Толькі 15% абітурыентаў паступяць на бюджэт

Толькі ў кожнага шостага абітурыента ёсьць шанцы паступіць у гэтым годзе на бюджэтнае аддзяленьне. Агулам студэнтамі ўсіх формаў навучаньня стануць каля 60% жадаючых. Такі прагноз агучыў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў.

Як піша «Комсомольская правда в Белоруссии», шанцы стаць студэнтам маюць 15 адсоткаў тых, хто зарэгістраваўся на цэнтралізаванае тэставаньне. А агулам на ўсе формы навучаньня (у тым ліку і бюджэтныя) паступяць 60% абітурыентаў. Астатнім 40% прыйдзецца шукаць іншыя шляхі атрыманьня адукацыі.

Адпаведна з гэтымі дадзенымі супрацоўнікі РІКВ спрагназавалі сярэднія балы па кожным прадмеце, якія патрэбныя для паступленьня на бюджэт. Атрымалася, што абітурыенту каб стаць студэнтам трэба мець каля 66,1 бала па гісторыі Беларусі, ці 55,08 па матэматыцы.

З-за таго, што беларускую мову як і ў мінулым годзе здавала менш абітурыентаў, чым мову расейскую, для паступленьня на бюджэт спатрэбіцца каля 69,04 балаў за тэст па расейскай. Па беларускай гэты паказчык меншы ў сярэднім на 2 балы, хаця сярэдні бал (31,37) па беларускай сярод усіх, хто здаваў ЦТ, вышэйшы, чым сярод тых, хто здаваў расейскую.

У час сёлетняй уступнай 172 тысячы чалавек зарэгістраваліся на 479 тысячаў тэстаў. Гэта на тры тысячы болей, чым у мінулым годзе.

У 2010 годзе студэнтамі стануць, як плянуе Міністэрства адукацыі, 103 тысячы чалавек — рэкорд за гісторыю Беларусі. Але толькі 17% новых месцаў у ВНУ стануць бюджэтнымі. Агулам толькі кожны трэці студэнт будзе вучыцца на бюджэтным аддзяленьні.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0598 seconds.