Швэцыю падзялілі імігранты

На галоўнай плошчы Стакгольму дзесяць тысячаў чалавек, пераважна мясцовая моладзь, разам разьюшана скандзіруюць «Не — расістам у парлямэнце». Іх запалу мог бы пазайздросьціць любы футбольны заўзятар. Пытаньне не жартоўнае: упершыню ў парлямэнт талерантнай Швэцыі трапіла ўльтраправая партыя «Швэдзкія дэмакраты», якую называюць нэанацысцкай за яе прапановы па спыненьню наплыву імігрантаў у краіну і іх асыміляцыі.

«Гэты ранак быў вельмі сумны», — кажа студэнт юрыдычнага факультэту Дак пра пачатак дня 20 верасьня, калі ён прачнуўся пасьля ночы выбараў у парлямэнт краіны і даведаўся па радыё, што праварадыкальная партыя атрымала 20 месцаў у парлямэнце краіны. «Сорамна прадстаўляць краіну, у парлямэнце якой ёсьць такая партыя», — працягвае ён.


Дзесяцітысячная дэманстрацыя на цэнтральнай плошчы Стакгольму Сэргельсторг была арганізаваная за адзін дзень праз Facebook

Сорам за сваю краіну адчувае ня толькі Дак. «Мы прачнуліся ў новай Швэцыі», — пісалі ранішнія газэты Стакгольму пра мінімальную (5.7% — каля 300 тысячаў галасоў) перамогу партыі, якая бачыць у імігрантах пагрозу для карэнных швэдаў. Асабліва папулярныя на багатым поўдні краіны, ультраправыя знаходзяцца ў пастаянным кантакце зь ідэалягічна блізкімі правымі партыямі Даніі і Нарвэгіі. Але, калі ў гэтых краінах партыі, што выступаюць за абмежаваньне правоў імігрантаў, ужо траплялі ў мясцовыя парлямэнты, то швэдзкі Рыгстаг раней быў пазбаўлены людзей, якіх называюць нацыстамі і выступаюць за гамагеннае грамадзтва з трыюмфам швэдзкай культуры. Пры гэтым ужо амаль 14% насельніцтва Швэцыі маюць замежнае паходжаньне, і лічба гэта працягвае расьці. Як і папулярнасьць ультраправых.

Facebook на абароне дэмакратыі

«Я не разумею, супраць каго яны пратэстуюць», — кажа пра моладзь на стакгольмскай плошчы Аманда Лёўквіст, якая зьяўляецца сябрам партыі, што ўваходзіць у правацэнтрысцкую кааліцыю, і працуе ў камітэце па культуры сталічнага парлямэнту. Яна глядзіць на пытаньні, якія зьявіліся пасьля прыходу правых у Рыгстаг, больш прагматычна: яе партыя зараз занятая кансультацыямі, у выніку якіх будзе сфармаваны ўрад Стакгольму, і пытаньні маральнасьці выбару палітыкаў ня вельмі цікавіць.

Цяжка паверыць, але дзесяцітысячны натоўп маніфэстантаў здолела сабраць семнаццацігадовая дзяўчына Фэліцыя менш чым за 12 гадзін, якія прайшлі з моманту абвяшчэньня вынікаў галасаваньня да зьяўленьня на вуліцах першых людзей з плякатамі. Расчараваная вынікамі галасаваньня, Феліцыя запосьціла прапанову сабрацца на плошчы Сэргельсторг у Facebook. А ўжо празь некалькі гадзін моладзь па ўсім Стакгольме пачала атрымліваць смскі з заклікам выйсьці на плошчу.


Абсалютная большасьць пратэстантаў — швэды

Каляровая Швэцыя

У адрозьненьні ад Сэргельсторг, на цэнтральнай плошчы раёну Рынкэбі на поўначы Стакгольму амаль няма людзей зь белай скурай. Як і ў любым іншым людным месцы Швэцыі тут у гэты час адбываюцца апошнія перадвыбарчыя баталіі. У Швэцыі агітаваць можна нават у дзень выбараў, чым і карыстаюцца найпапулярнейшыя партыі краіны: цэнтрысцкія мадэратары, якія абяцаюць напоўніць кішэні выбаршчыкаў дадатковымі кронамі, і сацыялісты, якія зьбіраюцца стварыць пасьля перамогі болей працоўных месцаў. Ля намёту апошніх ідзе імправізаваны канцэрт і мітынг. Гітарыст азіяцкай зьнешнасьці пад акампанэмэнт традыцыйных усходніх інструмэнтаў сьпявае нешта лірычнае па-арабску. Натоўп, што слухае яго, пераважна складаецца з жанчын у хіджабах зь дзецьмі на руках альбо ў вазках, шыкоўна апранутых мужчын афрыканскага альбо азіяцкага паходжаньня ды «швэдзкаафрыканскіх» падлеткаў у спартовых касьцюмах.

Рынкэбі — раён, які мае славу імігранцкага. Тут крыху больш брудна, чым на суседняй, абсалютна «белай» станцыі мэтро. Шмат хто не размаўляе і не чытае па-швэдзку, ня мае працы і жыве на даволі вялікую дзяржаўную дапамогу. У актавай залі мясцовай школы вісіць каля сотні сьцягоў розных краін: тут навучаюцца дзеці самых розных нацыянальнасьцяў, але пераважаюць выхадцы з Блізкага Ўсходу, Эрытрэі, Самалі, Судана, Іраку — раёнаў, дзе працягваюцца войны і выхадцы зь якіх могуць атрымаць прытулак, а ў далейшым і грамадзянства Швэцыі.

