Норт-дам дэ Гервяты

Гервяты

Вёскі Гервяты і Рымдзюны — літоўскія анклявы ў Беларусі. У Рымдзюнах ёсьць літоўская школа, а ў Гервятах імша ў касьцёле праходзіць па-літоўску. Але гэты факт не перашкаджае мясцовым бабулькам па выхадзе зь касьцёлу пераходзіць на беларускую, а вяскоўцам ганарыцца адным з самых прыгожых касьцёлаў Беларусі. ПраДарожжа ў эдэмскія сады Гервятаў.

 

Калі б мне давялося складаць рэйтынг схаваных дыямэнтаў беларускай архітэктуры, то абдзелены турыстычнай увагаю касьцёл сьвятой Тройцы ў Гервятах, што ў 25 км. ад Астраўца, сьмела прэтэндаваў бы на першую пазыцыю.

Будынак, узрост якога крыху большы за стагодзьдзе, — адзін з самых высокіх касьцёлаў у Беларусі. Вышыня гервяцкай вежы 61 мэтар (ўсяго толькі на 11 мэтраў ніжэй за самы высокі будынак Менска — Нацыянальную бібліятэку). Гэта калі зьвяртацца да сухіх лічбаў. Органы пачуцьцяў кажуць крыху іншае: тое ня проста храм, будынак, ці гістарычны помнік. Перад намі нэагатычны цуд.

Гервяты
Маленькая Летува Вялікай Літвы

Пасьля таго, як шматлікія беларускія касьцёлы былі згубленыя пасьля няўдалага паўстаньня Каліноўскага, на мяжы 19 і 20 стагодзьдзяў у Беларусь прыходзіць нэаготыка. Выклікана гэты было банальнай неабходнасьцю рамонту тых касьцёлаў, што засталіся ў каталікоў. Таму пасьля прыходу Аляксандра ІІІ да імпэрскай улады, які адразу ж амністуе ўсіх паўстанцаў, а каталікам надае права адрамантаваць старыя свае касьцёлы, пачынаецца новы пэрыяд касьцёльнага будаўніцтва ў Беларусі.

Замест старых, занядбаных, часам драўляных, як грыбы паўстаюць новыя, нэарэманскія і нэагатычныя храмы. І адзін з самых яскравых прыкладаў адраджэньня готыкі — гервяцкі Сьвятатроіцкі касьцёл.

Па пэрымэтры касьцёлу даўно закладзены дэндрапарк. А перад касьцёлам — будучы парк з туямі і скульптурамі апосталаў. Пасярод зусім нязвыклых для беларускіх земляў арыгінальных драўляных крыжоў, што вышэй за чалавечы рост, некалькі могілак роду Дамейкі. Таго самага Дамейкі, які ў Чылі стаў рэктарам нацыянальнага ўнівэрсытэту і ў гонар якога названая плянэта, фіялка і нават від сьлімака.

Гервяты
Неаготыка стогадовай вытрымкі

Гервяты
Дэндрапарк у Гервятах упрыгожаны шматлікімі скульптурамі

Гервяты

Лабас рытас у хату

Я трапляю на нядзельную імшу. На інфармацыянай дошцы тэксты па-беларуску. У на дзіва халодным паветры касьцёлу гучыць нязвыклая літоўская мова. Вернікі, пераважна людзі пэнсійнага ўзросту, строга падзеленыя на дзьве часткі: зьлева ад праходу сядзяць жанчыны, справа — мужчыны. Такі звычай можна сустрэць зараз хіба што толькі ў самой Літве — рэшткі даўніх традыцый.

Імша скончаная і яшчэ нядаўна літоўскамоўныя бабулькі, заматаныя ў рознакаляровыя хусткі, пакідаюць касьцёльныя сьцены. Ля брамы яны баваяць час у чаканьні сыноўіх легкавушак размовамі пра жыцьцё. Размовамі па-беларуску, дарэчы. Мясцовыя кажуць, што сярод насельнікаў вёскі добра каб траціна літоўцаў набралася. Але максымум, на што могуць разьлічваць нелітоўскамоўныя, — гэта служба па-польску.

Школы літоўскай тут няма, мова забываецца. Але бацькі працягваюць запісваць дзяцей літоўцамі — пэрспэктывы лепшыя чакаюць іх у іншай краіне.

