Рух да Року: танныя квіткі і бясплатныя візы на Seven Festival у Польшчы

Знаёмы беларусам па ранейшай назьве Union of Rock, Seven Festival зьбірае рок-зорак 8–11 ліпеня на Мазурах. Сёлета сярод іншых у праграме — Sepultura, а ад Беларусі — Шпіталь Ф. Рух «За Свабоду» будзе дапамагаць атрымаць бясплатныя візы і квіткі па адмысловым для беларусаў кошце — 18 эўра на чатыры дні, а таксама арганізуе працу беларускага намёту.

За 19 год свайго існаваньня фэст у Вэнгажэва, што ў маляўнічным краі Мазурскіх азёраў, стаў адным з найбуйнейшых польскіх рок-фэстываляў. Арганізатары не пабаяліся рэбрэндынгу менавіта дзеля любых Мазур, якія ўдзельнічаюць у конкурсе «Сямі цудаў прыроды» — адсюль і новы назоў.

Фэст пройдзе ў чатыры дні, з 8 па 11 ліпеня. Сёлета можна будзе адарвацца пад Sepultura. Таксама на чатырох сцэнах фэсту адыграюць The Legendary Pink Dots, Hey, Heart and Soul, Hunter, Vader, Muchy, California Stories Uncovered, Strange Attractor, Coma, Sztywny Pal Azji, Koniec Swiata, Hurt, Kolaboranci, Closterkeller, Lipali, Klimt, Tides From Nebula. Ужо ня першы раз на фэсьце выступяць і беларусы — гэтым разам Шпіталь Ф.

Кошт квітка на чатыры дні зь месцам у намётавым гарадку — 18 эўра.

Арганізацыйны партнэр Seven Festival у Беларусі — Рух «За Свабоду», які дапаможа замовіць квіткі, атрымаць бясплатныя візы і выбраць найлепшы варыянт даезду да Вэнгажэва (фэст праходзіць у 200 км ад беларускай мяжы).

Актывісты Руху таксама пазнаёмяць гасьцей фэсту зь беларускай рокавай культурай: будзе працаваць беларускі намёт — наша выспачка на Мазурскіх азёрах.

Каб замовіць квіток, адпраўляйце запыт на 7fest.mff@@gmail.com. Пазначце, ці Вам патрэбная бясплатная віза — у такім выпадку дадайце: 1) Імя лацінкаю як у пашпарце; 2) Нумар пашпарту, кім і калі выдадзены, тэрмін дзеяння.

УВАГА! Рух «За Свабоду» не гарантуе атрыманьня візаў усім жадаючым, перавага будзе аддавацца тым, хто раней падаў заяўку, а візы будуць рабіцца па меры паступленьня запытаў. Таксама, калі ласка, пазначце, ці Вам патрэбная дапамога ў даездзе да Вэнгажэва. Дадатковая інфармацыя: Velcom 3332065 (Натальля).

15:25, 29/04/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0819 seconds.