Вызначыліся дата і месца правядзеньня «Рок-Каранацыі-2009»

Чатырнаццатая цырымонія ўзнагароджаньня найлепшых музыкаў Беларусі «Рок-Каранацыя» пройдзе 4 сакавіка ў менскім клюбе «Рэактар». Арганізатары вядуць перамовы з музыкамі-ўдзельнікамі, а журы прыступіла да працы па вызначэньні пераможцаў у традыцыйных намінацыях цырымоніі.

Прадусар «Рок-Каранацыі» Павал Кашырын патлумачыў ідэю правядзеньня фэсту ў «Рэактары» посьпехам восеньскага «Року па вакацыях» у тым жа клюбе, паведамляе Радыё Рацыя:

«У гэтым годзе вырашылі рабіць у клюбе, нашым знакамітым любімым „Рэактары“, рабіць падобна на тое, што адбываецца ў Маскве, дзе вызначаюцца лепшыя гурты і гэта робіцца ў вялікім клюбе».

Асноўныя намінацыі ў гэтым годзе застануцца бязь зьменаў, спасылаецца на словы арганізатара цырымоніі Юры Цыбін Эўрарадыё. Зноўку будуць «Рок-карона», «Альбом году», «Песьня году», «Дэбют», «Рок-князёўна» і іншыя. Нявыключана, што могуць дадацца і новыя намінацыі.

Ляпіс Трубяцкой на Рок-каранацыі 2008

Мінулая «Рок-Каранацыя» прайшла ў маладзечанскім доме культуры. Галоўную рок-карону 2008 году атрымаў «Ляпіс Трубяцкой», а таксама забраў кароны за лепшыя альбом і песьню году. Тытул Рок-князёўныатрымала Ганна Хітрык з гурта «ДзеціДзяцей».

Рок-каранацыя 2008 

Арганізатары адзначаюць, што згоду на ўдзел у фэсьце ўжо далі «Крама», «Neuro Dubel», «Без Билета», «Нака», Зьміцер Вайцюшкевіч. Вядуцца перамовы зь «Ляпісам Трубяцкім» і іншымі музыкамі. Таксама Цыбін дадае, што сёлета чакаецца і чарговая зьмена фармату імпрэзы. Мяркуецца, што ў праграме выступіць «альтэрнатыўны рэпавы гурт».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0605 seconds.