Заслаўе — закансьпіраваны горад шляхетнай утульнасьці і далікатнай эўрапейскасьці

Заслаўе дае магчымасьць убачыць сучасныя архітэктурныя стылі Беларусі новымі вачыма. Тут так званы «нэалукашызм» атрымлівае шляхетнае гучаньне і робіць горад больш утульным, што не перашкаджае яму пры гэтым імкнуцца да своеасаблівай эўрапейскасьці.

Трапіць у яго ня так проста: станцыя электрацыі, якая ў ранішнія гадзіны ходзіць кожныя 45 хвілін, чамусьці закансьпіравана пад да немагчымасьці патрыятычную Станцыю «Беларусь».

У новым маршруце ПраДарожжа на Generation.bY Заслаўе — Вязынка — Плябань — Дубрава. Найперш кіруемся ў Заслаўе і Вязынку.

Дзякуючы гістарычнай празорлівасьці заснавальнікаў заслаўскай станцыі ды маёй вакацыйнай разьняволенасьці, лёгка праяжджаем лішнія 20 км і трапляем у Вязынку, знакамітую «пясьнярскай» хатай Янкі Купалы і цудоўнымі краявідамі, якія чамусьці асабліва вабяць аматараў шумна адпачыць з дарослымі напоямі на сьвежым паветры.

Лірычны водступ — Вязынка

Вязынка натхніць любога, хто мае душу паэта, а ў страўніку пустэчу. Бо галодны творца — плённы творца. Фантастычна беларускія мясьціны, быццам створаныя дэкаратарамі з кінастудыі. Спуск ад станцыі прывядзе да счарнелай хаты Янкі Купалы, у якой ён нарадзіўся 120 год таму.

У драўлянай шэра-шэрай хаце музэй, далей — выкладзеная савецкай пліткай дарожка да мосьціка зь нешматлікімі створанымі рукамі дэкаратараў дзівам Вязынкі. Але не ў дзівах сэнс — тут вельмі лёгка становісься творча ўзьнёслым і адчуваеш «боскую шчырасьць», якая вылучаецца мясцовай энэргетыкай і падмацоўваецца пустым страўнікам.

Паэт дастае нататнік (лэр-топ), мастак — мальбэрт (пляншэт) і пачынаецца сьвяты працэс творчасьці. Пакінем гэтых людзей у спакоі і адправімся на далейшае скарэньне маладэчанскіх прастораў.

Дарэчы, музэй працуе з 9.40 да 18.00 акрамя панядзелка.

Вяртаемся ў Заслаўе


Шлях на Заслаўе

Старажытны Ізяслаўль, ён жа Жаслаўль і Заслаў, памятае кожны, хто ў чацьвертай клясе пачуў знакамітую легенду пра Ізяслава і маці яго, прыгожаю дачку Рагвалода. Прыгожая гісторыя, ці не так?

Упершыню Заслаўе згадваецца ў летапісах пад 1127 г. Але тады ён быў ужо разьвітым горадам, цэнтрам удзельнага княства. Аналіз летапісных падзей, падмацаваны археалягічнымі дасьледаваньнямі, дазволіў навукоўцам прызнаць датай заснаваньня Заслаўя 985 год.

 

1 — Гарадзішча «Замэчак»
2 — Мэмарыяльны знак да 1000-годзьдзю хрысьціянства на Беларусі
3 — Помнік Рагнедзе і Ізяславу
4 — Гарадзішча «Вал», Заслаўскі замак
5 — Руіны замкавай брамы
6 — Былы Кальвінісцкі храм XVI–XVII стст
7 — Рынкавы пляц
8 — Дзіцячы музэй міталёгіі і лясы
9 — Касьцёл Каляд Найсьвяцейшай Панны Марыі
10 — Музэйны комплекс
11 — Найбуйная ў Беларусі калекцыя «маляваных дываноў»
12 — Музэй «Хата завозьнiка»
13 — Музэй «Млын»
14 — Музэй «Сьвiран»
15 — Музэй «Кузьня»
16 — Чыгуначны вакзал
17 — Гарадзкі выканаўчы камітэт
18 — Музэй «Дот»
19 — Дырэкцыя музэя-запаведніка
20 — Дарога Менск-Маладзечна М9

Сярод месцаў, якія варта наведаць, вылучым гарадзішча «Замэчак», Курганныя могільнікі, гарадзішча «Вал» і былы Кальвінскі збор, а таксама касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Дзевы Марыі.


Сымбаль Заслаўя — былы Кальвінскі збор

Каля самой станцыі чыгункі (на мапе пазначана лічбай 16), адрамантаванай, але ўсё роўна непазьбежна правінцыйнай, разьмяшчаецца этнаграфічны комплекс, дзе прадстаўлены музэяфікаваныя пабудовы пачатку ХХ ст. На першым пляне так званая «Хата завозьніка» (своеасаблівы гатэль для тых, хто завозіў зярно на млын — адсюль і назва «завозьнік»), далей — паравы млын (ён дзейнічаў яшчэ 15 год таму), яшчэ далей — сьвіран (памяшканьне для захаваньня харчовых прадуктаў) і кузьня. (на мапе 12–15).

