Лепшыя ўзнагароды ад экспэртаў падзялілі няісныя «Дзецідзяцей» ды містычная Hvarna

Сёньня прайшла цырымонія абвешчаньня лепшых музычных альбомаў 2010 году па вэрсіі Experty.by. Прэмія трымала інтрыгу да апошняга. І так, «лепшы альбом» і яшчэ тры ўзнагароды атрымалі «Дзецідзяцей», для якіх імпрэза сталася ў тым ліку нагодай сустрэцца пасьля раставаньня. Яшчэ тры перамогі ў альбому «экспартнай» Hvarna, а лепшы дэбютнік — у рэпэраў Pananieba.


Узнагароды Experty.by прайшлі традыцыйна без залішняга глямуру, каронаў ды канцэрту для гледачоў. У закрытым фармаце, аднак з адкрытай сыстэмай падліку галасоў аўтарытэтных беларускіх ды замежных музычных экспэртаў.



Пераможцы ў намінацыях

  • Лепшы дэбютны альбом — Pananieba «На балоце»
  • Лепшы фолк-альбом — Hvarna «Кола вяртаньня»
  • Лепшы рок-альбом — Дзецідзяцей «Рух»
  • Лепшы беларускамоўны альбом — Дзецідзяцей «Рух»
  • Лепшы рэкард-лэйбл — West Records
  • Прыз народных экспэртаў — Hvarna «Кола вяртаньня»
  • Прыз замежных экспэртаў — Hvarna «Кола вяртаньня»
  • Прыз вялікага журы — Дзецідзяцей «Рух»
  • Лепшы альбом — Дзецідзяцей «Рух»



Альбом «Афтары правды» Neuro Dubel, які разам з «Рухам» Дзецідзяцей быў у фаварытах на лепшы альбом, па выніку заняў другое месца ў гэтай і яшчэ ў двух намінацыях.

Варта таксама адзначыць гурт Mox з альбомам «Миллиард желтых птиц», які двойчы фігуруе на другім месцы — па вэрсіі зарэгістраваных карыстальнікаў сайту і замежных экспэртаў. У абедзьвюх намінацыях перамога за Hvarna.

Беларускімі і замежнымі музычнымі экспэртамі было разгледжана 44 новых альбомы музычных выканаўцаў, выдадзеных цягам 2010 году. Хоць сёлета агульная колькасьць альбомаў меншая за папярэднія гады (ў 2009 — 61), аднак упершыню колькасьць беларускамоўных альбомаў перавысіла колькасьць расейскамоўных, няхай толькі на адзін. Таксама захоўваецца тэндэнцыя да росту долі альбомаў, што выкладаюцца ў Сеціва без выданьня на CD альбо разам зь ім — такіх атрымалася 10.

Музычныя ўзнагароды аднайменнага сайту Experty.by, заснаванага чатырма экспэртамі, ладзяцца ўжо трэці год. Па выніках 2008 году першыя пазыцыі падзялілі альбомы «Сон-трава» Троіцы і «Маніфэст» Ляпіса Трубяцкога, а ў мінулым годзе фаварытам стаў The Toobes з чатырма перамогамі за альбом Hello.

Як прайшла сёньня цырымонія Experty.by глядзіце ў нашым вялікім фотарэпартажы

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0963 seconds.