«Залатая акустыка» падыходзіць да свайго завяршэньня: у Менску адбыўся другі фінал конкурсу

30 студзеня ў клюбе Bronx прайшоў другі фінал «Залатой акустыкі». Конкурс працягваецца ўжо чацьверты месяц і праводзіцца другі год запар. Матывацыя ў гуртоў дастаткова моцная: галоўны прыз — здымкі кліпа на 10 000 даляраў.

«Прадусарскі цэнтар зь ліку арганізатараў займаецца ў асноўным папсой, але вырашылі заснаваць таксама конкурс для пошуку музычнага андэграўнду, празь які абярэм маладыя гурты для далейшай падтрымкі», — тлумачыць Generation.bY ідэю мэнэджэрка праекту. Асаблівасьці фэсту, выступы ў другім фінале гуртоў «ДзеціДзяцей», Akana-NHS, The Blackmail, Атмараві, Hush, фота з канцэрту — у артыкуле.

Ідэя і правілы, арганізацыя і прызы

Праект «Залатая акустыка» распачаты ўвосень 2008-га з мэтай папулярызацыі акустычнай музыкі, прамоцыі таленавітых музычных калектываў і разьвіцьця клюбнай культуры. Канцэрты традыцыйна праходзілі ў клюбе Bronx кожны панядзелак, аўторак і сераду. А арганізуюць фэст прадусарскі цэнтар NonStopRecords, радыё «ОНТ» і клюб Bronx у якасьці канцэртнай пляцоўкі.

Традыцыйна NonStopRecords супрацоўнічае і падтрымлівае такіх беларускіх выканаўцаў як Уладзімір Ухцінскі, Аляксей Хлястоў, Георгій Калдун, Іна Афанасьева і г.д. Але ў размове з Generation.bY Кацярына — мэнэджэрка праекту «Залатая акустыка» — патлумачыла зварот арганізатараў да маладых альтэрнатыўных гуртоў:

«NonStopRecords займаецца ў асноўным папсой. Але да прадусарскай агенцыі часта зьвярталіся маладыя гурты па падтрымку і прамоцыю. Цяжка было абраць кагосьці аднаго, таму было вырашана заснаваць конкурс, мэта якога — пошук музычнага андэграўнду і выбар гуртоў, якія можна будзе падтрымліваць».

У конкурсе ўдзельнічалі гурты, якія граюць блюз, джаз, соул, поп-рок і рок. Лепшых абірала журы, слухачы галасаваньнем пад час імпрэзаў, а таксама шляхам інтэрнэт-галасаваньня на працягу сутак пасьля кожнага канцэрту. У выніку ў фінал выйшлі: «БульварЪ», «Мамкины бусы», «Ребус Нелишних», Karavan, Tok Rukoo, «Детидетей», Akana-NHS, The Blackmail, Атмараві, Hush. Шэсьць зь іх апошні раз у межах конкурсу праявяць сябе на галя-канцэрце 13 лютага, дзе і будуць агучаны разьмеркаваныя месцы.

Рэйтынгі выканаўцаў зараз трымаюцца ў сакрэце, каб захаваць інтрыгу. Галоўны прыз — здымкі кліпа, эквівалентнага 10 000 даляраў, PR і прамоцыя ад прадусарскага цэнтру «NonStopRecords», ратацыя на радыё «ОНТ» (арганізатары пакідаюць за сабой права выплаты эквівалента альбо здымкі відэакліпа). За другое месца арганізатары абяцаюць 1000 даляраў, за трэцяе — 500, узнагароджаньне ўдзельнікаў дыплёмамі і памятнымі падарункамі, арганізацыя гастрольнага туру па гарадох Беларусі.

Апошні фінальны канцэрт

Параўнальна з габарытамі клюба, можна сьмела зазначыць, што публікі было мала.

