На Seven Festival паедзе болей сотні беларусаў

Каля сотні беларусаў замовілі на працягу апошніх двух тыдняў квіткі на Seven Festival у беларускага партнэра фэсту Руху «За Свабоду». У польскі кансулят трапіла першая партыя пашпартоў. Атрымаць бясплатную візу для наведваньня фэстывалю ў Польшчы з удзелам Sepultura i Lacrimosa яшчэ магчыма.

Прадстаўнікі Руху, якія дапамагаюць у арганізацыі паездкі на фэст, паведамляюць, што заяўкі на атрыманьне візаў яшчэ прымаюцца, але раяць пасьпяшацца, бо працэдура афармленьня дакумэнтаў ня хуткая, а часу засталося мала. Можа атрымацца, што ня ўсе ахвотныя пасьпеюць на бясплатныя візы.

Тым часам арганізатары заявілі пра ўдзел чарговых хэдлайнэраў фэсту. Гэта будзе швэйцарскі гурт Lacrimosa. Каманда хутка сьвяткуе сваё 20-годзьдзе і з гэтай нагоды нядаўна выпусьціла двайны альбом «Schattenspiel», на якім прэзэнтуюць ня выдадзены дагэтуль матэрыял, а таксама дзьве новыя песьні. У Вэнгажэве гурт выступіць у поўным складзе − шэсьць чалавек.

Lacrimosa in Minsk
Lacrimosa ў Менску 31.08.2009 (рэпартаж)

Акрамя іх у праграме зьявіліся таксама: The On Fire (Аўстралія), Sorry Boys, Seven Nation Army, Normalsi, Time To Express ды іншыя. Нагадаем, што сярод хэдлайнэраў фэсту сёлета пабачым гурты: Sepultura (Бразілія), The Legendary Pink Dots (Нідэрланды), Vader, Heart & Soul, Hey, Coma, Strange Attractor (Нідэрлянды). У міжнародным конкурсе Беларусь прадставіць гурт Spita/\ь F. Поўны сьпіс удзельнікаў Seven Festival 2010 даступны па спасылцы.

Квіткі і бясплатные візы на час фэсту можна атрымаць у беларускага партнэра фэсту — руху «За Свабоду». Кошт квітка на чатыры дні зь месцам у намётавым гарадку — 18 эўра. (як замовіць квіток).

Seven Festival пройдзе ў горадзе Вэнгажэва, што ў 200 км ад беларускай мяжы 8-11 ліпеня. Новая назва фэсту зьвязана з сусьветным конкурсам New 7 Wonders, дзе абіраюцца сем новых цудаў прыроды. Сярод галоўных прэтэндэнтаў на ўключэньне ў гэты пачэсны сьпіс якраз і знаходзяцца Мазуры — рэгіён сярод лясоў ды прыгожых азёраў, дзе з 1991 году праходзіць рок-фэст.

За навінамі, інфармацыяй пра удзельнікаў, варыянтамі даезду на фэстываль можна таксама сачыць праз адмысловую старонку для беларускіх наведнікаў фэсту: sevenfestival.livejournal.com.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0609 seconds.