Скончыўся прыём дакумэнтаў на бюджэтныя аддзяленьні ВНУ

У БДУІР на бюджэтныя месцы недабор па тром спэцыяльнасьцям, а фізыка ды матэматыка апынуліся сярод найменш папулярных пазыцый гэтага году ў БДУ. На гэтыя аддзяленьні ідуць людзі зь нізкімі баламі, у той час як мэнэджмэнт, кампутарныя і будаўнічыя спэцыяльнасьці паступаюць з найлепшымі вынікамі па ЦТ.

Сярэдні конкурс на бюджэтнае аддзяленьне ў БДУ — 1.8 чалавека на месца (на завочнае — 1.7). Самыя разумныя ідуць на факультэт міжнародных адносінаў (там 5 чалавек маюць болей за 380 балаў за тэсты і атэстат з 400 магчымых) і на факультэт прыкладной матэматыцы і інфарматыцы (там такіх разумнікаў цэлых 8).

Як піша СБ, у прыёмнай камісіі Беларускага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэту лічаць, што абітурыентаў у гэтым годзе стала меней, а здаваць тэсты яны сталі горш. У гэтым унівэрсытэце сярэдні конкурс будзе ў раёне 2.1 чалавек на месца, а сярэдні бал — 300. Гэта на 20–30 пунктаў ніжэй, чым у мінулым годзе. Затое прыярытэты не зьмяніліся. Самы папулярны факультэт, як і раней, — стаматалягічны.

На найбольш запатрабаваныя спэцыяльнасьці конкурс невялікі — дзякуючы табліцам з баламі падаўшых дакумэнты абітурыентаў кожны можа падлічыць свае шанцы на паступленьне. Таму ў апошні дзень дакумэнты зь вялікай хуткасьцю пераразьмяркоўваліся паміж іншымі, менш папулярнымі факультэтамі, на якія паступіць было нашмат лягчэй.

Як і заўжды, адзін з самых высокіх конкурсаў у БДУ быў у Інстытуце бізнэсу і мэнэджмэнту тэхналёгій. А вось на міжнародных адносінах конкурс невялікі — у сярэднім 2 чалавекі на месца ў залежнасьці ад спэцыяльнасьці.

На фізычны факультэт амаль атрымалася набраць 155 студэнтаў на бясплатнае аддзяленьне (дакумэнты падалі 158 абітурыентаў, 11 зь якіх маюць меней за 130 балаў. І 8 зь іх дакладна трапяць на факультэт!). На новыя спэцыяльнасьці фізфаку, зьвязаныя з атамнай энэргетыкай, будучыя студэнты глядзяць ня надта аптымістычна: там сярэдні бал абітурыентаў каля 230. Такая ж сумная сытуацыя назіраецца і на мехмаце, дзе прахадны бал будзе ў раёне 170.

У БНТУ самай папулярнай спэцыяльнасьцю аказалася «прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва». Вось куды ідуць абітурыенты з найбольшай колькасьцю балаў. А ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыцы і радыёэлектронікі, як і раней, самыя разумныя і пэрспэктыўныя штурмуюць «інфарматыку» і «праграмнае забесьпячэньне інфармацыйных тэхналёгій». Каб трапіць на інфарматыку, трэба мець ня меней за 321 бал. Гэта найвялікшы паказчык па ўсім унівэрсытэце.

Хаця на некаторыя спэцыяльнасьці таго ж БДУІР быў у гэтым годзе недабор. Напрыклад, на 3 бюджэтныя месцы спэцыяльнасьці «мадэляваньне і кампутарнае праектаваньне радыёэлектронных сродкаў» так і не знайшлося ніводнага жадаючага. Тое ж самае і са спэцыяльнасьцю «квантавыя інфармацыйныя сродкі».

Яшчэ працягваецца прыём на платныя аддзяленьні, а таксама на бясплатнае завочнае. У выніку сёлетняй уступнай кампаніі студэнтамі стануць, як плянуе Міністэрства адукацыі, 103 тысячы чалавек — рэкорд за гісторыю Беларусі. Але толькі 17% новых месцаў у ВНУ сталі бюджэтнымі. Агулам толькі кожны трэці студэнт будзе вучыцца на бюджэтным аддзяленьні.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0636 seconds.