«У нашым жыцьці шмат сьвятаў. Нават тое, што мы тут — таксама сьвята»

Першым на сцэну выйшлі опэрна строга і выкшталцона апранутыя музыкі з Akana-NHS. Жартаўлівая, амаль мульцяшная песьня «Каза», «вельмі імправізаваная» «Пчолка», «Вецярок вее»… Моцныя галасы ў спалучэньні з фолькавай музыкай адразу расслабілі пасьля працоўнага тыдня і зачаравалі слухачоў.

Akana

Руся шмат камунікавала з публікай, прадстаўляючы кожную песьню: «У нашым жыцьці шмат сьвятаў. Нават тое, што мы тут — таксама сьвята». Не шкадуючы, вакалістка прысьвячала песьні дарагім людзям. Як, напрыклад, сваёй сяброўцы, «якая хутка стане мамай», і яе дзіцёнку: «Каб дзіцёнак нарадзіўся нашым чалавекам, мы вырашылі падараваць яму песеньку, якая так і называецца «Песенька харошая».

«Добрую музыку граюць. Яны павінны быць тут!»

Прадстаўляючы наступны гурт вядучы Антон Бяляеў працытаваў аднаго зь сябраў журы, які зазначыў: «Добрую музыку граюць. Яны павінны быць тут! Для тых, хто ўвайшоў у rush, выступае гурт Hush!»

Hush

І загучала музыка без вакалу — лёгкая, прыемная — такая, што цела плаўна само падаецца ў танец. Сваім жывым выкананьнем гурт разварушыў залю.

Наступны The Blackmail падзякавалі гурту Hush, «якія вельмі клясныя музыкі», і выканаў песьню Lonely heart.

The Blackmail

«Я пастараюся ўзарваць вашую сьвядомасьць і адарваць вас ад звыклага»

Атмараві быў прадстаўлены згадкамі яго ўласных словаў: «Я пастараюся ўзарваць вашую сьвядомасьць і адарваць вас ад звыклага». Адсюль і сугучны псэўданім выканаўцы.

Атмараві

Глыбокадумныя тэксты і незвычайны, моцны вакал, вельмі музычная манера выкананьня моцна ўражваюць, асабліва калі чуеш яго ўпершыню.

«Мечтаю я, мечтаешь ты»

Вядучы Антон Бяляеў так і хацеў прадставіць «Детидетей» як «Унукі». Гурт быў яўным фаварытам канцэрту. Відаць, было, што яго цярпліва чакалі.

ДзеціДзяцей

Першая песьня — беларускамоўная — «Соль ды палын». Далей «усім прысутным і не прысутным тут дамам» Ганна прысьвяціла песьню «Другая». Былі песьні пра мары, пра сэнс жыцьця, пра аптымізм і веру, філязофскія і жартаўлівыя, радасныя і глыбокадумныя адначасова. «Ніхто ня спыніць нашыя крокі» — завяршыла выступ.

Залатая акустыка

«Калі вы рухаецеся — вы заўжды дасягняце вынікаў»

Напрыканцы на сцэну выйшлі прадстаўнікі журы, якое ацэньвала два фінальныя канцэрты. У склад журы ўвайшлі Алег Хаменка (лідэр гурта «Палац»), Аляксандар Патліс (экс-саліст гурта «Новый Иерусалим»), Уладзімір Угольнік (кампазытар і гітарыст), Сяргей Ждановіч (прадстаўнік NonStopRecords), Дзяніс Вавілаў (прадстаўнік радыё «ОНТ»). У цэлым сябры журы ў сваіх прамовах былі вельмі натхнёнымі і задаволенымі, гурты ім «вельмі спадабаліся». А найстарэйшы сябра журы Ўладзь Угольнікаў прызнаўся:

«Я сёньня памаладзеў год на 40 — настолькі шчыры пасыл са сцэны я адчуваў. Ваш энтузіязм і харызма перадаюцца і адчуваюцца. Мы вам вельмі ўдзячныя».

Экспэрты пажадалі гуртам «працягваць працаваць», а гледачам — «заставацца вернымі сваім музыкам. Гэта ўсё ж такі толькі конкурс, а жыцьцё ў кожнага сваё».

Болей фотаздымкаў у фотаблогу Generation.bY

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1654 seconds.