Пачаўся збор заявак на рок-фэст у Полацку LIVEinROCK

LIVEinROCK (былая «Ноч Ваўкалака») — рок-фэст, галоўнай мэтай якога ёсьць падтрымка беларускамоўных выканаўцаў. Праводзіцца імпрэза ў 2 дні: 14 і 15 лістапада.

«Ноч Ваўкалака» ладзілася ў Полацку зь ініцыятывы выкладчыцы беларускай мовы і паэткі Леры Сом двойчы. У 2007-м на першай «ночы» прайшла прэзэнтацыя альбому гурта Indra «Сонца вакол», а таксама зь Менску на фэст завітаў Ulis. Другая «ноч» прайшла ў мінулым годзе і ўпершыню з конкурснай часткай — тады пераможцам стаў гурт «Da!Бл…» зь вёскі Нарач, а ў якасьці менскіх гасьцей прыехаў Neuro Dubel.

Сёлетні LIVEinROCK-фэст працягне традыцыі «Ночы Ваўкалака». Арганізатарамі фэсту, полацкім рок-клюбам LIVEinROCK, прадугледжаныя каштоўныя прызы для пераможцаў фэсту, асноўны зь якіх — запіс у прафэсійнай студыі.

Каб прыняць удзел у фэсьце, неабходна даслаць арганізатарам інфармацыю пра гурт:

  • прэс-рэліз, дэмазапіс — 1 (ці больш) песьні ў фармаце мр3 на беларускай мове альбо відэазапіс;
  • тэксты песень, якія будуць выконвацца;
  • фота гурта і асобныя фота ўдзельнікаў гурта.

Заяўкі прымаюцца да 5 лістапада 2009 года на e-mail: liveinrock2009@gmail.com.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0812 seconds.