Што прапануе Эўропа беларускім студэнтам?

Дэбаты ў Эўрапейскім парлямэнце паказалі, што ЭЗ будзе ўзьдзейнічаць на сытуацыю ў Беларусі ня толькі праз санкцыі, але цераз падтрымку грамадзянскай супольнасьці і адукацыйных праграм для маладых беларусаў. У першую чаргу падтрымку атрымаюць ЭГУ, адлічаныя студэнты. Ёсьць таксама ідэя стварэньня адмысловай праграмы абмену для беларусаў.


Photo AFP

У рэзалюцыі Эўрапарлямэнту па сытуацыі ў Беларусі ёсьць цэлы разьдзел, у якім гаворыцца пра пашырэньне адукацыйных магчымасьцяў для беларусаў.

У ім эўрапарлямэнтарыі заклікаюць кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу «працягваць і павялічваць фінансавую дапамогу ЕГУ», а таксама «павялічыць колькасьць стыпэндыяў для беларускіх студэнтаў, рэпрэсаваных за іх грамадзянскую актыўнасьць і выключаных з унівэрсытэтаў».

Акрамя ідэі ўзмацненьня фінансавай падтрымкі ЭГУ і праграм для адлічаных з унівэрсытэтаў, на дэбатах у парлямэнце ЭЗ прагучала прапанова праграмы абмену для «падтрымкі для маладой эліты»:

«Я хацеў бы прапанаваць адмысловую праграму Erasmus толькі для студэнтаў зь Беларусі. Я ведаю, што мы маем вольныя сродкі, і таму стварэньне такой праграмы не запатрабуе вялікіх намаганьняў. Яна можа мець вялікі доўгатэрміновы эфэкт для стварэньня новай дэмакратычнай супольнасьці», — заявіў у час дэбатаў польскі дэпутат Piotr Borys.

Зрэшты, ідэя пашырэньня праграмы абмену паміж унівэрсытэтамі Erasmus Mundus, у якой і зараз могуць удзельнічаць беларускія студэнты, праўда, зусім невялікая колькасьць з-за абмежаванага фінансаваньня, не была адлюстраваная ў выніковай дэклярацыі парлямэнту. Як і канкрэтны пералік групаў беларусаў, для якіх сьпікер парлямэнту Ежы Бузэк пасьлядоўна прапануе поўнасьцю скасаваць плату за Шэнген. Гэта студэнты, культурныя дзеячы і спартоўцы.

Застаецца спадзявацца, што дэпутаты здолеюць ператварыць высунутыя імі ідэі ў жыцьцё.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0686 seconds.