Беларусы эмігруюць у Нямеччыну і Літву

Кожны год зь Беларусі на ПМЖ зьяжджаюць болей за 10 тысячаў чалавек, а пастаянную працу за мяжой маюць 600 тысячаў. Большасьць — у краінах СНД, але і на Захад едуць нямала. У 2008 годзе Нямеччына, Літва і Італія аказаліся самымі прывабнымі краінамі Эўрапейскага Зьвязу для беларускіх імігрантаў. З болей чым 6 тысячаў імігрантаў зь Беларусі, паўтары тысячы аселі ў Нямеччыне, і амаль па тысячы ў Літве і Італіі.


Куды эмігруюць беларусы? Дадзеныя Eurostat

Паводле дадзеных Eurostat, у 2008 годзе 6 277 беларусаў пачалі пастаянна пражываць на тэрыторыі адной з краін ЭЗ. Гэта максымальны з 2005 году ўзровень эміграцыі беларусаў у ЭЗ.

Як і ў папярэднія гады, найболей беларусаў вырашылі асесьці ў Нямеччыне. Хаця год ад году колькасьць жадаючых жыць у гэтай краіне падае (напрыклад, у 2003 годзе болей за 4 тысячы беларусаў эмігравала туды, а ў 2008 — амаль у тры разы меней).

Два зь пяці імігрантаў у Літве прыехалі зь Беларусі. У 2008 годзе ў Літве амаль 2.5 тысячы чалавек мелі статус імігранта, зь іх 987 былі беларусамі. Згодна з законам, працаўнікі з-за мяжы могуць прывезьці ў Літву свае сем’і толькі праз два гады.

Яшчэ адна папулярная краіна для эміграцыі зь Беларусі — Італія. За 2008 год наша дыяспара там павялічылася на 959 чалавек. Абсалютная большасьць (амаль кожны восьмы) — жанчыны.


За апошнія дзесяць гадоў найболей беларусаў зьехала ў ЭЗ у 2003 годзе. Эўрастат называе імігрантамі ўсіх, хто зьмяніў сваё месца жыхарства і мае дазвол жыць на новым месцы; пры гэтым большую частку часу з апошніх 12 месяцаў імігрант правёў на новым месцы жыхарства

Сярод іншых краін, якія беларусы выбіраюць для пастаяннага пражываньня, — Чэхія (саступіла другое месца па прыросту эмігрантаў) ды Польшча. Варта адзначыць, што па некаторых краінах дадзеных за 2008 год у Eurostat пакуль няма.

Дзе жывецца лепей?

Між тым лічыцца, што найбольш спрыяльныя ўмовы для імігрантаў у краінах Эўразьвязу створаныя ў Швэцыі, за ёй ідуць некаторыя краіны Заходняй Эўропы. Латвія, Кіпр, Грэцыя і Аўстрыя знаходзяцца ніжэй сярэдзіны, на самай нізкай прыступцы — Літва, Эстонія, Данія і яшчэ сем краін.

А вось адносна нелегальнай міграцыі беларусы захоўваюць законапаслухмянасьць. Найболей нелегальных эмігрантаў зь Беларусі ў мінулым годзе было знойдзена ў Швэцыі (335 чалавек) і Літве (330). Гэта зусім невялікія лічбы ў параўнаньні з Расеяй і Ўкраінай, якія ўваходзяць ў пяцёрку дзяржаў, што спраўна дастаўляюць ў ЭЗ нелегальных імігрантаў. Па статыстыцы таго ж Eurostat, у мінулым годзе былі выяўленыя 10 375 расейцаў-нелегалаў (пяты вынік пасьля Альбаніі, Марока, Турцыі і Ўкраіны).

Па выніках 2009 году Беларусь заняла першая месца ў СНД па колькасьці візаў, выдадзеных на душу насельніцтва. Аднак ўзрасла і колькасьць беларускіх грамадзян, якім было адмоўлена ва ўезьдзе ў ЭЗ. Так, польскія памежнікі разьвярнулі 4 205 беларусаў, што хацелі трапіць у ЭЗ. Яшчэ больш чым паўтысячы беларускім грамадзянам не дазволілі трапіць на тэрыторыю Эўразьвязу літоўскія памежнікі.

«Яшчэ адна краіна, дзе я не патрэбны»

Паводле сьнежаньскага апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД), 34.7% дарослых беларусаў згадзіліся б зьехаць зь Беларусі на ПМЖ пры існаваньні такой магчымасьці. Пры гэтым большасьць выбрала б Нямеччыну. Гэта невысокія вынікі, калі параўноўваць з папярэднімі апытаньнямі.

«Эканамічны крызыс, на думку большасьці рэспандэнтаў, быў ініцыяваны ў Беларусі звонку […]. Мабыць таму, пасьля сутыкненьня з фактамі затрымкі выплаты заработнай платы, у беларусаў ня узьнікла дадатковага жаданьня пакінуць родныя месцы і адправіцца шукаць шчасьце на чужыну, — адзначаюць сацыёлягі НІСЭПД. — Там зараз і сваіх клопатаў хапае. У памяці ўсплывае геніяльны радок паэта, сказаны ў свой час аб Італіі: «Яшчэ адна краіна, дзе я не патрэбны».

Аднак у першую чаргу выбіраюць эміграцыю лепш адукаваныя, маладзейшыя і менш кансэрватыўныя людзі.

Агулам, па дадзеных Дэпартамэнту па грамадзянству і міграцыі МУС Беларусі, штогод з нашай краіны на ПМЖ зьяжджаюць каля 10 тысячаў чалавек. А пастаянную працу за межамі Беларусі, паводле заяваў чыноў МУС, маюць мінімум 600 тысячаў. І, нягледзячы на гэта, афіцыйныя дадзеныя ставяць Беларусь у нехарактэрную для яе кампанію багатых краін, якія маюць станоўчае сальда па міграцыі. То бок у нашу краіну ўсё яшчэ прыяжджае болей людзей, чым зьяжджае зь яе.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0611 seconds.