У «Графіці» прайшло ўручэньне ўзнагародаў Ultra-Music Awards 2009

Generation.bY працягвае адсочваць беларускія музычныя ўзнагароды па выніках 2009 году. 20 лютага ў менскім клюбе «Графіці» падведзеныя вынікі Ultra-Music Awards, у межах якой адзначаныя беларускія і замежныя выканаўцы, а таксама музычныя падзеі году. The Blackmail, The UNB, Akute, The Toobes, Піт Паўлаў, клюб «Графіці» — усе атрымалі спэцыяльныя прызы ад арганізатараў прэміі. А бясспрэчнай разынкай стаў выступ Юры Дземідовіча зь гітом «Чароўны трусік». Шмат фота зь вечарыны — у рэпартажы Generation.bY.

Вызначэньне лепшых у 2009-м годзе па вэрсіі сайту Ultra-Music.com адбывалася ў два этапы. На першым любы ахвотнік мог прапанаваць сваіх прэтэндэнтаў у кожнай намінацыі: «Гурт году», «Лепшы замежны альбом году», «Лепшая замежная песьня году», «Лепшы беларускі альбом году» і «Лепшая беларуская песьня году». У выніку былі складзеныя сьпісы з выканаўцаў і альбомаў, які найчасьцей згадваліся — пераможцы вызначаліся шляхам інтэрнэт-галасаваньня наведвальнікаў сайту прэміі.

Сайт Ultra-Music.com, заснаваны беларускім блогерам Славам Радзівонавым, падводзіць музычныя вынікі году ня першы год. Але сёлета ўпершыню арганізатары прэміі правялі публічнае ўзнагароджаньне пераможцаў, а таксама падрыхтавалі спэцыяльныя прызы ў новых намінацыях.

Прэмія выклікала вялікую ўвагу з боку прэсы і музычных аматараў. Адкрываў імпрэзу выступ маладога менскага гурта The Blackmail, які атрымаў адмысловы прыз «Адкрыцьцё году».

Удзельнічалі ў вечарыне і героі самых гарачых онлайн-дыскусіяў апошніх некалькіх дзён — гурт The Toobes, які атрымаў узнагароду ў намінацыі «Прарыў году» па вэрсіі Ultra-Music.com.


Піт Паўлаў атрымаў ганаровы дыплём у намінацыі «Падзея году» за фэстываль «Жывы Гук ON-line».


«Лепшай музычнай пляцоўкай» названы паб-клюб «Графіці».

Музычную частку вечарыны працягнуў магілёўскі гурт Akute, які ўпершыню выступаў у Менску. Новы калектыў былых удзельнікаў гурта «Глюкі» быў адзначаны прызам за лепшы дэбют года.

Выступілі на мерапрыемстве і легендарныя рокеры The UNB, якія адсьвяткавалі нядаўна сваё 26-годзьдзе і атрымалі дыплём як «Легенда беларускай рок-музыкі» па вэрсіі Ultra-Music.com.

Аднак арганізатарам удалося яшчэ болей зьдзівіць гасьцей прэміі, дамовіўшы выступ аднаго з самых чаканых выканаўцаў — Юры Дземідовіча, які перамог у межах UMA у намінацыі «Лепшая беларуская песьня году».


Зьяўленьне на сцэне «Чароўнага трусіка» стала галоўнай падзеяй вечару і сарвала шквал авацый. Юра выканаў дзьве песьні — «Волшебный кролик» і «Холестерин» — і яшчэ гадзіну раздаваў інтэрвію і аўтографы.

Поўны сьпіс узнагародаў Ultra-Music Awards 2009:

  • Гурт году — Rammstein
  • Лепшы замежны альбом году — Rammstein «Liebe ist für alle da»
  • Лепшая замежная песьня году — Muse «Uprising»
  • Лепшы беларускі альбом году — Ляпис Трубецкой «Культпросвет»
  • Лепшая беларуская песьня году — Юры Дземідовіч «Волшебный кролик»
  • Адкрыцьцё году — The Blackmail
  • Прарыў году — The Toobes
  • Дэбют году — Akute
  • Падзея году — фэстываль «Жывы Гук ON-line»
  • Лепшая музычная пляцоўка — паб-клюб «Графіці»
  • Легенда беларускай рок-музыкі — The UNB

За два дні да Ultra-Music Awards лепшыя беларускія альбомы па выніках году ўзнагародзіў праект Experty.by, а 4-га сакавіка пройдзе «Рок-каранацыя 2009».

Глядзіце таксама вялікі фотарэпартаж з Ultra-Music Awards 2009

+ відэа з выступа Юры Дземідовіча на Ultra-Music Awards

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0668 seconds.