Завершаны музычны конкурс Bandscan:Belarus: з канцэртамі ў Стакгольм едзе менскі The Toobes

The Toobes 

25 студзеня ў менскім клюбе Fabrique адбыўся фінал беларуска-швэдзкага музычнага праекту Bandscan:Belarus. З 36 гуртоў, якія спаборнічалі між сабой у адборачных канцэртах у Віцебску і Баранавічах, а таксама пад час двух менскіх чвэрцьфіналаў і паўфіналу ў заключную частку конкурсу выйшлі 6 лепшых па вынікаў глядацкага галасаваньня. Згодна з меркаваньнем гледачоў фінальнага канцэрту пераможцам конкурсу стаўся менскі The Toobes. Якімі ж былі выступы найлепшых шасьці фіналістаў — у выніковым матэрыяле.

Па шматлюднасьці і эмацыйным запале публікі фінал беларуска-швэдзкага праекту нельга нават параўнаць з папярэднімі менскімі этапамі конкурсу, якія традыцыйна праходзілі ў клюбе Fabrique. Адсутнасьць вялізных чэргаў, магчымасьць падысьці ўшчыльную да сцэны і бачыць, што на ёй адбываецца, прыемна зьдзівілі. Парадавала рознакаляровая стылёвасьць публікі, якую сустрэнеш не на кожным сталічным канцэрце. Таксама можна адзначыць кампутарызаванасьць выступаў і заклікі выступоўцаў спампоўваць іх кампазыцыі ў Сеціве — у ЖЖ ці кантакце.

«Мы не хотим быть, как все»

Пасьля афіцыйнага адкрыцьця фіналу прадстаўнікамі арганізатараў са швэдзкага і беларускага бакоў першымі на сцэну выйшлі Jenowa зь Віцебску. Гэта, дарэчы, быў адзіны гурт-канкурсант за вечар, які выканаў некалькі песень па-беларуску.

«Мы приехали к вам с очень честной музыкой», — прадставіла свой рэпэртуар пра «много боли и секса» вакалістка. І дадала са зваротам да слухачоў: «Вы пришли сюда не чтобы отдыхать, а чтобы научиться думать и чувствовать». І далей прагучала песьня, як прызнаньне: «Мы не хотим быть, как все, но, играя, мы теряем всё живое внутри».

«Все мои мысли — ниже пояса»

RU.ST 

Вакаліст бабруйскага RU.ST прызнаўся што ў «Мулен Ружы» - Fabrique адчуў сябе мадам Жужу і выгукнуў назву песьні «Мэтрасэксуал». Галоўныя тэмы ўсіх наступных кампазыцый таксама гарталіся вакол сэксу ці былі наўпрост пра яго. Назвы і словы тэкстаў — адпаведныя: «Кто трахнет тебя?!», «Я не герой и не боец. Я просто вспомнил, что я — самец», «Все мои мысли ниже пояса — я нахожусь в стадии поиска». Пад уладай уласных матываў вакаліст пачаў стрыптызава сьцягваць зь сябе кашулю адразу на сцэне, пасьля расшпіліў нагавіцы.

Завяршыўся выступ песьняй «Отстой»… Ці «Ацтой»…

Тэмпэратура і настрой у залі накаляліся з кожнай гадзінай працяглага канцэрта.

«Metall till death»

Minas Morgul 

Музыканты гурта Minas Morgul зь Віцебску разам са сваімі фанатамі адрываліся пад сваё цяжкое гучаньне, пасьля чаго вакаліст у майцы «Metall till death» дзякаваў са сцэны: «Отлично Минск! Молодцы!» «Друзьям из Швеции» была прысьвечана песьня, зь якой па-ангельску цяжка было штосьці зразумець.

«Спасибо so much!»

