Антытытунёвая рэкляма з падтэкстам выклікала скандал у Францыі

Рэклямная кампанія па барацьбе з паленьнем, у межах якой зьявіліся плякаты з выявамі цінэйджэраў у позе сымуляцыі аральнага сэксу, стала нагодай для шматлікіх спрэчак. Крытыкі кажуць, што плякаты ствараюць фальшывыя аналёгіі паміж сэксам і паленьнем.

 

«Паліць — значыць быць рабом тытуню», — сьцьвярджае подпіс пад скандальнымі плякатамі, на якіх разьмешчаныя выявы мужчынаў, што трымаюць руку на галаве падлетка. У дзяўчыны (у іншых варыянтах хлапца) пры гэтым у вуснах бачная цыгарэта. Аналёгіі з аральным сэксам відавочныя.

Арганізатар рэклямнай кампаніі «Droits des Non-Fumeurs», ініцыятыва, што вядзе барацьбу з паленьнем у Францыі, не адмаўляе падобных параўнаньняў. Яе прадстаўнікі кажуць, што мэта кампаніі — выклікаць шок у людзей. Перш за ўсё ў падлеткаў, якія пачынаюць паліць усё болей і болей, нягледзячы на забарону гэтага ў барах і рэстарацыях Францыі.

«Кампанія накіраваная на маладых людзей, для якіх цыгарэты ўяўляюцца сымбалем эмансыпацыі і свабоды, а насамрэч вядуць да залежнасьці і падпарадкаваньня», — напісалі прадстаўнікі арганізацыі ў он-лайн дыскусіі.

Плякаты ўжо пасьпелі зьявіцца ў барах і газэтах, што выклікала шмат крытычных заўваг. Некаторыя грамадзянскія аб’яданьні Францыі, якія выступаюць за сямейныя каштоўнасьці, называюць плякаты абразьлівымі.

У той жа момант іншыя актывісты задумваюцца над эфэктыўнасьцю нашумелай рэклямы:

«Наколькі я ведаю, аральны сэкс не прыводзіць да ракавых захворваньняў», — заявіла ў аўторак выданьню Le Parisien Антанэта Фокью, актывістка Руху за разьняволеньне жанчын.

Паводле Telegraph

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0661 seconds.