Harlem Shake: новы хіт YouTube захапіў Беларусь

Свет паглынуўся ў чарговую YouTube-эўфарыю. Гэтым разам на змену Gangnam Style і «Call Me Maybe» прыйшоў 30-секундны фармат суцэльнага адрыву пад назовам Harlem Shake. Беларусы не адсталі і далучыліся да сусветнага пірага відэа-версій танца сваёй сціплай сотняй варыянтаў.

Галоўнае ў Harlem Shake не звяртаць увагу на камеру і ўкласціся ў фармат. Ён просты і кароткі: 30-секунды ролік мусіць быць падзелены на дзве часткі. У першай адзін танцор, твар якога найчасцей схаваны за шлемам, робіць не вельмі ўцямныя рухі ў кампаніі некалькіх іншых людзей, якія не зважаюць на яго. У другой частцы танчаць ужо ўсе. Канон патрабуе мінімум аднаго распранутага хлопца, канвульсій броўнаўскага руху ўсіх удзельнікаў і адчування, быццам усе гэтыя людзі ў кадры мінімум палілі нечага вельмі вясёлага.

Пачалося ўсё з таго, што 2 лютага 2013 году некалькі аўстралійскіх падлеткаў запампавалі відэа пад назовам «The Harlem Shake». Цяпер у відэа болей за 18 мільёнаў праглядаў. За месяц на YouTube былі запампаваныя болей за 40 тысячаў версій. У некаторыя дні колькасць новых відэа даходзіла да 4 000 у дзень.

І мінімум сотня з гэтых версій розных Harlem Shake — беларускія. Геаграфія самая шырокая: ад Расонаў да Салігорску. Але дамінуюць менскія варыянты, на якіх можна пабачыць, пераважна, студэнтаў ці школьнікаў апранутых (ці распранутых) на любы густ.

Гэта і Harlem Shake у вялікай аўдыторыі БДУІР, Harlem Shake з бел-чырвона-белым сцягам, Harlem Shake на tut.by, Harlem Shake на Epam, на Onliner, на life:), Harlem Shake аголеных менскіх хлопцаў на снезе, апранутых дзядзек і цётак на машыне, ў клубе, у басейне. Ёсць нават варыянт DICTATOR STYLE — у галоўнай ролі самі-здагадайцеся-хто (дарэчы, у апошняга, здаецца, найбольшая колькасць праглядаў, хаця відэа «знятае» не па канонах).


Harlem Shake на Epam

Танцу Harlem Shake ужо болей за 30 гадоў. Прыдумаў яго танцор і музыка нью-ёрскага раёну Гарлем, які танчыў яго ў парку раёну разам з сябрамі. Арыгінальны варыянты шэйку нашмат болей складаны і мае мала агульнага з тым, што цяпер робяць тысячы людзей па ўсім свеце. Апошні факт вельмі турбуе гарлемцаў: як гэта так, кажуць яны, наш улюблёны танец па-вычварэнску перакруцілі і зрабілі з яго папсовы хіт YouTube?

Зрэшты, Harlem Shake турбуе не толькі насельнікаў знакамітага раёну. Улады розных краін таксама пачалі непакоіцца з-за масавага захаплення не вельмі прыстойнымі рухамі цягам 30 секундаў. Пасля таго, як група маладых людзей станчыла Harlem Shake на борце самалёта і, вядома, выклала запіс на YouTube, авіяцыйныя ўлады ЗША прыгразілі распачаць расследаванне. Аўтары ж скандальнага відэа паабяцалі ў самалётах болей не танчыць. Тым больш, «сыквел ніколі не бывае лепей за арыгінал».

У рэвалюцыйным Тунісе ўлады ўспрынялі Harlem Shake за пагрозу адукацыйнай сістэме, а ў не менш рэвалюцыйным Егіпце паліцыя ўвогуле арыштавала некалькі студэнтаў, што імкнуліся зняць уласную версію відэа.


Масавы Harlem Shake у Вільні


Самы першы Harlem Shake

Harlem Shake спрычыніўся да рэвалюцыі не толькі ў арабскіх краінах. Гэтак, менавіта гэты кліп скончыў шматгадовую спрэчку Billboard аб тым, ці варта ўлічваць папулярнасць музычнага відэа на YouTube пры складанні аднайменнага рэйтынгу. Цяпер у Billboard вырашылі, што колькасць праглядаў — важная штука. У выніку мелодыя, пад якую танчаць Harlem Shake за аўтарствам прадусара Baauer адразу захапіла першы радок чарту Billboard Hot 100. Ужо не варта казаць пра месца кампазіцыі ў чарце iTunes America. Але Harlem Shake — прадукт некамерцыйны. І таму яшчэ больш прывабны.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0322 seconds.