Плябань — вандроўка на той сьвет, Дубрава — легенда Дзявочай гары

Плябань — цудоўная назва, якая зацікавіць кожнага вандроўніка. «Што за лаянка», — падумаў на пытаньне пра месцазнаходжаньне гэтага тапоніму дзядзька, які сядзеў насупраць нас у маладзечанскай электрацыі. Падумаў, і выйшаў на Жданах. Каму гістарычная справядлівасьць, а каму есьці трэба.

Але кантралёры (о божа, гэтыя чэрці патрабавалі штраф 7200 плюс кошт квітка, але абмежаваліся хабарам у 2000), добра растлумачылі дзе і як варта выйсьці. Таму калі ўзьнікнуць якія пытаньні, шукайце «кантру» і выпытвайце ўсё ў іх. Сёньня ў межах «ПраДарожжа» едзем у Плябань і Дубрава.

500 мэтраў уздоўж чыгуначных шляхоў у бок Маладзечна ад станцыі Ласі, і мы трапляем на разьвілку — яе трэба лічыць арыенцірам.

 

З правага боку бачна вёска і нядаўна пабелены былы касьцёл найсьвяцейшай Панны Марыі. Зь левага — невялікі лясісты ўзгорак, на якім хаваюцца старыя каменныя крыжы і помнікі. Туды мы яшчэ вернемся.

 
Плябаньскі касьцёл з боку чыгункі выглядае цалкам прыстойна.

Як і амаль кожны «культавы» будынак Беларусі, стары касьцёл адчуў на сваіх сьценах уладу саветаў. У часы расейскай імпэрыі ўлады ператварылі касьцёл у царкву, а ксяндза саслалі ў Сыбір. Яшчэ 15 год таму ў будынка ня было даху, і сьцены паступова ператвараліся ў руіны. Але неўзабаве пачалася рэканструкцыя. Праўда, зараз яна зноў прыпыненая.

 
Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі ў «лясох» ужо шмат год.

Філарэт і нецэнзуршчына

«З касьцёлам шмат цікавага апошнімі гадамі адбывалася, — кажа на нядрэннай беларускай спадар Сяргей, што на некалькі дзён заехаў да сваёй бабулі, якая жыве ў Плябані. — Дзесяць год таму пачалі аднаўляць касьцёл і рабіць зь яго царкву. Вунь якую „прыбіральню прымацавалі зьверху“, — сьмяецца над недарэчна малым купалам будучае царквы Сяргей. — Але грошы на рэканструкцыю зьніклі, у выніку, калі некалькі год таму мітрапаліт Філарэт прыехаў асьвячаць будынак, то замест ікон ён убачыў толькі нецэнзурныя словы».

Пасьля, як кажуць, Філарэт моцна абурыўся, разьвярнуўся і зьехаў у Менск, а вось рэканструкцыя царквы-касьцёла прыпынілася. Так і засталіся пашарэлыя будаўнічыя лясы на галоўным фасадзе ды ўнутры. А нецэнзуршчыну, як бачна, так і ня сьцерлі.

 

Касьцёл шмат разоў адбудоваўвалі, і таму вакол яго існуе некалькі цікавых таямніц. Галоўная — схаваны скарб, пошукам якога займалася не адно пакаленьне мясцовых дзяцей, і, бывала, дарослых.

«Пры рэканструкцыі адкрылася некалькі пустых праёмаў у сьценах. Усе адразу падумалі, што ў такім вось праёме і ляжыць схаванае золата», — узгадвае свае кландайкавыя мары Сяргей.

Насупраць касьцёлу — будынак старой плябані. Калісьці ў плябані жыў ксёндз, а зараз месьціцца музэй Гусоўскага зь невялікай колькасьцю экспанатаў і незразумелым графікам працы. Прынамсі дакладна вядома, што па нядзелях музэй не працуе.

 
Музэйны комплеск працуе па загадкаваму графіку.

У тым будынку ў 90-я плянавалася разьмесьціць музэй паўстаньня 1863 году, але з Каліноўскага атрымаўся чамусьці Гусоўскі. Хаця па зьвестках мясцовых жыхароў, экспанатаў у ім магло быць значна болей:

«Знаходзілі ў нашых мясьцінах і даўнія манэты — талеры 1674 году, і паганскага ідала — ёлупа. Але і той ёлуп, і манэты некуды пазьнікалі», — сумуе Сяргей.

Крыху мярцьвячынкі

Ад Плябані рушым у адваротны бок і трапляем на раней пазначанае скрыжаваньне. Калі прайсьці сто мэтраў у напрамку супрацьлегламу вёсцы, то лёгка трапіць на старыя схаваныя ў ляску могілкі, якія мясцовыя завуць «панскімі».

