Веснавыя ПраВакацыі: Мяняем курткі на бікіні!


Тое, што вясна дзесьці загуляла і затрымліваецца, ужо зразумела. А размовы пра надвор’е цяпер ня проста ад няма чаго рабіць, а самая гарачая тэма для абмеркаваньняў як сярод заслужаных паляводаў, так і гарадзкіх айцішнікаў ці ў беларускіх музычных тусоўках. Самыя сьмелыя зь іх гатовыя нават выйсьці на вуліцы з плякатамі, каб ратаваць сьвет ад несправядлівых кліматычных крызаў ды капрызаў. Дзевяць мэсыджаў на тэму вясны ад людзей, якіх мы сустрэлі ў апошнія дні зімы — у фотаправакацыях Generation.bY.


Магілёўцаў Стаса й Рому з гурта «Akute» мы сустрэлі на цырымоніі ўзнагароджаньня лепшых альбомаў году ад Experty.by. Адразу пасьля «расправы» з канкурэнтамі ў намінацыі «лепшы беларускамоўны альбом» хлопцы далі выклік зіме халоднымі рамантычнымі позіркамі і рытарычным пытаньнем. Напэўна, інтанацыя гэтага мэсыджу была іранічная, таму пазьней зіма ўваліла яшчэ марозу ў каляндарную вясну.


Slaver вырашыў быць болей катэгарычным у сваіх заявах, а для большага «ўстрашненьня» зімы ці ў якасьці заманухі для вясны апрануў яркі ямайскі капялюш.


У гэты момант міма прабягала Руся, абурэньне якой сытуацыяй з надвор’ем ня мела межаў. Неўцярпёж і хочацца вясны, тым болей цёплыя сонечныя русіныя дрэды засталіся ў зімовым сэзоне.


Затое Ян Бусел і Нік Маторын ставяцца да сытуацыі па-філязофску. Прафэсійныя «графітчыкі» ўмудраюцца ладзіць вясну-лета штодня і штоноч.


Надвор’евая праблема хвалюе і аўтараў «Вясны-красны» — здаровых лосей IQ48. Ня кожны рок-музыка здолее ўночы пасьля канцэрту напісаць рамантычны верш ды выйсьці з плякатам на вуліцу.


«Нешматслоўныя» «Тубсы» затое шмат малююць! «Давай яшчэ дамалюем, а то ў нас будзе самы ацтойны плякат», — шушукаліся хлопцы, падазраючы, што не яны адныя выйдуць на «трапу вайны зь зімою».


Сам Vinsent паліто пакуль не зьняў, затое топча зімовы сьнег яркімі летнімі кедамі на радасьць першаклашкам з суседняй школы, што зь цікаўнасьцю назіралі за фотаправакацыяй.


Спрабуючы пасьпець на студыю перад ад’ездам у тур, Бенька вяртае стомленых зімой мінакоў на зямлю. Мы ж ляцім у шапік за фруктамі і «ўзбройваемся» ў прадчуваньні вясны. Бікіні, сонечныя акуляры і іншыя «вітаміны» ўжо падрыхтаваныя!


Эціс! Аціс! Анімаціс! — і на вуліцы вясна — чакалі цудаў на выступе Юры Дземідовіча ў «Графіці» наіўныя слухачы. Але вуснамі дзіцяці гаворыць жыцьцёвая мудрасьць — хутка будзем сумаваць па сьняжках, шаліках і вязаных шкарпэтках. Аднак вясна непазьбежная!

Аўтар фота Юра Сідун


tarka 10:00, 10.03.2010 | ПраВакацыі |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0621 seconds.