Наталля Кавалевіч не бачыць ад нараджэння, але гэта не замінае ёй весці актыўнае сацыяльнае жыццё. Наталля атрымлівае другую вышэйшую адукацыю на дзённым аддзяленні юрыдычнага факультэту БДУ. Сучасныя тэхналогіі дапамагаюць невідушчай дзяўчыне ў працэсе навучання і робяцца незаменным сродкам для самарэалізацыі ва ўсіх сферах жыцця. Дзякуючы мабільнай праграме, якая аналізуе выяву і выводзіць аўдыёдыскрыпцыю, Наталля сур’ёзна захапілася фатаграфіяй.
Экспазіцыя выставы, якая адкрылася ў новым памяшканні прасторы «Цэх» складаецца з дзвюх частак: першая – гэта фотапрацы Наталлі, якія суправаджаюцца акустычнымі, тактыльнымі і нюхальнымі элементамі ды імкнуцца перадаць адчуванне свету, у якім жыве дзяўчына; другая частка – гэта фатаграфіі, мультымедыя Анастасіі Храловіч, якія апавядаюць пра жыццё Наталлі і працэс стварэння ёю здымкаў пры дапамозе мабільнага тэлефона і спецыяльнай праграмы.
Праект пакліканы стаць на месяц інфармацыйнаю платформаю для дыскусій і абмеркаванняў магчымасцей палепшыць умовы сацыяльнага свету для невідушчых людзей. Паралельная праграма выставы прадугледжвае экскурсіі з заплюшчанымі вачыма па экспазіцыі праекту для дзяцей і дарослых, аўтарскія майстар-класы, дзе ўдзельнікі змогуць «выпрабаваць» на сабе досвед сляпога чалавека, інклюзіўныя імпрэзы для дзяцей, лекцыі пра ролю мабільных тэхналогіяў у сучасным жыцці чалавека.