Інфармацыя з энцыкляпэдыі

У 1863 г. паўстанцы з атрада Юльяна Бакшанскага хавалі ў касьцёле Плябані зброю. Свой апошні бой яны прынялі каля тутэйшае вёскі Сьвечкі супраць карнага аддзелу расейскіх войскаў 4 сакавіка 1863 году. Тут на старых могілках пахаваныя кіраўнік паўстаньня на Маладзечаншчыне й Вілейшчыне Юльян Бакшанскі, а таксама — ягоныя аднадумцы й памочнікі — Рафал Малішэўскі, Людвік Ямант, Леапольд Панькоўскі й пятнаццацігадовы гімназіст Сулістроўскі.

Ёсьць людзі, якія любяць гуляць па могілках і, выглядаючы дату нараджэньня і сьмерці, падлічваць даўжыню жыцьця, галасіць у выпадку малога ці наадварот зьдзіўляцца працягласьці жыцьця. Старыя магільныя, яшчэ каменныя пліты робяць такі занятак лягчэйшым — даўжыня жыцьця на іх напісана бадай што не самым вялікім шрыфтам.


Помнік магіле паўстанцам. На шыльдзе напісаны верш, прысьвечаны чамусьці
паўстанцам Касьцюшкі.

Але большасьць тых плітаў ужо схавалася пад зямлёй ці крыху выглядаюць з-за сьнегу. Цудоўнае месца для думак аб вечнасьці. Альбо здымак чарговага галівудзкага жаху — каму як.

Зараз могілкі стала наведваюць актывісты розных арганізацый. Помнік паўстанцам — вялікі камень, на якім, пакуль яе ня зьнесьлі на металалом, вісела шыльда. Зараз тут вісяць некалькі вянкоў з бел-чырвона-белымі стужкамі. Арганізацыі і мясцовыя жыхары, такія як Сяргей, імкнуцца даглядаць магілы, расчышчаць іх, расшыфроўваць надпісы на іх.


Плябаньскія краявіды. Удалечыні бачны касьцёл у Чырвоным.

Дубрава — легенда Дзявочай гары

Калі замагільная тэматыка яшчэ не надакучыла, то можна праехаць пару станцый ад Плябані ў бок сталіцы. Ад станцыі «Дубравы» прайсьці яшчэ кілямэтар да вёскі з такой жа назваю, пасьля чаго дайсьці да скрыжаваньня вёскі і асфальтавай трасы.

За 500 мэтраў на Захад ад гэтага скрыжаваньня можна пабачыць Дзявочую гару — адзін з самых высокіх пунктаў гэтай мясцовасьці. Асноўная група курганаў (іх больш за 20 вышынёю 0,5 — 1,5 мэтра, дыямэтрам 12 мэтраў). Два большыя насыпы складзеныя з камянёў, перасыпаных зямлёй, астатнія складаюцца з зямлі і ўнізе абкладзеныя вянком з камянёў.

Археолягі знайшлі тут цэлых адзінаццаць жаночых і адно мужчынскае пахаваньне. Як жылі тыя людзі і чаму памерлі тут, ніхто дакладна не памятае. Але даўняе паданьне кажа, што тут, на гары закапана жывая дзяўчына і пахаваны два хлопцы, якія загінулі ў час спаборніцтва за права стаць яе мужам. Там жа ляжаў вялікі камень, на якім нібыта сядзела дзяўчына ў час спаборніцтва (магчыма, камень і застаўся ад яго).

Калі лічыць гару сымбалем культу паганскай багіні каханьня і ўрадлівасьці, а большасьць курганоў рытуальнымі пахаваньнямі жрыц, то можна згадаць апісаньне старажытнарымскім аўтарам Тацытам сьвятога гаю багіні плоднасьці ў племені лугіяў. Тацыт прыводзіў зьвесткі, што той асяродак культу (сьвяты гай) абслугоўваў жрэц у жаночым адзеньні, жанчыны былі жрыцамі. Штосьці падобнае, магчыма, было і на Дзявочай гары. Да нядаўняга часу на гары сьвяткавалася Купальле, што можа быць зьвязана з традыцыяй выкарыстаньня Дзявочай гары ў паганскія часы. Частка знаходак і тып курганоў балцкія, астатнія рэчы характэрныя для крывічоў.

Як д­аехаць

Як і папярэднія пункты, маршрут разьлічаны на карыстаньне электрацыяй. Праехаць яго вельмі добра за адзін дзень, а кошт квітка да станцыі Ласі — самай дальняй ад Менска станцыі, да якой сёньня дабярэмся, — 3080 рублёў.

Яшчэ ў гэтым ПраДарожжы:

Чытайце таксама пра гарады й мястэчкі папярэдняга ПраДарожжа:

А ў наступным ПраДарожжы Нясьвіж, Клецак і Радзівілмонты.

Аўтар фота Алесь Bezuher, малюнак — tarka

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1088 seconds.