IQ48: Празь сетку — у розум!

Праз свае крыніцы Generation.bY стала вядома, што госьці з Марсу, аб’яднаныя кодавай назвай IQ48, дзёрзка не задаволеныя. Не задаволеныя яны колькасьцю зямлянаў, якія ўжо даўна прынялі як непазьбежнае, што «марсіяне даўно ўжо тут».

«Такіх зямлянаў павінна быць значна больш, бо нашая мэта — гэта абсалютны і агульны кантроль над усёй чалавечай расай, над усёй плянэтай Зямля, а можа і над усёй галяктыкай!» — так заяўляюць прышэльцы з IQ48, якія вярнуліся з канцэрту ў Беластоку і зьбіраюцца на «Рок-каранацыю 2008».

 

Згаданыя іншаплянэтныя істоты вырашылі працягнуць сваю зямную экспансію празь Сеціва. Канкрэтныя сродкі захопу — сусьветна вядомыя і шырока наведвальныя людзьмі з розных краінаў сацыяльныя сеткі myspace.com, lastfm.ru, be-x-old.wikipedia.org, бо менавіта тут можна лёгка ўладарыць над абсалютна рознымі людзьмі. Рэлігійныя, полавыя, інтэлектуальныя адметнасьці зьнікаюць у сацыяльных сетках практычна адразу. Тут яны ня граюць практычна ніякай ролі, а таму зьняволены зямлянін становіцца вельмі лёгкай здабычай касьмічных гасьцей з Марсу!

На разьвітай чырвонай плянэце — сёмай па велічыні ў Сонечнай сыстэме — даўна вядома, што інфармацыя — самая моцная зброя. Таму разумна і прадумана здаровыя лосі разьмясьцілі на інтэрнэт-старонках масавых міжнародна-чалавечых камунікацыяў дакладную інфармацыю пра сябе. Так бы мовіць — «зь першых марсіянскіх вуснаў».

Ужо зараз інтэрнэт-пасяленьні прышэльцаў з космасу карыстаюцца папулярнасьцю зямлянаў з Грузіі, ЗША, Нямеччыны, Партугаліі, Украіны, Польшчы, Расей, Літвы і іншых краінаў.

Як паведаміў адзін з марсіянаў, так званы Яўген Бузоўскі, у плянах — захоп зямлянаў у агульнаплянэтарных маштабах:

«Пачнем з сайта odnoklassniki.ru. Каб заблытаць зямлянаў і ўзяць уладу на Зямлі ў свае рукі, будзем выстаўляць дрэнныя адзнакі прыгожым людзям і выдатныя — вельмі непрыгожым!».

Неабходна зазначыць, што свой захопніцкі плян гурт пачаў ажыцьцяўляць ня толькі віртуальна, але і рэальна, выступіўшы 6 сакавіка ў Беластоку на імпрэзе, пад час якой трансьляваліся лепшыя беларускія відэакліпы, праходзіла фота-выстава і гучала жывая музыка ў выкананьні энэргетычных IQ48. Зямляне-палякі-беларусы сталі першымі ахвярамі новай касьмічнай ідэалёгіі IQ48.

Па словах супрацоўнікаў NASA, прагназаваць, дзе будзе наступны моцны «марсіянскі напад», а тым больш спыніць яго, ужо практычна немагчыма. Хутчэй за ўсё, «марсіянаў» можна будзе пабачыць 14-га сакавіка ў Маладэчна, на цырымоніі «Рок-каранацыя».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0627 seconds.