:B:N: адсьвяткаваў 10-годзьдзе канцэртам у Менску
На сьвяточную сцэну разам зь бярозаўскімі рок-музыкамі выйшлі «здаровыя лосі» IQ48, Аляксандар Кульлінковіч, Алег Хаменка, рэпэр Вінсэнт ды іншыя. «Было проста супэр! Было нечакана, што нас прыйшло павiншаваць столькi людзей! Вельмi прыемна бачыць поўную залю!» — лідэр :B:N: Алесь Лютыч узгадвае атмасфэру сьвяткаваньня й разважае, як пачувае сябе гурт у свае 10 год і якія мае пляны.
Сёньня за плячыма ў :B:N: два альбомы — «Не трывай» (2004) і «Жыве Rock’n’Roll» (2006), удзел у шэрагу музычных складанак («Генэралы айчыннага року», «Viza N.R.M.», «Наша музыка» ды іншыя), узнагароды беларускіх і замежных рок-фэстаў, а таксама ўменьне зьбіраць поўныя залі як на малой радзіме, так і ў Менску ці па-за межамі Беларусі.
«Усё вельмi проста — трэба гнуць сваю лiнiю i не зайздросьцiць нiкому. Тады усё атрымаецца! Мы нiколi не зайздросьцiм гуртам, якiя чагосьцi дасягаюць — у кожнага свой шлях. I трэба на 100% аддаваць сябе ўлюбёнай справе, музыцы! — распавядае Generation.bY Лютыч. — Напачатку я наагул не ўяўляў сабе, як яно будзе праз дзесяць год i цi будзе наагул, але я верыў у дух БН, i у нас пацiху усё атрымлiваецца:) Будзем спадзявацца, што 20-цiгодзьдзе мы будзем сьвяткаваць як мiнімум у Палацы Спорту!»
«Як казаў «Чача» з гурта «НАИВ», "калi гурту 5 год — гэта яшчэ ня гурт! Калi гурту 10 год — гэта ўжо малады гурт, а калi гурту больш дзесяцi год — гэта ўжо сталы гурт, якi мае сваю публiку, альбомы, клiпы"… 10-цiгоддзе адсьвяткавалi, цяпер мы, здаецца, падцягваемся к сталым гуртам:)»
Зараз бярозаўцы працуюць на трэцім альбомам і рыхтуюцца да здымак кліпа на песьню «Будзь сабой».
«Шмат яшчэ задумак, але ня ўсё адразу, — інтрыгуе Лютыч і прызнаецца. — Інтэрнэт спрыяе камунікацыям з публікай на адлегласьці, і зараз лягчэй выконваць большую частку арганiзацыйнай працы праз Сецiва. А добрыя песьні лепш ствараюцца ў малым горадзе».
Глядзіце вялікі фотарэпартаж з 10-годзьдзя :B:N:
Аўтар фота Julia_Fox