У Беларусі паліць кожны другі хлопец і кожная пятая дзяўчына

Паводле вынікаў сацыялягічнага дасьледаваньня 35% маладых беларусаў паляць. Яшчэ 17,5% спрабавалі, але кінулі. І толькі 47% ніколі не спрабавалі цыгарэты. Тым часам адразу тры вялікія дасьледаваньні навукоўцаў розных краінаў, апублікаваныя днямі, вызначылі, што складанасьці ў адмове ад паленьня залежаць ад генаў.

Антытытунёвая рэкляма з падтэкстам выклікала скандал у Францыі
Антытытунёвая рэкляма у Францыі

Сярод апытаных у Беларусі 48,5% хлапцоў паведамілі, што паляць рэгулярна і 21,5% дзяўчат прызналіся ў шкоднай звычцы.

Паліць сучасная моладзь пераважна пачала да 20 год, пра гэта распавялі 80% апытаных. У тым ліку 25.5% пачалі паліць яшчэ раней — у 8-16 гадоў.

Больш за палову курцоў (52%) жадаюць кінуць паліць. Частка зь іх (31% апытаных) хочуць, але ня могуць і 21% жадаюць і лічаць, што змогуць. Аднак 39% зусім не зьбіраюцца кідаць паліць.

Большасьць маладых беларусаў (69%) лічаць, што трэба весьці барацьбу з паленьнем. Сярод курцоў такую пазыцыю падзяляюць аднак толькі 46%. Нечакана, што хлопцы часьцей за дзяўчатаў выказваюцца за абмежаваньне паленьня ў грамадзкіх месцах (77% і 62% адпаведна). Чвэрць апытаных (26%) лічаць, што неабходна ўводзіць забароны ў дачыненьні да курцоў.

Такія дадзеныя рэспубліканскага сацыялягічнага дасьледаваньня «Моладзь Беларусі: праблемы і настроі», якое ладзілася сярод моладзі ў лютым 2010 году, сёньня публікуе БелТА. У часе дасьледаваньня па месцы жыхарства былі апытаныя 1353 рэспандэнты ва ўзросьце ад 18 да 29 гадоў.

Навукоўцы: складанасьць у адмове ад паленьня зьвязаная з генамі

Адразу тры вялікія дасьледаваньні навукоўцаў розных краінаў, апублікаваныя ў часопісе Nature Genetics, вызначылі, што складанасьці ў адмове ад паленьня залежаць ад генаў.

Дасьледчыкі з Унівэрсытэту Паўночнай Караліны, Оксвардзкага унівэрсытэту, а таксама ісьляндзкія навукоўцы дасьледавалі ДНК розных групаў людзей, якія ў суме склалі амаль 190 тыс. Высновы трох дасьледаваньнях супалі: у пятнаццатай храмасоме існуе тры ўчасткі, зьвязаныя з колькасьцю цыгарэт, якія чалавек выпальвае.

«У любым выпадку мы ня будзем зьмяняць свой пункт гледжаньня на тытунь», — камэнтуе вынікі дасьледаваньня навуковы кансультант Амэрыканскай лёгачнай асацыяцыі Dr. Norman H. Edelman. «Галоўнае, што мы даведаліся з гэтых дасьледаваньняў, — гэта тое, што многія курцы зусім не глупцы, якія добраахвотна атручваюць сябе, як прынята думаць. Ім прыходзіцца весьці складаную барацьбу са сваімі схільнасьцямі, калі яны вырашыліся кінуць паліць».

vojur 12:44, 28/04/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.093 seconds.