Басовішча-2010 пройдзе без NRM, «Крамы» і «Нэйра Дзюбеля»

На фэстывалі «Басовішча» сёлета ўпершыню за шмат гадоў ня будзе такіх традыцыйных для яго хэдлайнэраў, як NRM, «Крама» і «Нэйра Дзюбель». Старшыня БАС Кася Кузьміч распавяла Generation.by пра фармаваньне праграмы 21-га «Басовішча». Ужо зацьверджаны ўдзел гуртоў «Троіца», «Гурзуф», «Адыс Абеба» ды шэрагу іншых. Упершыню плянуецца ўдзел «Ляпіса Трубяцкога», але перамовы яшчэ не завершаныя.

На якім этапе перамовы з традыцыйнымі хэдлайнэрамі «Басовішча»? Ці размаўлялі ўжо, напрыклад, з NRM, «Крамаю» альбо «Нэйра Дзюбелем»?

«У гэтым годзе адпачнем ад традыцыйных зорак беларускай сцэны, робячы адно выключэньне – “Троіца”».

Але для многіх «Басовішча» асацыюецца найперш з гэтымі гуртамі. Чаму вы прынялі такое рашэньне?

«У Беларусі зьявіліся новыя гурты, новыя жанры, конкурс таксама ўжо інакш выглядае. Хочам разнастаіць “Басовішча” новай актуальнай беларускай музыкай. Фэстываль патрабуе зьменаў. Зрэшты, калі не атрымаецца, тады не праблема ў наступным годзе зрабіць у ранейшым фармаце. Імкнемся зрабіць “Басовішча” сапраўдным культурным фэстам. Канцэпцыя не зьмяняецца – фэст адлюстроўвае сучасную беларускую музыку».

За доўгі час існаваньня «Басовішча» фэстываль зьяўляецца для многіх галоўным беларускамоўным фэстам і магчымасьцю пазнаёміцца з маладымі беларускімі, пераважна рок-гуртамі. Якую задачу ставіце сёлетняму «Басовішчу» і на каго найперш накіроўваеце фэстываль?

«Рыхтуючы праграму, мы таксама бярэм пад увагу людзей, якія зь беларускасьцю ня маюць нічога супольнага, але штогод едуць на фэст – хочацца паказаць ім, што ў Беларусі зьявілася новага. Беларуская музыка – гэта NRM, Neuro Dubel, але ня толькі. Хоць частка наведвальнікаў фэстывалю прызвычаілася раз у год прыехаць на “басы”, адслухаць у адным месцы свае ўлюбёныя гурты, папіць піва і вярнуцца дадому. Аднак мы хочам, каб пра Басовішча размаўлялі ня толькі ў беларускіх асяродках. Трэба разнастайваць праграму і зацікаўліваць болей людзей. Мэта фэстывалю – паказаць беларускую музыку, перадусім актуальную, але ж усіх не запросіш», — распавяла Generation.by адна з арганізатарак «Басовішча», старшыня «Беларускага аб’яднаньня студэнтаў» у Польшчы Кася Кузьміч.

Праграма «Басовішча-2010» адзначыцца ўдзелам «Троіцы», «Гурзуфа», «Адыс Абебы», Litvintroll, Re1ikt, Rima, Zatoczka — з гэтымі гуртамі, па словах Касі Кузьміч, ужо завершаныя перамовы. Таксама выступіць польскі гурт Lipali, які ўжо прымаў удзел у «Басовішчы» яшчэ ў 1996 годзе пад назовам Illusion.

Праграма фэстывалю актыўна папаўняецца, і перамовы з многімі гуртамі яшчэ вядуцца. Дык ці будзе хэдлайнэрам «Басовішча-2010» «Ляпіс Трубяцкой»? «Яшчэ вядзем перамовы», — не даюць пакуль дакладнага адказу басаўцы. Гэта пацьвярджае і прадусар «ляпісаў» Яўген Калмыкоў: «Запрашэньне атрымалі, але дакладнага рашэньня пакуль ня маем. У гурта ў гэты час выходзіць альбом у Эўропе, заплянаваны ўдзел у фэстах — усё на этапе ўзгадненьняў».

У той жа час арганізатары фэсту працягваюць прымаць заяўкі на конкурс «Басовішча-2010» — прыём завершыцца 15 траўня 2010 году. З дасланых на конкурс заявак 6 гуртоў прымуць удзел у фэстывалі і пазмагаюцца за каштоўныя прызы «Басовішча». Таксама БАСаўцы вядуць перамовы пра арганізацыю бясплатных візаў для наведвальнікаў фэстывалю зь Беларусі.

Generation.bY традыцыйна зьяўляецца інфармацыйным партнэрам «Басовішча». Падрабязьней пра навіны фэсту — у адмысловым разьдзеле bas.generation.by.

tarka 11:30, 07/05/2010 | Басовішча |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0766 seconds.