Студэнцкія пратэсты ахапілі Каліфорнію

Вакол паўднёвага крыла лекцыйнага будынку Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Бэрклі сабраўся натоўп у некалькі соцень чалавек. Збольшага гэта па-восеньску апранутыя студэнты (у Бэрклі каля 12 градусаў цяпла), якія ўглядаюцца ўверх, на вокны будынку. У адным зь іх бачны плякат «32% ўверх, 900 звальненьняў». Корпус ужо некалькі гадзін утрымліваецца захапіўшымі яго студэнтамі, якія трэція суткі пратэстуюць супраць узьняцьця коштаў за адукацыю і скарачэньня выкладчыкаў. У гэты дзень пратэсты трасуць усю Каліфорнію.

Чатыры дзесяткі студэнтаў і некалькі выкладчыкаў захапілі адзін з будынкаў Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў знак пратэсту супраць рашэньня апякунскай рады ўзьняць кошты на адукацыю на 32% і скараціць выдаткі, што прывядзе да няўхільных звальненьняў выкладчыкаў. Рашэньне рады стала вынікам адмовы каліфарнійскіх уладаў працягнуць фінансаваньне адукацыі ў былых памерах.


Студэнты ля захопленага ўнівэрсытэцкага будынку. Фота Steve McConnell / NewsCenter

Каліфарнійскія студэнты два месяцы таму ўжо спрабавалі выразіць сваё незадавальненьне новымі правіламі, цяпер яны вырашылі арганізаваць трохдзённую акцыю пратэсту, апагеем якой і стаў захоп аднаго з будынкаў Бэрклі. Пратэсты супраць падвышэньня коштаў на адукацыю прайшлі і ў іншых шматлікіх аддзяленьнях Каліфарнійскага ўнівэрсытэту. Мітынгоўцы кажуць, што ўся справа ў адміністрацыі ўнівэра, якая, на іх думку, разьмяркоўвае грошы не адпаведным чынам.

Студэнтка Ганна Т., якая трэці год навучаецца ў Бэрклі, яшчэ ня бачыла падобных пратэстаў тут:

«Я пайшла на мітынг, таму што мае сябры былі сярод арганізатараў акцый, акрамя гэтага мяне турбуе рашэньне рады, асабліва тое, што звальняюць прафэсараў. А ў нас добрыя прафэсары», — хвалюецца за выкладчыкаў Ганна.

«Раніцай 40 студэнтаў і некалькі выкладчыкаў захапілі будынак, дзе праходзяць заняткі. Іншыя студэнты сабраліся ля будынку, каб падтрымаць тых, хто быў унутры. У выніку на вуліцу выйшла каля 2 тысяч чалавек».


Студэнты ляжаць, што сымбалізуе «сьмерць дзяржаўнай адукацыі». Фота AP

Традыцыя захопу будынкаў амэрыканскіх унівэрсытэтаў паходзіць з 60-ых гадоў. У тыя гіпарска-бунтарскія часы студэнты Бэрклі вырашылі, што ўнівэр належыць ні якім-небудзь цёткам і дзядзькам у пінжаках, а самім студэнтам, таму яны маюць права браць удзел у жыцьці ўнівэрсытэту і ўплываць на рашэньні, якія ў ім прымаюцца. Адтуль і даўні лёзунг, які студэнты выкарыстоўваюць на працягу дзесяткаў гадоў: «унівэрсытэт наш!».


Фота AP

«Бяз страху і з энтузіязмам»

Падрыхтаваліся студэнты грунтоўна. Сеціва тут грае не апошнюю ролю: адмысловы сайт з раскладам дзеяньняў на кожную гадзіну, абавязковыя цяпер для такіх выпадкаў акаўнты на Facebook і Twitter, дзе можна ў простым этэры назіраць, што адбываецца ў захопленым будынку, і, галоўнае, раіць пратэстуючым далейшыя дзеяньні.

Будынак унівэрсытэту студэнты ўвечары ўсё ж пакінулі, але толькі пасьля перамоваў з паліцыяй, якая паабяцала нікога не кранаць.

«Паліцыя лёгка магла выгнаць пратэстуючых, але займалася толькі аховаю, каб нічога страшнага не адбылося, — кажа беларуская студэнтка Ганна. — Усё было вельмі добра арганізавана і ўсе добра мабілізаваныя: тут іх ніхто не адлічыць, тут больш свабоды. Людзі ішлі бяз страху і з энтузіязмам.

Пратэсты паказалі, што студэнты неабыякавыя да праблем навучаньня, яны паднялі цікаўнасьць публікі да пытаньня аплаты і мабілізавалі больш аморфных студэнтаў».

Але, нягледзячы на гэта, вынік пратэстаў сумны: патрабаваньні не былі выкананыя, плаціць прыйдзецца болей, а выкладчыкаў стане меней.


Дзяўчына ідзе ўздоўж намётаў пратэстуючых. Фота AP

Абамафікшан

Каля 5 000 даляраў у сэмэстар плацяць студэнты Каліфорніі за навучаньне. І гэта ня вельмі шмат па амэрыканскіх мерках.

Але паведамленьні аб скарачэньні выдаткаў на адукацыю ў штаце прыйшлі ў час, калі адміністрацыя прэзыдэнта Барака Абамы абвясьціла аб плянах выдаткоўваць на адукацыю з дзяржаўнага бюджэту кожны год па 12 мільярдаў даляраў. У выніку студэнты выйшлі на вуліцы ня толькі ў Бэрклі. У Лос-Анжэлесе моладзь паставіла намёты адразу на тэрыторыі ўнівэру, а ў Дэвісе больш за 50 чалавек былі арыштаваныя.


Так, мы можам... вярнуць наш унівэрсытэт. Кадр з сюжэту CNN

Год таму Ганна трапіла ў вір сьвяткаваньняў перамогі Барака Абамы на прэзыдэнцкіх выбарах. Тады студэнты, як толькі стала вядома аб перамозе першага афраамэрыканца-прэзыдэнта, зладзілі на вуліцах Бэрклі міні-карнавал. Але цяпер настроі амэрыканцаў памяняліся.

«Вельмі шмат людзей расчаравалася ў ім па многіх прычынах: шмат хто чакаў сканчэньня войнаў, некаму не падабаюцца бюракраты ў яго адміністрацыі, — лічыць дзяўчына. — Але большасьць студэнтаў усё яшчэ маюць ідэалістычныя перакананьні, студэнты яшчэ вераць у Абаму».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0797 seconds.