ЭГУ гатовы дапамагчы адлічаным студэнтам, а Захад — ЭГУ

Эўрапейскаму гуманітарнаму ўнівэрсытэту ўжо абяцаная дадатковая фінансавая падтрымка заходніх донараў у сувязі зь беларускімі пасьлявыбарчымі пратэстамі. ЭГУ у сваю чаргу заявіў аб гатоўнасьці прыняць адлічаных зь беларускіх ВНУ студэнтаў. Агульная іх колькасьць, па дадзеных унівэрсытэту, можа дасягаць 200 чалавек.

У заяве, прысьвечанай беларускім падзеям, міністар замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс адзначыў:

«У цяперашні час па нашай ініцыятыве адбываецца перапіска з Эўрапейскай камісіяй наконт далейшай падтрымкі ўнівэрсытэту [ЭГУ], і я ўпэўнены, што пасьля нядаўніх падзей у Беларусі колькасьць міжнародных донараў павялічыцца», — перадае словы міністра Delfi.lt.


Сустрэча прадстаўнікоў Рады міністраў Паўночных краін, аднаго з буйнейшых донараў ЭГУ, і студэнтаў унівэрсытэту

Таксама міністар замежных спраў падкрэсьліў, што ЭГУ і яго студэнты «вельмі важныя для нас. Літва падтрымлівала і будзе падтрымліваць унівэрсытэт».

Пасьля таго, як у лік арыштаваных у час беларускіх выбарчых баталій трапілі 11 студэнтаў ЭГУ, а агульная колькасьць затрыманых студэнтаў дасягнула 90 чалавек, беларускі ўнівэрсытэт, які існуе ў выгнаньні ў Вільні, заняў даволі рэзкую пазыцыю ў дачыненьні беларускага ўраду. Так, рэктар унівэрсытэту Анатоль Міхайлаў заклікаў да ўвядзеньня санкцый супраць ураду.

Таксама ўнівэрсытэт выступіў з заявай, у якой выразіў гатоўнасьць «прыняць на ўсе існуючыя праграмы беларускіх студэнтаў, выключаных з вышэйшых навучальных установаў пасьля гвалтоўнага падаўленьня пратэстаў, якія адбыліся ўсьлед за прэзыдэнцкімі выбарамі 19–20 сьнежня 2010 г. у Беларусі».

Па дадзеных Студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ, у выніку пратэстаў у Беларусі арыштавана болей за 200 студэнтаў. У тым ліку, была затрыманая адна грамадзянка Літвы, што навучаецца ў БДПУ.

Працягнуць адукацыю беларускія студэнты, адлічаныя па палітычных матывах, змогуць таксама і ў іншых краінах. Так, Польшча першая адгукнулася на падзеі ў Беларусі і заявіла аб гатоўнасьці прыняць на навучаньне сотні беларускіх студэнтаў. Таксама камітэт дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасьць» заявіў пра працяг вядомай праграмы імя Каліноўскага.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0589 seconds.