Але ў Рынкебі ўсё яшчэ жывуць стэрэатыпы. Заходнія жанчыны выглядаюць, на думку мусульманскай большасьці, як даступныя і разбэшчаныя. Паводле дасьледаваньня этноляга Марыі Бэкман, для таго, каб пазьбегнуць перасьледу, многія швэдкі Рынкебі, традыцыйна бялявыя, нават пачалі перафарбоўваць валасы.


На ўчастку для галасаваньня ў раёне Рынкэбі

«Упершыню ў жыцьці я прагаласаваў у Швэцыі 25 гадоў таму. У Афрыцы ў мяне не было такой магчымасьці», — кажа іракец Ахмад. За час свайго жыцьця ў гэтай паўночнай краіне ён атрымаў швэдзкае грамадзянства і ўваходзіць цяпер у адну з выбарчых камісій Рынкэбі.

Падобна Ахмаду, многія імігранты, трапіўшы ў новае для сябе грамадзтва дэмакратыі, сьпяшаюцца датыкнуцца да яе і, прыйшоўшы на выбары, што адбываюцца тут раз у 4 гады, аддаць голас збольшага за таго, хто дасьць ім працу і больш магчымасьцяў. Гэтым разам, як і ўсе папярэднія, выбар Рынкэбі падае на сацыялістаў, якія правілі Швэцыяй амаль усе пасьляваенныя гады, будуючы грамадзтва дабрабыту і выхоўваючы ў швэдах талерантнасьць, ствараючы адначасова імігранцкія гета, падобныя да Рынкэбі.

Але ў стосе бюлетэняў, што чальцы выбарчай камісіі дастануць са скрыняў у гэты вечар, будуць і некалькі галасоў за радыкальных Швэдзкіх дэмакратаў. Памылка ці нелюбоў да сваіх суседзяў нешматлікіх аўтэнтычных швэдаў, што засталіся ў гэтым раёне?

«Хто ж тады галасаваў за іх?»

«Хто ж тады галасаваў за іх?» — сьветлыя вочы швэдкі Малін, што працуе ў арганізацыі сацыяльнай дапамогі беспрацоўным, адлюстроўваюць пытаньне і неразуменьне адначасова. Усе яе сябры засмучаныя перамогай "Швэдзкіх дэмакратаў", усе яны хочуць зразумець, што адбылося з грамадзтвам, раней талерантным і паліткарэктным.


Буйныя партыі Швэцыі не жадаюць абмяркоўваць пытаньні, якія задаюць Швэдзкія дэмакраты

«Праблема ў тым, што толькі гэтая партыя ставіць пытаньне імігрантаў у нашай краіне, — кажа Дак. — У тэлевізійных дэбатах ніхто ня здольны спрачацца зь імі па гэтых пытаньнях, ні ў кога няма вырашэньня праблемы, якая ўзьнікла з ростам колькасьці імігрантаў у краіне. Вялікія партыі ня лічаць гэта праблемай».

«Гэта ня новая праблема, як для Швэцыі, так і для ўсёй Эўропы», — камэнтуе перамогу "Швэдзкіх дэмакратаў" Яхана Кураш, якая працуе у праваабарочнай арганізацыі Civil Rights Defenders. Яна называе гэту партыю нацысцкай і лічыць, у крызысныя часы многія беспрацоўныя швэды проста не разумеюць, чаму імігранты маюць працу, а яны — не.

На думку праваабаронцаў, за апошнія гады сыстэма атрыманьня прытулку ў Швэцыі стала больш жорсткай. Усё большай колькасьці людзей не дазваляюць заставацца ў краіне, і іх вымушаюць вяртацца ў Пакістан, Афрыку.

Але на фоне іншых заходнеэўрапейскіх краін швэдзкая сытуацыя — вельмі пасьпяховая. Тут няма дэпартацый сотняў румынскіх цыган, як у Францыі. Тут не забіваюць дакумэнталістаў, што здымаюць фільмы пра жыцьцё мусульманскіх супольнасьцяў, як у Нідэрляндах. Аднак ідэі, лёзунгі і праекты, на якіх будуюць ультраправыя сваю праграму, становяцца ўсё болей папулярнымі. Працэс лягічны і непазьбежны, як і вялікае перасяленьне народаў з зоны беднасьці ў рэгіён багацьця, у гняздо «залатога мільярду». Так правінцыялы стагодзьдзямі ірвуцца ў сталіцу, часам забіраючыся наверх і мімаходам адціскаючы мясцовае насельніцтва.

«Швэдзкія дэмакраты» і іх перамога — сымптом хваробы, але ім наўрад ці атрымаецца вылечыць Швэцыю. Як і швэдзкаму грамадзтву хутка вылечыцца ад гэтай партыі.


Падлік галасоў на парлямэнцкіх выбарах выявіў новую хваробу Швэцыі

Публікацыя зьявілася праз візыт у Швэцыю, арганізаваны ў межах праекту Назіраньне за выбарамі: тэорыя і практыка.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0751 seconds.