N.R.M. без Лявона Вольскага?

Новы музычны сэзон году 2011 пачаўся з навіны пра вяртаньне N.R.M., аднак без Лявона Вольскага. Па словах Піта Паўлава, гурт рыхтуецца да выступа на бліжэйшай «Рок-каранацыі», а таксама адрадзіў рэпэтыцыі і пачаў запіс новага альбому без лідэра, які «сыйшоў у адпачынак». Для Лявона такі паварот стаў нечаканым. Сваё тлумачэньне абсурдовае падзеі музыка зрабіў у сацыяльных сетках лістом «Безь мяне».

N.R.M.
Музыкі N.R.M. са сваімі дзецьмі ў часе запісу песьні «Мама, тата, гэта я» для тэле-шоў «Сьнежны завулак 8» напрыканцы 2007 году. Аўтар фота Юра Сідун.

«Лявон, як ён шматразова казаў, узяў творчую паўзу і пайшоў у творчы неаплочваемы адпачынак, — распавёў сваё бачаньне сытуацыі ў размове з Эўрарадыё Піт Паўлаў. — Лявону немагчыма нічога было сказаць. Цягам года ён пазьбягаў кантактаў з гуртом у прынцыпе, не хадзіў на рэпэтыцыі, адмаўляў усе канцэрты, якія прапаноўвалі гурту. А гурт не прызвычаены сядзець без рэпэтыцыяў і без канцэртаў».

Так, па словах Паўлава, астатнія ўдзельнікі гурта прынялі запрашэньне выступіць на «Рок-каранацыі» без Вольскага, бо права выступаць пад назвай N.R.M. маюць усе ўдзельнікі гурта. Музыка дадаў, што нават калі Лявон Вольскі вырашыць канчаткова сысьці з калектыву, ён працягне сваё існаваньне.

Лявон Вольскі выбачыўся перад прыхільнікамі праз Facebook і Livejournal за тое, што такая падзея адбылася і назваў яе «абсурдовай»:

«Цяжка з прэсы даведвацца пра тое, што я знаходжуся ў бестэрміновым адпачынку, куды мяне адправілі калегі па гурту. […] Безумоўна, для ўсяго гэтага былі нейкія перадумовы, але папярэдне не патэлефанаваць і не параіцца — гэта неяк зусім не па-чалавечы».

Па словах Піта Паўлава на бліжэйшай «Рок-каранацыі» N.R.M. выступіць з новымі песьнямі, у працы над якімі задзейнічаныя сталыя «энэрэмаўцы», а таксама Глеб Галушка. Сьпяваць музыкі плянуюць усе ўтрох — «без яўнага фронтмэну».

Выступ N.R.M. без Лявона Вольскага заплянаваны ў часе цырымоніі «Рок-Каранацыя-2010» 18 лютага 2011 году. Лявон выступіць перад публікай на сваім творчым вечары ў «Графіці» 31 студзеня і 1 лютага.

Прыхільнікі N.R.M. знаходзяцца ў роспачы, аднак спадзяюцца на паразуменьне ў гурце.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0857 seconds.