Дзяржава значна скарачае фінансаваньне ВНУ

Усьлед за падвышэньнем стыпэндый стала вядома аб плянах ураду па скарачэньні фінансаваньня многіх праграм ВНУ і навуковых арганізацый. Міністэрства адукацыі існаваньне такіх указаньняў прызнае, аднак сьцьвярджае, што фінансаваньне будзе скарочана нязначна.

У лісьце № 05–16/6266, разасланым Міністэрствам адукацыі з пазнакай «дужа тэрмінова» ў ВНУ і навуковыя арганізацыі, патрабуецца тэрмінова «прадставіць прапановы па скарачэньні расходаў рэспубліканскага бюджэту». Скарачэньне тлумачыцца «правядзеньнем ўдакладненьня паказчыкаў рэспубліканскага бюджэту».

Сярод іншага, ВНУ прыйдзецца адмовіцца ад некаторых навуковых дасьледаваньняў, камандзіровак, у тым ліку за мяжу, рамонту, навуковых канфэрэнцый, закупкі дадатковага абсталяваньня.

Пад лістом пастаўлены подпіс першага намесьніка міністра адукацыі А. Жука, які цяпер выконвае абавязкі спадара Радзькова, што ўдзельнічае ў прэзыдэнцкай кампаніі ў якасьці кіраўніка штаба аднаго з прэтэндэнтаў.

Дадатковую пікантнасьць падзеям надае дата ліста — 11 лістапада. Нагадаем, 12 лістапада быў падпісаны ўказ прэзыдэнта аб павелічэньні стыпэндый у 1.3 разы. У Мінадукацыі сьцьвярджаюць, што гэтыя два факты ніяк паміж сабой не зьвязаныя:

«Адно да іншага не мае ніякага дачыненьня», — цытуе Інтэрфакс-Захад неназваных «спэцыялістаў упраўленьня навукі і інавацыйнай дзейнасьці» Мінадукацыі. Па іх словах, ліст насіў службовы характар і тычыўся ўсяго толькі нязначнага скарачэньня расходаў на навуку.

Між іншым, Мінадукацыі патрабуе скараціць выдаткі па 7 пунктах. Вытрымкі зь ліста публікуе агенцыя АФН:

  • на выкананьне дзяржаўных, галіновых, рэгіянальных і навукова-тэхнічных праграм, склады працаў па якім да гэтага часу не зацьверджаны;
  • на выкананьне навуковых дасьледаваньняў у частцы набыцьця расходных матэрыялаў і канцылярскіх прыладаў, мяккага інвэнтару, ажыцьцяўленьня бягучага рамонту абсталяваньня і памяшканьняў, транспартных і камандзіровачных выдаткаў, паслуг сувязі;
  • на закупку абсталяваньня і прадметаў працяглага карыстаньня, не зьвязаных з выкананьнем у бягучым годзе навукова-дасьледчых, досьледна-канструктарскіх і досьледна-тэхналягічных працаў, а таксама абсталяваньня, не улучанага ў пералікі, узгодненыя Міністэрствам фінансаў;
  • на правядзеньне навуковых, навукова-практычных і навукова-арганізацыйных мерапрыемстваў;
  • на правядзеньне капітальнага рамонту, не ўключанага ў пералікі, узгодненыя Міністэрствам фінансаў;
  • на ажыцьцяўленьне камандзіровачных за мяжу;
  • на іншыя непершачарговыя мэты.
Паводле папярэдніх заяваў спадара Жука, у 2011 годзе Беларусь плянавала падвысіць расходы на адукацыю на 3.6 мільёны даляраў. Разам з тым, у 2009 годзе расходы на адукацыю ўпалі на 21%, дасягнуўшы ў адносінах да Валавога ўнутранага прадукту мінімуму за апошняе дзесяцігодзьдзе — 4.5% ВУП (у перадвыбарчым 2005 г. было 6.4%).

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0595 seconds.