Рэктар БДУ: дрэнна жывецца заходнім студэнтам без разьмеркаваньня

Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Сяргей Абламейка ўпэўнены, што малады навуковец у Беларусі абаронены болей, чым у Эўразьвязе, бо мае разьмеркаваньне і невысокі, але стабільны заробак і стыпэндыю («а ў многіх краінах яе проста ня плацяць»). Беларускага студэнта, які вучыцца за мяжой, абурылі выказваньні рэктара, якія ён абверг у лісьце, апублікаваным у буйнейшым электронным мэдыя Беларусі.

«Усё ж у нашай краіне малады вучоны абаронены больш і адчувае на сабе клопат дзяржавы. Можа быць, мы не можам даць яму адразу высокую зарплату, затое гэты заробак стабільны», — заявіў нядаўна рэктара БДУ Сяргей Абламейка ў інтэрвію газэце «Рэспубліка».

Паводле яго словаў, у многіх краінах асьпірантам (PhD студэнтам) проста ня плацяць стыпэндыю, а калі і плацяць, то ў замежных унівэрытэтаў няма галоўнай перавагі беларускай сыстэмы адукацыі: разьмеркаваньня.


Сяргей Абламейка пераконвае ў перавагах беларускай адукацыі

«Знайсьці ж працу маладому кандыдату (або доктару па-заходняму) ня так і проста! Нізкія стыпэндыі, а галоўнае, нявызначанасьць у будучыні адпужваюць студэнтаў, напрыклад, у Італіі. Пра гэта нам распавядалі ва ўнівэрсытэце Трэнта, дзе з задавальненьнем бяруць нашых беларускіх студэнтаў», — распавёў тады спадар Абламейка.

Студэнт Юры Жалнаровіч, які якраз і зьяўляецца PhD студэнтам унівэрсытэту ў Трэнта, пачытаў інтэрвію і вырашыў выказаць сваю думку адносна перавагаў і недахопаў беларускай і эўрапейскай сыстэмы адукацыі. Яго адказ рэктару апублікаваў партал Tut.by. Сярод іншага, ён піша:

«Разьмеркаваньне ў нашай краіне, мэта якога абараніць маладога кандыдата навук, хутчэй палохае гэтага маладога кандыдата, чым зьяўляецца дадатковым стымулам паступленьня ў асьпірантуру. І хоць шмат амбіцыйных маладых людзей хочуць працягнуць свае дасьледаваньні ў навуцы, узровень заробкаў маладых кандыдатаў ва ўнівэрсытэтах адпуджвае нашу моладзь ад такой працы і не стымулюе іх для напісаньня якаснай дыплёмнай працы. А вось калі наступнае месца тваёй працы і заробак залежыць ад колькасьці артыкулаў на міжнародных канфэрэнцыях і якасьці тваёй дыплёмнай працы, то воляй-няволяй пачынаеш задумвацца над тым, каб працаваць больш старанна».

Таксама Юры адзначае, што ва ўнівэрсытэце Трэнта вучыцца дастаткова шмат выпускнікоў тако ж БДУ, што ён тлумачыць у тым ліку і добрымі стыпэндыямі, якія «забясьпечваюць неабходнымі сродкамі для жыцьця».

«Магу сказаць дакладна, што гэтых сродкаў хапае для таго, каб здымаць кватэру, добра харчавацца і падарожнічаць, — піша Юры. — Табе ня трэба шукаць дадатковага заробку для таго, каб проста пракарміць сябе. Больш за тое, ты не маеш права працаваць на іншай працы, таму што стыпэндыі дастаткова».

«Вядома, нявызначанасьць існуе. Праўда, нявызначанасьць ёсьць усюды. Але калі ты спэцыяліст, які каштуе нечага, то пасьля абароны ў цябе ёсьць магчымасьць ня толькі застацца працаваць ва ўнівэрсытэце, але таксама і працягнуць навуковыя дасьледаваньні ў іншых унівэрсытэтах і дасьледчых лябараторыях амаль усіх краін сьвету.

У такім жа стылі камэнтуюць ліст студэнта і іншыя беларускія магістранты ды асьпіранты з ВНУ Захаду. Па іх словах, і ў Нямеччыне, і ў Швэйцарыі, і нават у Новай Зэляндыі ніякіх праблемаў ні зь фінансаваньнем, ні зь нявызначанасьцю няма. Адзінае, што турбуе беларускіх студэнтаў PhD — непрызнаньне замежных дыплёмаў у Беларусі.

«Магчыма, некаторыя хацелі б па заканчэньні асьпірантуры вярнуцца ў Беларусь. Але ў нашай краіне на дадзены момант нашы дыплёмы зьяўляюцца звычайнымі паперкамі. Для таго, каб іх прызналі ў нашай роднай краіне, неабходна перакласьці дыплёмную працу на дзяржаўную мову і пераабараніць яе ў ВАК [Вышэйшай атэстацыйнай камісіі]. Няўжо ўзровень нашай навукі знаходзіцца так высока, што яна не прызнае дыплёмы, што прызнаюцца ў самых разьвітых краінах нашай плянэты?» — задаецца рытарычным пытаньнем Юры

Спробы знайсьці неіснуючыя хібы ў замежных адукацыйных сыстэмах на карысьць беларускай — даўняя практыка чыноўнікаў. Да прыкладу год таму міністар адукацыі Аляксандр Радзькоў спрабаваў даказаць, што ў Францыі, як і ў Беларусі, існуе прымусовае разьмеркаваньне.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0888 seconds.