліва прыемна, што студэнты-платнікі зьвярнуліся да нас, каб атрымаць дапамогу, і мы каля 5% [каля 80 чалавек] платнікам далі магчымасьць атрымаць першае месца працы». Па словах рэктара, гэта болей, чым у мінулым годзе. Дарэчы, заявак на спэцыялістаў у параўнаньні з крызысным 2010 годам, калі многія прадпрыемствы ўвогуле адмаўляліся ад прыехаўшых да іх выпускнікоў, стала болей.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0603 seconds.