Студэнцкія льготы на праезд могуць быць вернутыя
Беларускім школьнікам і студэнтам магчыма вернуць ільготны на праезд у грамадзкім транспарце. Такая заява прагучала сёньня з вуснаў прэзыдэнта краіны.
«У апошні час усё болей падымаецца пытаньне аб ільготным праезьдзе для школьнікаў, навучэнцаў, студэнтаў», — заявіў Лукашэнка, дадаўшы, што пытаньне падымалася «даверанымі асобамі» і «парлямэнтарыямі». — «Думаю, што з гэтым трэба пагадзіцца. Таму ўраду ў тыднёвы тэрмін варта прапрацаваць гэтае пытаньне, пралічыць і ўнесьці канкрэтныя прапановы».
Па яго словах, мэр Менску Ладуцька ўжо плянуе ўвесьці ў сталіцы льготы для некаторых зь пералічаных катэгорый навучэнцаў. Імаверна, у першую чаргу льготы вернуць школьнікам — менавіта пра іх, дакладней, пра «дзяцішак» болей за ўсё казаў з нагоды льготаў прэзыдэнт.
Магілёўскія студэнты ў 2007 пратэставалі супраць адмены льготаў
Дзяржава вырашыла пазбавіць студэнтаў і школьнікаў льготаў у 2007 годзе, патлумачыўшы гэта жаданьнем зэканоміць, тым больш быццам «нідзе ў сьвеце льготнага праезду для студэнтаў няма». Студэнтам жаданьне дзяржавы не спадабалася. У Менску і Магілёве нават адбыліся студэнцкія пратэсты, якія, аднак, плёну не прынесьлі.
Яшчэ год таму Міністэрства адукацыі казала, што «вяртаць ільготы студэнтам і навучэнцам на праезд не плянуецца». Таму апошнюю заяву прэзыдэнта ў пэўным сэнсе можна назваць нечаканай. Зрэшты, перакласьці кампэнсацыю льготнага праезду Лукашэнка прапанаваў на саміх перавозчыкаў.