Польская салідарнасьць: бясплатныя візы і навучаньне

Больш за 50 польскіх унівэрсытэтаў гатовыя прыняць на навучаньне сотні беларускіх студэнтаў. На працу ў ВНУ гэтай краіны могуць адправіцца таксама рэпрэсаваныя выкладчыкі і навуковыя супрацоўнікі зь Беларусі. Таксама Польшча абвясьціла аб скасаваньні аплаты за нацыянальныя візы для беларусаў.

Міністар вышэйшай адукацыі Польшчы Барбара Кудрыцка заявіла сёньня, што каля 50 польскіх унівэрсытэтаў гатовыя прыняць беларускіх студэнтаў у выпадку іх выключэньня за ўдзел у акцыях пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Кудрыцка адзначыла, што падобная сытуацыя ўжо ўзьнікала ў 2006 годзе, калі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 244 студэнты былі вымушаныя паехаць у Польшчу для працягу вучобы. Гэтым разам, паводле ацэнак Кудрыцкай, колькасьць беларусаў, якім спатрэбіцца працягнуць адукацыю за мяжой, можа быць вышэйшай.

Таксама міністар адзначыла, што акрамя студэнтаў, польскія ўнівэрсытэты гатовыя прыняць некаторую колькасьць выкладчыкаў і навуковых супрацоўнікаў зь Беларусі.

Нагадаем, што ужо на трэці дзень пасьля разгону дэманстрацыі 19 сьнежня спадарыня Кудрыцка заявіла, што беларускім студэнтам, «выключаным зь беларускіх навучальных установаў за ўдзел у маніфэстацыях супраць існуючага рэжыму», дадуць магчымасьць давучыцца ў Польшчы. Такім чынам будзе працягнутая праграма імя Каліноўскага. Зараз у праграме ўдзельнічае каля 250 чалавек.

Сярод затрыманых 19 сьнежня мінімум 90 студэнтаў.

Бясплатныя візы для тых, хто мае запрашэньне

З 1 студзеня 2011 года Польшча вырашыла скасаваць аплату за нацыянальныя візы для грамадзянаў Беларусі. Цяпер беларусам ня прыйдзецца плацяць за гэты від візаў 20 эўра.

Аднак, па словах прэс-сакратара польскага МЗС Марціна Басацкага, запрашэньні для беларусаў пакуль ніхто не адмяняў:

«Калі польскі консул вырашыць, што грамадзянін Беларусі зможа выехаць у Польшчу, ён ня будзе прымушаны нічога плаціць», — заявіў прэс-сакратар. Паводле яго словаў, польскія кансуляты выдавалі беларусам каля 50 тысячаў такіх візаў штогод. — «Цяпер іх напэўна будзе на многа больш», — дадаў ён.

Міністэрства замежных спраў Польшчы падкрэсьліла, што гэта «жэст салідарнасьці й павагі да беларускага народу, які падчас выбараў 19-га студзеня даў сыгнал падтрымкі дэмакратычных рухаў. […] Мы хочам дапамагчы нашым суседзям ва ўмацаваньні эўрапейскай тоеснасьці шляхам пашырэньня магчымасьці кантактаў з палякамі ды іншымі грамадзянамі Эўразьвязу»,— адзначаецца ў заяве польскага МЗС.

Стала вядома, што Польшча ўжо рыхтуе сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю гэтай краіны. У сьпіс трапяць асобы, адказныя за рэпрэсіі.

Ад пачатку 2010 году польскія кансуляты выдалі беларусам болей за 172 тысячы візаў.

Паводле матэрыялаў Польскага радыё для замежжа

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0589 seconds.