Конкурс постэраў сярод маладых беларускіх рэклямістаў на тэму сіроцтва

У межах Другога Фэстывалю беларускамоўнай рэклямы і камунікацыі AD.NAK! зь ініцыятывы культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», асноўнага арганізатара мерапрыемства, абвешчаны крэатыўны конкурс маладых рэклямістаў. Гэты конкурс ладзіцца супольна зь «Беларускім фондам SOS-Дзіцячая вёска». Удзельнікам конкурсу неабходна стварыць дызайн постэра альбо сэрыі постэраў на тэму сіроцтва па адным з прапанаваных арганізатарамі заданьняў.

У Беларусі сёньня жыве каля 1,8 млн. няпоўнагадовых дзяцей, зь іх прыблізна 30 тыс. — дзеці-сіроты і дзеці, што засталіся без бацькоўскага дагляду. Яшчэ 19,5 тыс. сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы. Менавіта такім катэгорыям нашага грамадзтва імкнецца дапамагчы грамадзкая арганізацыя «Беларускі фонд SOS-Дзіцячая вёска». Сёньня арганізацыя мае патрэбу ў распрацоўцы новых канцэпцыяў і крэатыўных ідэяў для прыцягненьня фінансавых рэсурсаў, якія маглі б дапамагчы далейшай рэалізацыі падобных праектаў.

І менавіта таму фонд зьвяртаецца па дапамогу да крэатыўнай і неабыякавай моладзі.

Удзельнікі конкурсу павінны распрацаваць крэатыўную ідэю і зьдзейсьніць яе ў межах такога рэклямнага фармату, як постэр альбо сэрыя постэраў фармату А3. Галоўная задача конкурсных работаў заключаецца ў прыцягненьні ўвагі прадстаўнікоў беларускай бізнес-супольнасьці да сацыяльных пытаньняў сіроцтва і праблемных сем’яў. Работы павінны заахвоціць бізнэс не заставацца абыякавым і дапамагаць у рэалізацыі праектаў ГА «Беларускі фонд SOS-Дзіцячая вёска».

У конкурсе могуць удзельнічаць як асобныя маладыя аўтары, так і творчыя групы ў складзе ня больш за два чалавекі. Узрост удзельнікаў не павінен перавышаць 28 гадоў. Кожнаму канкурсанту прапануецца рашэньне аднаго з двух кейсаў (на выбар). Рашэньне ўсіх двух кейсаў будзе толькі вітацца (заданьне 1, заданьне 2).

Кожны ўдзельнік конкурсу мусіць зарэгістравацца на сайце ў якасьці ўдзельніка Фэстывалю і запампаваць сваю работу ў разьдзеле «Падаць работу». Работа павінна быць дасланая ў дзьвюх вэрсіях:

  • Прынт-вэрсія постэра/сэрыі постераў формату A3, jpg, 300 dpi, CMYK
  • Web-вэрсія постэра/сэрыі постэраў, jpg, 72 dpi, RGB, не больш за 800 піксэляў па найбольш доўгім баку.

Абедзьве вэрсіі маюць быць запампаванымі на сайт адным архіўным файлам.

Конкурсныя работы прымаюцца Аргкамітэтам да 6 чэрвеня 2011 года. Дасланыя работы будуць ацэньвацца кампэтэнтным журы. У яго ўвойдуць вядучыя беларускія дызайнэры і рэклямісты, а таксама прадстаўнікі грамадзкай арганізацыі «Беларускі фонд SOS-Дзіцячая вёска».

Цырымонія ўзнагароджаньня пераможцаў пройдзе 23 чэрвеня падчас Асноўнага фэстывальнага дня конкурсу беларускамоўнай рэкламы «AD.NAK». Яны атрымаюць каштоўныя прызы ад аргкамітэту фэстывалю і партнэра конкурсу — Цэнтру сыстэмных бізнэс-тэхналёгіяў SATIO, істотнай часткай дзейнасьці якога зьяўляецца падтрымка розных сацыяльных і дабрачынных праграмаў. Постэры, створаныя ўдзельнікамі, у будучым будуць выкарыстаныя ў дзейнасьці, накіраванай на барацьбу з сацыяльным сіроцтвам у Беларусі.

12:30, 05/05/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0819 seconds.