На «Ночы Ваўкалака» перамог гурт «Da!Бл…»

У нядзелю ўвечары сталі вядомыя пераможцы полацкага рок-фэсту «Ноч Ваўкалака». Прыемнай нечаканасьцю стаў выступ гурта «Da!Бл…» зь вёскі Нарач — за што і атрымаў гран-пры і прыз глядацкіх сымпатыяў. Усяго было сем канкурсантаў, у якасьці сталічных гасьцей прыехаў Neuro Dubel. Адна з арганізатарак фэсту, паэтка Лера Сом запэўніла, што і надалей арганізатары будуць імкнуцца праводзіць фэст.


Гурт «Da!Бл…» выступае на Ночы Ваўкалака 2008. Фота ximik.info.

У конкурснай частцы выступілі: «Argentum» (Віцебск), «Da!Бл…» (в. Нарач), «Denial of Life» (Наваполацак), «Алмазны Фронт» (Віцебск), «Акропаль» (Смалявічы), «Восьмыдзень» (Віцебск), «РоСтра» (Менск). 

Лера Сом прызналася Generation.by, што і для яе самой вынікі конкурсу сталі нечаканымі — перамог гурт «Da!Бл…» зь вёскі Нарач Мядзельскага раёну. Водгукі пра выступ самыя найлепшыя, а хутка яго змогуць пачуць і тыя, хто на фэст не патрапіў: галоўным прызам стаў запіс песьні на студыі ў Менску:

«Гурт даслаў самы дрэнны па якасьці запіс. А падчас фэсту выступілі лепей за ўсіх».

Нагадаем, што арганізатары абралі ў якасьці галоўнага прыза менавіта запіс — каб гурт меў нейкі фізычны вынік сваёй перамогі:

«На маю думку, гурт мусіць разьвівацца далей. А прызавыя месцы на многіх конкурсах нічога не даюць апроч прыемнага адчуваньня», — лічыць Лера. І дадае: «Радуе, што ўражаньні ад „Ночы Ваўкалака“ ў людзей засталіся самыя добрыя. Конкурсная частка нават зацягнулася, таму хэдлайнэры — гурт Neuro Dubel — выступалі трохі меней».

Апроч Neuro Dubel, на сцэну ў якасьці гасьцей выйшлі віцебскі гурт «Kripa» і полацкі гурт «Indra». Удзельнікі апошняга да таго ж, разам з Лерай Сом, зьяўляюцца і арганізатарамі фэсту. 

«Ноч Ваўкалака» прайшла ў другі раз, але летась не было конкурснай часткі. Нягледзячы на тое, што ўсё атрымалася, Лера Сом не сьпяшаецца загадваць на наступны год, але запэўнівае, што працягваць «Ночы Ваўкалака» вельмі хочацца.

Пераможцы «Ночы Ваўкалака»2008

  • Гран-пры: «Da!Бл…» (в. Нарач)
  • Прыз за лепшае гучаньне: «Акропаль» (Смалявічы)
  • Прыз за лепшае шоў: «Denial of Life» (Новаполацак)
  • Прыз глядацкіх сымпатыяў: «Da!Бл…» (в. Нарач)
  • Спэцыяльны прыз ад Інтэрнэт-праекту ximik.info: «Восьмыдзень» (Віцебск)

SlaDa 21:55, 07/04/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1166 seconds.