2 красавіка фэст «Жывы гук ON-line» у менскім Палацы Мастацтва

Вызначаны спіс гуртоў-удзельнікаў першага канцэрту вясновай сэрыі праекту «Жывы гук ON-line», які адбудзецца 2 красавіка ў менскім Палацы Мастацтва ў межах арт-фэстывалю «Fun House».

Зь некалькіх дзесяткаў заявак, пададзеных музыкамі для ўдзелу ў канцэрце, арганізатары адабралі 4 гурты — «Глебстеры», Re1ikt, The Blackmail і «Мутнаевока». Госьцем фэстывалю стануць Garadzkija.

Гурт Re1ikt, які выпусьціў у мінулым годзе альбом «Клиника» і перамог на фэстывалі «Бардаўская восень», зараз рыхтуе новы студыйны альбом, вытрыманы ў стылістыцы арт-року і пост-мэталу, і на канцэрце 2 красавіка выканае некалькі новых песень.

The Blackmail, названыя адкрыцьцём мінулага года па вэрсіі сайта ultra-music.com, таксама прадэманструюць песьні з поўнафарматнага альбому, які зараз рыхтуецца.

Брудна-мэладычнае гучаньне і надрыўны вакал гурта «Мутнаевока» ўжо пасьпеў спадабацца як сталым наведвальнікам канцэртаў «Жывы гук ON-line», так і яго арганізатарам. У гэты раз гурт прадставіць песьні са свайго дэбютнага альбому «Пайшлі глямур», прэзэнтацыя якога адбудзецца ў траўні.

Не абыдзецца і без сюрпрызаў. Адным зь іх стане першае публічнае выступленьне гурта «Глебстеры», які адкрые канцэрт. Таксама чакаецца выступ гурта Garadzkija і дэманстрацыя фрагментаў фільма, запісанага ў мінулым годзе падчас інтэрнэт-канцэрту «Жывы гук ON-line». Адзін зь яго эпізодаў, запіс песьні «Jak ty pachnieš viasnoj» гурта Garadzkija, ужо прэзэнтаваны ў інтэрнэце. Усе, хто прыйдзе ў гэты раз, стануць героямі наступнага музычнага фільма.

Кастынг сярод музыкаў на права ўдзелу ў канцэртах праекта працягваецца. Кожны раз будуць выступаць 2–3 новыя калектывы, таму ўсе, хто ўжо раней падавалі заяўкі, захоўваюць магчымасьць быць запрошанымі. Свае запісы, інфармацыю пра гурт і ўсё, што можа дапамагчы скласьці меркаваньне пра творчасьць гурта, дасылайце на адрас: zyvyhuk@gmail.com.

  • 2 красавіка, 17:00
  • Палац Мастацтва (вул. Казлова, 3)
  • Кошт квіткоў: 4 тыс. рублёў
  • Даведкі па тэлефоне: +375 29 3404633.
Slaver 12:00, 26/03/2010 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0667 seconds.