Hair Peace Salon 

Hair Peace Salon зь Менску чарговы раз парадавалі сваім альтэрнатыўным брыт-рокам. Хлопцы па-джэнтэльменску прыгадалі Тацянін дзень і прысьвяцілі ўсім Тацянам песьню «Ice Age», а песьню «Gipsy» — усім цыганам, цыганкам і мядзьведзям. Таксама саліст гурта ветліва павітаў усіх фанатаў іншагародніх гуртоў, якія прыехалі, каб іх падтрымаць, і не забыліся прарэклямаваць свой наступны канцэрт. Хлопцы з Hair Peace Salon інтэлігентна, як ніхто, падзякавалі швэдам-арганізатарам па-ангельску, а Сашы Багданаву ў хваляваньні сказалі: «Спасибо so much!»

«Я больше не хочу совдеп!»

«Воронин Бэнд» з Баранавічаў выйшаў у майках з надпісам назову свайго гурта на сьпінах. Пад час выступу музыкі рэгулярна паварочваліся да публікі сьпіной — «не задам», заклікаючы гледачоў прыгадаць надпіс на галасаваньні. Першай песьняй свайго выступу гучна абвесьціў: «Нет! Нет! Я больше не хочу совдеп! Я больше не хочу сарай!. Я выбираю лучше рай!». А калі б яна «знала, сколько на солнце пятен», яна б яго «любила ещё сильней, чем прежде!» Прагучала песьня «I love you baby», нагадаўшы сабой аднайменны швэдзкі гурт — госьць паўфіналу.

Вынікі, пераможцы, госьці

Па колькасьці прысутных фэнаў The Toobes быў абсалютным лідэрам. Многія з тых, хто прыйшоў падтрымаць любімы гурт, цярпліва прачакалі чатыры гадзіны, каб нарэшце адарвацца напоўніцу. Таньчыла амаль уся заля, амаль усе з тых, хто застаўся да канца. Былі і такія, хто прыйшоў на фінал, каб адмыслова паслухаць The Toobes, бо чулі добрыя водгукі пра гурт. Сярод зацікаўленых быў і Філіп Чмыр — лідэр гурта Drum Ecstasy.

Госьці — швэды з гурта Pluxus — зладзілі на сцэне цэлае лазэрнае шоў, ператвараючы сцэну ў цёмны камяністы лес. Электронная музыка супакоіла самых разгарачаных і ўвяла ў лёгкі транс.

Пад час выступу гасьцей былі падлічаныя бюлетэні для галасаваньня і абвешчаны вынікі. Другое месца ўзяў Hair Peace Salon, трэцяе — RU.ST, чацьвертае — «Воронин Бэнд», а пятае — Minas Morgul. Усе гурты атрымалі па адзінцы музычнага абсталяваньня, сярод якіх былі гітара, мікрафон, барабаны, бас-комбік і гітар-комбік. А шчасьлівы пераможца — The Toobes — паедзе з сэрыяй канцэртаў у Швэцыю, па ацэнцы арганізатара Сашы Багданава «праз пару месяцаў».

«Ня варта прымаць удзел у конкурсе, калі не разьлічваеш перамагчы»

The Toobes

Хлопцы з The Toobes не хавалі сваёй радасьці: падкідвалі адзін аднаго, абдымаліся і пазавалі на камэры. У камэнтары Generation.bY яны назвалі гэтую перамогу, на якую «канешне, разьлічвалі», бо «ня варта прымаць удзел у конкурсе, калі не разьлічваеш перамагчы», «першым крокам наперад і доказам любові прыхільнікаў». «Мы — упэўненыя ў сабе і рабілі толькі тое, што ўмеем».

 

Так, конкурсны беларуска-швэдзкі праект, які цягнуўся тры месяцы, завершаны. Арт-дырэктар незалежнай прадусарскай кампаніі Bo Promo Group Саша Багданаў ацэньвае яго як пасьпяховы і «вынікамі задаволены». А ў размове з Generation.bY дадаў, што «у прынцыпе, усё ішло так, як заплянавана» і падзяліўся плянамі разьвіць праект у будучыні, але ў адваротным фармаце: «Швэдзкія гурты будуць спаборнічаць у Швэцыі, а беларускія будуць запрошаныя ў якасьці гасьцей». Але гэта пакуль толькі пляны, «Эўропа зараз нестабільная», — дадаў Аляксандр.

Глядзіце болей здымкаў у фотаблогу:

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0749 seconds.