Эксперты: лепшы беларускі альбом 2015 запісала Shuma (фотарэпартаж)

16 сакавіка ў TNT Rock Club адбылася восьмая цырымонія ўручэння музычных узнагарод Experty.by лепшым беларускім альбомам па галасах беларускіх і замежных музычных журналістаў. 5 узнагарод, у тым ліку галоўную – «Альбом года», атрымаў дыск гурта Shuma «Жніво», якая ў сваёй творчасці спалучае беларускія народныя песні і электроніку.

На рахунку Shuma таксама узнагароды ў намінацыях «Лепшы фолк-альбом», «Лепшы беларускамоўны альбом», «Прыз вялікага журы» (15 беларускіх журналістаў), «Прыз замежных экспертаў» (5 журналістаў з краін, з якімі мяжуе Беларусь). Істотным дадаткам да «Альбома года» стаў галоўны прыз цырымоніі – рэкламна-інфармацыйная падтрымка сольнага канцэрта ад інтэрнэт-аператара «Атлант Тэлекам».

– Мы запісвалі гэты дыск каля трох год, уклалі ў яго шмат сіл, сродкаў, часу і эмоцый. Таму для нас гэта вельмі прыемная навіна і вельмі своечасовы прыз. Напрыканцы красавіка ў Мінску плануем прэзентацыю новага альбома «Сонца». Абяцаем паведаміць падрабязнасці ў хуткім часе, – адзначыла вакалістка гурта Руся.

Тры ўзнагароды атрымаў рок-гурт Re1ikt за дыск «Лекавыя травы»: «Лепшы рок-альбом», «Прыз штатных экспертаў» і «Прыз народных экспертаў» (актыўныя карыстальнікі сайта). Па адной узнагародзе ў гуртоў «Серебряная свадьба» («Лепшы індзі-поп/электронны альбом» за «Музыка – всё!») і NABR з Брэста («Лепшы дэбютны альбом» за «Наша автономная боевая ракета»). Намінацыя «Лепшы поп-альбом» у гэтым годзе адсутнічала – па меркаванні сябраў журы вартых узнагароды альбомаў у гэтым стылі ў 2015 годзе не было.

– Адной з яскравых і прыемных тэндэнцый гэтага года стала багацце якасных беларускамоўных альбомаў. Менавіта на беларускай спяваюць ўсе прэтэндэнты на «Альбом года», яны ж склалі палову з 12 намінантаў, – адзначыў кіраўнік праекта Experty.by Зміцер Безкаравайны.

Узнагароды Experty.by уручаюць з 2008 года. У розны час сярод пераможцаў былі Port Mone, Pukstband, «Троіца», Зміцер Вайцюшкевіч, «Ляпис Трубецкой» і іншыя. Цалкам вынікі ўзнагарод з магчымасцю праслухоўвання ўсіх альбомаў на сайте Experty.by.
 


14:00, 17.03.2016 | Рэпартажы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0694 seconds.