Жарсьці па АЭС на Астравеччыне

«Астравецкая Швэйцарыя» ці яшчэ адно месца, дзе слова «радыяцыя» стане надзённым? На Астравеччыне ў 134 км ад Менску праз 7 год зьявіцца першая беларуская АЭС. Што думаюць пра АЭС мясцовыя жыхары і ўлады, а таксама экспэрты, паспрабаваў высьветліць Generation.bY.

 

Астравецкія землі — ціхі і спакойны куток, дзе жывуць этнічныя літоўцы, палякі, беларусы. Яны сустракаюцца на нядзельнай імшы, якая, як напрыклад у Геранёнах, ідзе па-літоўску. Тут павольная Вілія нясе плыні ў Вільню, дзе ператвараецца ў сталічны Нерыс. 

Атамная электрастанцыя будзе ўзьведзеная недалёка ад вёскі Міхалішкі. Зараз тут пустыр і дарогі нават добрай няма, каб праехаць. Але ў раёне будучай будоўлі ўжо пачынаюць варушыцца: хутка дарогі будуць пашыраныя і заасфальтаваныя, пачнецца ўзьвядзеньне гарадку будаўнікоў. З гэтым фактам мясцовыя ўлады і тыя, хто выступае за будаўніцтва, зьвязваюць галоўныя выгоды ад будоўлі АЭС для жыхароў Астравеччыны.

«Людзі спадзяюцца, што сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё ў раёне атрымае дадатковы імпульс, будуць стварацца новыя працоўныя месцы і разьвівацца сацыяльная сфэра», — кажа намесьнік старшыні па ідэалягічнай працы Астравецкага райвыканкама Віктара Сьвіло.

«Людзі ўсё выдатна разумеюць, што тыя тысячы людзей, якія прыедуць і ўладкуюцца працаваць, трэба прытуліць, накарміць, даць мэдыцынскія абслугоўваньне, адукацыйныя паслугі і г.д. Гэта значыць, зьявяцца новыя працоўныя месцы».

Пра тое, што «людзі ўсё выдатна разумеюць», Сьвіло даведаўся з сацыялягічнага дасьледаваньня, якое, праўда, праводзіла дзяржаўная ўстанова «Дырэкцыя будаўніцтва АЭС».

Згодна з вынікамі іншага, апошняга сацыялягічнага дасьледаваньня, што было праведзенае НІСЭПД, 39.5% жыхароў Беларусі выступаюць за будаўніцтва АЭС, а 38.2% — супраць.

Як перадае БелаПАН, Віктар Сьвіло лічыць, што рашэньне пра будаўніцтве АЭС у Астравецкім раёне большасьцю жыхароў рэгіёну прынятае «адэкватна і аптымістычна», таму што людзі зьвязваюць з гэтым значныя эканамічныя выгоды.


Хутка ў гэтым полі пачнецца будаўніцтва АЭС.

Але ці жадаюць улады чуць іншае меркаваньне пра будаўніцтва АЭС? Зусім нядаўна астравецкі райвыканкам адмовіў актывістам грамадзкай ініцыятывы «Астравецкая атамная — гэтае злачынства» правесьці збор па пытаньнях будаўніцтва АЭС.

«Мы ня мелі ўсёй інфармацыі»

Упершыню прыярытэт астравецкай пляцоўкі агучыў 15 кастрычніка намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхась Міхадзюк.

Тады ён адзначыў, што выбар пляцоўкі — гэта «шматфактарная задача». Па яго словах, створаная дзяржаўная камісія па выбары пляцоўкі, улічвае ня толькі інжынэрна-геалягічныя і іншыя фактары пошукаў, але і такія фактары, як наяўнасьць водных рэсурсаў, а таксама сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё рэгіёну.

Спачатку мелася некалькі варыянтаў пляцоўкі. Але пасьля загадкавым чынам была выбраная астравецкая. Што стала сюрпрызам ня толькі для шарагоўцаў, але й для навукоўцаў, што ўсё жыцьцё займаліся ядзернай праблематыка.

Як пракамэнтаваў рашэньне камісіі не пажадаўшы назваць свайго імя супрацоўнік Інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў, «рашэньне пра будаўніцтва прымалася, калі мы ня мелі ўсёй інфармацыі. Яно [рашэньне] было для нас нечаканасьцю».

Якую інфармацыю меў на ўвазе навуковец?

