Кошты на навучаньне падвысяць ужо ў жніўні

Пра рост коштаў на навучаньне ў ВНУ «у межах 20%» заявіў міністар адукацыі Сяргей Маскевіч. Па яго словах, па ініцыятыве Мінадукцыі ўнівэрсытэты ўжо рыхтуюць прапановы па новых коштах.


У новым навучальным годзе за адукацыю студэнтам прыйдзецца плаціць болей

Як заявіў міністар адукацыі Сяргей Маскевіч у інтэрвію Народнай газэце, студэнтам-платнікам варта рыхтавацца да чарговага падвышэньня коштаў на навучаньне:

«Зараз у ВНУ дзейнічаюць цэны мінулага году. У пачатку жніўня, калі пачнецца залічэньне на платную форму, адначасова ва ўсіх ВНУ будзе аб’яўлены кошт навучаньня. Працэдура вызначэньня кошту добра вядомая: у адпаведнасьці з выдаткамі навучальнай установы, прычым асноўная ўдзельная вага гэтых затрат складае зарплата выкладчыкаў. Так што ў розных ВНУ цэны могуць зьмяніцца па-рознаму, але ў межах 20%».

Па словах Сяргея Маскевіча, у дадзены момант вышэйшыя навучальныя ўстановы па прапанове Міністэрства адукацыі праводзяць аптымізацыю выдаткаў.

Апошняе падвышэньне коштаў на навучаньне адбылося ў беларускіх ВНУ у разгар зімовай сэсіі 2011 году амаль адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Тады студэнты даведаліся, што цяпер за навучаньне прыйдзецца выкладваць на 20–25% болей, чым раней. У БДУ кошты паднялі на 26%, у БДУІР — на 20%. Зрэшты, пасьля дэвальвацыі кошты ў пераводзе на валюту значна зьнізіліся: навучаньне на адной з самых дарагіх беларускіх спэцыяльнасьцей юрыспрудэнцыі ў БДУ цяпер каштуе каля $1000 па курсе чорнага рынку.

Беларускі ўрад нядаўна прапанаваў дазволіць плаціць за беларускую адукацыю валютай. Верагодна, далярамі альбо ў эўра за навучаньне будуць плаціць найперш замежныя студэнты, але, магчыма, і беларускія. Канчатковае рашэньне па гэтым пытаньні стане вядомым на гэтым тыдні.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1028 seconds.