3.10 — у Менску легендарны польскі гурт Myslovitz

3-га сьнежня ў межах сэрыі канцэртаў праекту «ЖывыГукON-line» упершыню ў Беларусі адбудзецца выступ легендарнага польскага гурта Myslovitz. Нягледзячы на блізасьць Беларусі і Польшчы, мы даволі мала знаёмыя з музыкай суседняй краіны. Запрашаючы гурт Myslovitz, ідэйны кіраўнік праекту «ЖывыГукON-line» і вядомы беларускі музыка Піт Паўлаў жадае паказаць актуальную і папулярную польскую музыку, якая нічым ня горшая за расійскую ці ўкраінскую, якую даволі часта можна пачуць на канцэртах у Беларусі.

Myslovitz, самы вядомы і ўплывовы польскі гурт, існуе з 1992 году. Першапачаткова гурт, створаны ў гарадку Мысловіцэ нязьменным фронтмэнам гурта Артурам Роекам, называўся The Freshmen, а цяперашняя назва, якая адпавядае нямецкаму напісаньню роднага гораду гурта, зьявілася ў 1994 годзе. Тады ж гурт выпусьціў і першы аднайменны дыск, які прадусаваў Ян Гарыс, раней вядомы па працы з Joy Division, New Order і The Exploited. Потым пасьледавалі альбомы «Sun Machine» і «Z rozmyślań przy śniadaniu», а ў 1998 годзе выйшаў альбом «Miłość w czasach popkultury», які прынёс гурту шырокую вядомасьць. Ён быў прададзены накладам больш чым 150 000 экзэмпляраў і на цяперашні момант мае статус двойчы «плятынавага». Тры з чатырох сынглаў гэтага альбому займалі першае месца ў польскім чарце. З гэтага ж часу гурт пачынае актыўна гастраляваць, а фан-клубы Myslovitz зьяўляюцца па ўсім сьвеце (Данія, ЗША, Бразылія).

Ужо наступны альбом «Korova Milky Bar» быў запісаны адразу на двух мовах — па-польску і па-ангельску — і выдадзены ў 27 краінах сьвету, а Myslovitz выступаў разам з такімі музыкамі, як Travis і Skin, на шматлікіх фэстывалях сьвету (The Road to Edinburgh, T In The Park, Pukkelpop, Witness і іншых). У 2004 годзе выпускаецца экспэрымэнтальны, пераважна інструмэнтальны альбом «Skalary, mieczyki, neonki», а ў 2006 годзе выходзіць апошні на цяперашні момант альбом «Happiness Is Easy», які атрымаў «плятынавы» статус.

Зараз Myslovitz можна з упэўненасьцю назваць самым вядомым і актуальным польскім гуртом у сьвеце, чые кліпы на YouTube праглядзелі не адзін мільён разоў. Зь вясны гэтага году гурт працуе над новай плыткай. Відэа і фатаздымкі з працы над альбомам у студыі можна знайсьці ў спэцыяльна створаным для гэтага блогу myslovitz2010.pl.

Беларускія мэляманы маглі бачыць гурт Myslovitz на фэстывалі be2gether на літоўска-беларускай мяжы ў 2007 годзе. У Беларусь гурт прыяжджае ўпершыню, перад гэтым наведваючы Лёндан, Гданьск і Стакгольм. На канцэрце ў Менску гурт выканае ўсе свае галоўныя хіты, а таксама песьні з будучага альбому.

Канцэрт адбудзецца пры падтрымцы Польскага інстытуту 3 сьнежня ў клюбе «Рэактар» (вул. В. Харужай, 29). Пачатак у 19:00. Кошт квіткоў: 15 000, 10 000 (для польскіх грамадзян і студэнтаў), 25 000 (столікі). Квіткі можна набыць у касе клюбу. Даведкі па тэлефону: +375 29 3404633 і на сайце www.zyvyhuk.org.

Slaver 16:00, 21/11/2010 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1036 seconds.