«Монстар у сэрцы Астравечыны»

Так катэгарычна называе будучую АЭС старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антон Астаповіч. І першая крыніца, на якую ён спасылаецца, даказваючы «монстраноснасьць» пляцоўкі — нумар № 3 «Нашай Нівы» за 1909 год.

У ім маляўніча распавядаецца, як «трэслася зямля» падчас самага адчувальнага землятрусу ў гісторыі геалягічных назіраньняў у Беларусі — 7 бальнага «гудагайскага» землятрусу.

Цяпер у вёсцы Трокенікі, ад якой да пляцоўкі АЭС каля 10 кілямэтраў, вялікі роў. Яго варта бачыць, бо ён уражвае. Глыбінёю мэтраў 30, але ж працяглы на кілямэтры паўтары. Тут роў больш нагадвае ўзгоркі ўзьбярэжжа балтыкі дзесьці пад Гдыняй, а ня землі раўніннай Беларусі ў 50 км ад Вільні.


Частка 30-мэтровага рову. Зьняць усю яго шырыню цяжка без спэцыяльнай фотатэхнікі.

Навукоўцы тлумачаць гэтае геалягічнае ўтварэньне тэктанічнымі разломамі, што праходзяць празь Беларусь. На Віленшчыне і Астравеччыне іх цэлая сетка. Пускавы мэханізм утварэньня разломаў, падобных трокеніцкаму, — зьмяшчэньне літасфэрных плітаў у выніку землятрусаў.

Што думаюць пра разлом людзі, на якіх ляжыць адказнасьць за будаўніцтва АЭС? 9 кастрычніка 2008 году, загадчык лябараторыі Інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў Ваган Казанян заявіў: «Астравецкая пляцоўка знаходзіцца ў абсягу магчымага землятрусу. Зямля там растрэсканая, як сподак. А на разломах АЭС будаваць нельга. Таму цяпер геолягі і сэйсматэхнікі сярод разломаў вышукваюць месца, на якое можна паставіць станцыю».

Але ўжо праз паўгады спэцыяліст геафізычнай экспэдыцыі РУП «Белгеалёгія» дэпартамэнту па геалёгіі Мінпрыроды Вольга Боева заявіла: «Мы лічым, што Ашмянскі разлом, які праходзіць ў 25 кілямэтрах паўднёвей абранай пляцоўкі, ня мае нейкага вырашальнага значэньня пры будаўніцтве атамнай станцыі».

Ці ня гэтую «няпоўную» інфармацыю меў на ўвазе прадстаўнік Інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў? Цікава, што па меркаваньню навукоўцаў, будаўніцтва АЭС у Астравеччыне банальна будзе каштаваць менш:

«На Краснапалянскай [пляцоўцы] былі выяўленыя некаторыя моманты — наяўнасьць меней устойлівых грунтоў. На Кукшынаўскай пляцоўцы таксама былі сумневы з нагоды больш актыўнай разломнай тэктонікі… Будаўніцтва АЭС у гэтых раёнах падвысіла б кошт прац», — адзначыла спадарыня Боева.

Да Сьвіры — 19 км, да Нарачы — 40

Антон Астаповіч ужо шмат год арганізуе экскурсіі ў гэты рэгіён. Гэтыя мясьціны знакамітыя Гервяцкім касьцёлам, які называюць беларускім Нотр-Дамам. У тых жа Трокеніках стаіць сядзіба славутага мастака Богуша-Шышкі, які добра вядомы ў Вялікабрытаніі.

Пасьля пэўнага перапынку спадар Астаповіч стаў наведвацца на Астравеччыну часьцей.

— Даўно вас тут ня бачылі, — кажа загадчыца бібліятэкі, што знаходзіцца цяпер у сядзібе Богуша-Шышкі.
— Як пабудуюць АЭС, то больш мяне тут не пабачыце, — рэзка адказвае Астаповіч.

«Я пэсыміст», — кажа гісторык. «І не выключаю вельмі вялікую магчымасьць пабудовы АЭС у рэгіёне. Калі будзе распачатае будаўніцтва, то мы наўрадці сюды зноўку паедзем».


Гервяты. Млын і Касьцёл. 8 км ад АЭС. 60 год таму Астравеччына была здольная сама забясьпечваць сябе энэргіяй.

Дом Богуша-Шышкі стаіць у некалькіх дзесяткаў мэтраў ад разлому, але бібліятэкарка нічога ня ведае пра прыроду яго зьяўленьня. Сапраўды, цяжка ўявіць, што 30-мэтровы роў тут існаваў ня тысячы год, а зьявіўся нейкае стагодзьдзе таму.

