Сармацкі дух у паўсотні кілямэтраў ад Вільні

Міхалішкі

Міхалішкі — самая сапраўдная Віленшчына (да Вільні ўсяго 54 км). Блізасьць сталіцы вызначыла лёс мястэчка: за кароткі час тут насуперак усяму зьявіліся касьцёл, а пасьля і кляштар аўгустынцаў. Пазьней у Міхалішках паўстаў палац і нават уласная ратуша. Ня ўсе гэтыя помнікі захаваліся, але чатырохсотгадовай даўніны гісторыя жыве ў тоўстых міхалішскіх сьценах.

Міхалішкі ўпершыню ўзгадваюцца ў XV ст. як уладаньне Радзiвiлаў. А адна з галоўных падзей у гісторыі вёскі адбываецца ў 17 стагодзьдзі, калі свае дзьверы адчыніў касьцёл архангела Міхаіла.

Унікальны ён тым, што асьвяцілі яго ў самым пачатку 70-ых гадоў 17 стагодзьдзя. Адразу пасьля вялікай вайны 1654–1667 гадоў, у час якой беларусы адбіваліся з аднаго боку ад маскоўцаў, з другога боку ад швэдаў. Мы адстаялі сваю незалежнасьць, але ў выніку страцілі большую палову свайго насельніцтва. Тое быў час татальнай разрухі, эпідэміяў і голаду.

Але не зважаючы ні на што ў 70-ых гадах касьцёл аўгустынцаў сканчаюць будаваць. Значыць, пачатак будаўніцтва прыйшоўся на час вайсковых дзеяньняў.

«Гэта наколькі была моцная сіла веры, жаданьне ахвяраваць грошы на гэтую сьвятую хрысьціянскую справу, каб будаваць касьцёл у тыя гады», — адзначае гісторык Антон Астаповіч.

Так Беларусь атрымала касьцёл, які сваім моцным, строгім фасадам сармацкага барока здольны перанесьці ў часы сярэднявечнага рыцарства. Узьведзены касьцёл паводле праекта віленскага архітэктара-бельгійца Крыштапа Пэнса.

Міхалішкі

Паспрабуйце трапіць у касьцёл, каб пабачыць кантрастуючае з аскетычным фасадам шыкоўнае аздабленьне касьцёлу, выкананае віленскімі майстрамі. Ратуша на жаль не захавалася, як і кляштар, рэшткі якога выкарыстоўвалі ў савецкія часы для ўзьвядзеньня палаца культуры.

Міхалішкі
Так выглядалі Міхалішкі у 19 ст.

Нягледзячы на тое, што праз Міхалішкі праходзіць адзін з самых хуткіх шляхоў з Расеі ў Літву, траса Р45, альбо шлях Стэфана Батуры, ні ў самой вёсцы, ні ў бліжэйшых населеных пунктах, ні ў паўсотні кілямэтраў ад гэтых пунктаў няма ніводнага аб’екту прыдарожнай інфраструктуры. Таму патэнцыйнаму турысту пры ўсім жаданьні вельмі цяжка знайсьці магчымасьць перакусіць і адпачыць у час сваёй бясспрэчна цікавай вандроўкі па паўночна-заходняй Беларусі.

Але пытаньне дзе паесьці і адпачыць становіцца ўсё менш актуальнай: які турыст папрэцца бадзяцца ў 10-кілямэтровую зону вакол АЭС, будаўніцтва якой, гледзячы па ўсім, вось-вось тут пачнецца.

Як даехаць да Міхалішак

Ад Астраўца да Міхалішак на аўтобусе ехаць каля паўгадзіны. Адтуль ходзіць некалькі рэйсаў. Ёсьць аўтобусы і з боку Сьвіры, і нават прамы ад Гародні (выходзіць у 7:45, назад у 14:57).

Калі вы едзеце з боку Гервятаў, кіньце позірк направа ад дарогі: хутка на гэтых ўзгорыстых палях зьявіцца плот беларускай атамнай станцыі.

Мапа рэгіёну

Глядзіце Вандроўкі: Астравец на большай мапе

Чытайце пачатак ПраДарожжа па Астравеччыне ў артыкуле «Вяртаньне да вялікай вады: псыхічныя стыхіі Жодзішак». Наступным разам працягнем у Быстрыцы!

Чытайце таксама пра гарады й мястэчкі папярэдніх ПраДарожжаў: Іўе, Бабруйск, Геранёны, Жэмыслаўль, Суботнікі, Геранёны, Вільня, Ліда, Заслаўе, Вязынка, Жылічы, Нясьвіж, Радзівілмонты і іншыя.

Аўтар фота Алесь Bezuher, малюнак мапы — tarka

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0678 seconds.