Гервяты
Хрышчэньне Летувы: традыцыя падобных драўляных крыжоў зусім ня звыклая для беларусаў

Яшчэ адзін гістарычны помнік Гервятаў — вадзяны млын на беразе ракі Лошы. Ён пабудаваны ў 19 стагодзьдзі па тэхналёгіі Фахверка — досыць унікальная зьява для Беларусі. Фахверк альбо прускі мур вядомы кожнаму па нямецкіх гарадах, дзе нясучы каркас дамоў запаўнялі муроўкаю і пакідалі бачным, разьдзяляючы фасад на панэлі рознай формы і надаючы будынку характэрны маляўнічы выгляд.

70 гадоў таму млын, як і жодзішкаўскі, выпрацоўваў электрычнасьць. Зараз млын выкарыстоўваецца ў якасьці амбуляторыі.

Гервяты

З мастку ля млына асабліва добра бачныя аркбутаны бакавой сьцяны касьцёлу — канструкцыі ў форме паўаркі, пры дапамозе якой цяжар скляпеньняў перадаецца на контрфорс. Гэты, а таксама некаторыя іншыя гатычныя элемэнты будынку, дазваляюць называць Сьвятатроіцкі гервяцкі касьцёл беларускім Норт-дамам.

Цікава, што стогадовы гервяцкі касьцёл ня ўнесены ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, куды ўваходзяць аб’екты, што ахоўваюцца дзяржавай. Гісторык Антон Астаповіч тлумачыць гэта тым, што "сьпісы складаліся мясцовымі чыноўнікамі, якія рабілі ўсё, каб паменшыць колькасьць гістарычных аб'ектаў у іх".

Ад Гервятаў да пляцоўкі будоўлі АЭС 8 кілямэтраў.

Гервяты
Вёска як вёска, адразу і не скажаш, што "загранічная"

Парада: калі папрасіць, ксёндз дазволіць падняцца на вежу. Яно таго каштуе.

Гервяты

Да 11 лістапада 2009 г. у менскім касьцёле Св. Сымона і Св. Алены праходзіць выстава фотаздымкаў Валерыя Вядрэнкі «Апосталы Гервят». 

Як даехаць да Жодзішак

З транспартам у гэтым рэгіёне сытуацыя сумная.З Маладэчна можна дабрацца да Гудагая на электрацыі (8.37, 15.53 і 18.03 ці ў 13.13 па выходных) альбо ранішнім цягніком Магілёў-Вільня (адпраўляецца ў 6:30 зь Менску). Пасьля варта шукаць шляхі ў Астравец, адкуль аўтобусы Астарвец-Маладэчна празь Гервяты ходзяць кожны дзень. Выезд з Астраўца ў 07:45, назад ён ідзе ў 17:09. Як бачна, гэты варыянт з-за адсутнасьці хуткага транспарту ў Астравец, не падыходзіць. З Гудагаю ў Маладэчна электрацыі выходзяць у 5.29, 10.38, 17.56, 20.08, а таксама ў 15.18 па выходных.

Для грамадзян з Шэнгенам ёсьць іншы, больш экзатычны шлях. Зь Вільні кожны дзень у 06:20 ходзіць аўтобус Вільня-Гіры, які вяртаецца ў Літоўскую сталіцу ў 19:10.

З папярэдняга пункту вандроўкі, Жодзішак, шанцаў трапіць у Гервяты без уласнага аўто, ровару альбо аўтаспыннага майстэрства няма. У дадзеным выпадку варта праявіць кемлівасьць.

Мапа рэгіёну


Глядзеіце Вандроўкі: Астравец на большай мапе


Чытайце пачатак ПраДарожжа па Астравеччыне ў артыкуле «Вяртаньне да вялікай вады: псыхічныя стыхіі Жодзішак». Наступным разам працягнем у Міхалішках!

Чытайце таксама пра гарады й мястэчкі папярэдніх ПраДарожжаў: Іўе, Бабруйск, Юрацішкі, Жэмыслаўль, Суботнікі, Геранёны, Вільня, Ліда, Заслаўе, Вязынка, Жылічы, Нясьвіж, Радзівілмонты і іншыя.

Аўтар фота Julia_fox, малюнак мапы — tarka

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0675 seconds.