Я пытаю ў бібліятэкаркі пра пэрспэктыву суседзтва з АЭС. Яна сыходзіць ад адказу, але бачна, што магчымасьць згубіць нават тую сотню турыстаў, якім яна ахвотна раз на месяц паказвае няхітрую экспазыцыю Богуша-Шышкі, ня надта падабаецца ў ёй.

«Плот будучай станцыі пачнецца пад Міхалішскім касьцёлам і скончыцца ля Гервяцкага касьцёлу», — кажа спадар Астаповіч. — «Гэта адзін з апошніх куткоў Беларусі, дзе няма радыёактыўнага забруджваньня, дзе амаль няма прамысловых прадпрыемстваў. І тут мы зьбіраемся будаваць АЭС».

«Але каб мы будавалі тую АЭС! Сучаснае будаўніцтва АЭС — гэта высокатэхналягічны працэс. А мясцовая насельніцтва, у асноўным, займаецца сельскагаспадарчай вытворчасьцю. Для мясцовых у лепшым выпадку тут будуць месцы чорнарабочых. Высокакваліфікаваных людзей будуць запрашаць. А высокакваліфікаваных супрацоўнікаў у Беларусі амаль няма. Гарадок ядзершчыкаў на Астравеччыне — гэта рускі анклаў у сэрцы беларускай зямлі».

Прадстаўнікі міністэрства энэргетыкі ўжо паведамілі пра магчымасьць далучэньня інжынэрынгавай кампаніі, магчыма, з Расеі, да будаўніцтва АЭС.

На пытаньне пра лёс гістарычных і прыродных помнікаў Віктар Сьвіло кажа:

«Я лічу, што з культурнымі, гістарычнымі і прыроднымі помнікамі Астравецкага раёну нічога ня здарыцца».

Краязнавец, жыхар Варнянаў, якія таксама недалёка ад пляцоўкі, Алесь Юркойць лічыць адваротнае:

«Як краязнавец паводле прызваньня і географ паводле адукацыі я ведаю, што ні ў гісторыка-культурным, ні ў прырода-эколяг-рэкрэацыйным пляне, ні адна з прапанаваных пляцовак і блізка ня можа параўноўвацца з Астравецкай. Гаворка ідзе пра разбурэньне ўнікальных прыродных комплексаў, якія знаходзяцца на берагах ракі Віліі».


Алесь Юркойць добрае ведае край, дзе ён нарадзіўся і жыве. Варняны ў 12 км ад пляцоўкі будаўніцтва АЭС

Да возера Нарач ад Міхалішак — 40 км, да групы Сарачаскіх азёраў — 14. Хто, пытаюцца Астаповіч і Юркойць, паедзе цяпер адпачываць так блізка да АЭС? А зараз, адзначаюць яны, Нарач ёсьць вельмі папулярнае месца адпачынку, і ня толькі ў беларусаў.

А турыстычны патэнцыял у самой Астравеччны вялікі. Спадар Юркойць прыгадвае словы Адама Мальдзіса, які называў гэтыя землі «астравецкай Швэйцарыяй». Праўда, зараз інфраструктура тут зусім ня разьвітая. Нават перакусіць турысту пакуль амаль няма дзе, бо прыдарожныя сэрвісы адсутнічаюць.

Зь іншым актывістам антыядзернага руху на Астравеччыне, лідэрам грамадзкай ініцыятывы Нікалаем Уласевічам, сустрэцца ўвогуле не атрымалася, бо за дзень да нашага прыезду ён трапіў у шпіталь. Адбылося гэта пасьля вобшуку ў яго кватэры.

Што далей?

Справа несупынна рушыцца ў бок будаўніцтва АЭС. Ні фінансавы крызыс, ні пратэсты мясцовых жыхароў, ні грамадзкая думка, здаецца, ня здольныя спыніць машыну, якая была запушчаная паўгады таму.


Карта-схема Астравецкага мэтрапалітэну ў вэрсіі газэты "Мірны Атам".

Але ўжо можна казаць, што яшчэ без рэактару ў Беларусі сталі зьяўляцца першыя прадукты ядзернай рэакцыі. Вось адзін зь іх: тэма будаўніцтва АЭС натхніла творчых людзей на стварэньне сапраўды арыгінальнага прадукту — газэты і сайту «Мірны Атам». Зачытацца ёю можна тут.

Чытайце хутка шмат падрабязных Прадарожжаў па Астравеччыне. Яшчэ ёсьць шанец убачыць яе цуды!

Аўтар фота Юля Сакалоўская.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0582 seconds.