 
Этнаграфічны комплекс у Заслаўі

Музэй і музэйшчыцы

Вуліца Савецкая вядзе да рынкавага пляцу, дзе ў старой шляхетнай сядзібе знаходзіцца дзіўны-дзіўны заслаўскі музэй.

 
Уваход у музэй

Музэйныя супрацоўнікі, сонна перабіраюць апошнія плёткі і філязофскі раяцца адно з адным пра лепшыя сродкі далікатна сысьці ў іншы сьвет. Яны не сьпяшаюцца адчыняць іх багатыя на выявы былога кальвінісцкага храму галерэі. Жыцьцё напэўна падказвае ім, што доўгачаканых наведвальнікаў можна і не дачакацца. Хаця працуе музэй з 9.00 да 17.00 кожны дзень акрамя панядзелка.

1300 ўзялі з нас за студэнцкі квіток музэйшчыцы. Такія ж кошты на квіткі і ў этнаграфічным комплексе. А вось лялькавы тэатар «Батлейка» можна ўбачыць за дадатковыя 1500 рублёў. «Дарослыя» тарыфы большыя ў два разы.

Асаблівы гонар музэйнай экспазыцыі складаюць бразготкі, якімі замілавана траскоча музэйная супрацоўніца, граючы ў дадзеным выпадку ролю вясельнага каня. Тэатар «Батлейка» з радасьцю адчыняе перад намі дзьверы сваіх гіпсавых таямніцаў, але сумныя фігуры клясычных герояў так і не ажываюць. Хаця, па завярэньнях супрацоўнікаў музэю, выступленьні «Батлейкі» усё ж ладзяцца, але толькі па сьвятах і толькі для вялікіх групаў ад 10 чалавек усяго за 1300 рублёў.

Галоўная радасьць музэю — галерэя мясцовага мастака Тарасава. На лесьвіцы вісіць пара фотамантажаў з заслаўскага жыцьця, але імёны іх аўтара музэйшчыцам прыгадаць ня так лёгка. Затое спадара Тарасава памятаюць добра. Ня дзіўна, бо такой колькасьці карцін у розных стылях і ракурсах, якія адлюстроўваюць адзін аб’ект — царкву (той самы былы Кальвінісцкі храм, а зараз Спаса-Праабражэнская царква) — я ніколі ня бачыў. Але мастацкія здольнасьці за адсутнасьцю цікаўнасьці ў дадзенай сфэры мне ацэньваць цяжка, таму пакіну гэты гонар больш спакушаным калегам.

Рахманае жыцьцё Заслаўля

Жыцьцё Заслаўя будзёнае, прыемнае. Тут клясычны правінцыйны «магазін» ператвараецца ў «краму», а ксёндз з духоўнага айца ў двоечніка, які з-за польскага паходжаньня даволі дрэнна спраўляецца зь беларускімі тэкстамі. Двоечнікам яго робіць маладая прыхаджанка, якая гразіцца больш не даваць грошы на парафію, калі ксёндз не будзе вучыцца. Ксёндз абяцае выправіцца, садзіцца ў старэнькую іншамарку і зьяжджае ў напрамку Менска.

Клясычнае падабенства і супрацьстаяньне маленькіх беларускіх гарадоў — касьцёл vs царква — тут атрымлівае новае гучаньне. Бо царква калісьці была зусім мне царквою, і належала не папам, а кальвінісцкім саборнікам, якія з радасьцю б распавялі шмат пра рух рэфармацыі на Беларусі, калі б вогнішчы праваслаўя і інквізыцыі не зруйнавалі іх думкі.

Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Дзевы Марыі (1774) зусім занядбаны. Набажэнства праходзіць у склепе па нядзелях. Кажуць, ранейшы пробашч грошы на адбудаваньне сабе ў кішэню хаваў, цяперашні будуе нешта, будуе, але надта рахмана.

Ад рынкавага пляцу крочым да гарадзішча «Вал», Заслаўскага замку (4). Дакладней, да таго, што ад іх засталося.

 
Усё, што засталося ад абарончай забудовы гарадзішча

Зь дзьвярэй фотагенічнага і ўзьнёслага, нядаўна адрэстаўраванага былога кальвінісцкага храма выглядае барадаты поп. За царквою знаходзіцца памятны знак цару Аляксандру ІІ, пастаўлены ўдзячнымі сялянамі ў гонар 50-годзьдзя вызваленьня ад прыгоньніцтва.

 
Сялянскі крыж Аляксандру ІІ

Недалёка ад замку — цудоўная карчма «Гасьцінец». А ад яе дзьве дарогі: на чыгунку альбо да гарадзішча «Замэчак». Завітаць да яго бясспрэчна трэба, але дарога туды даволі доўгая. Раней там месьцілася гарадзішча з абарончым валам і ў два рады зрубныя дамы, якія насялялі дружыньнікі з сем’ямі. Дружыньнікі былі з Вугоршчыны, а ахоўвалі яны Рагнеду, маці Ізяслава і жонку Уладзіміра Чырвонае Сонейка.

 
Нават у туман былы Кальвінісцкі збор бачны здалёк

Заслаўе — горад перамогі флікернай культуры: кожны паважаючыя сябе гараджанін мае запаветнага зялёненькага ці чырвонага сябра. А ў сваю чаргу кожны запаветны сябар абараняе сумленьне і цела не заўжды цьвярозых заслаўчан ад пасягальніцтваў злосных машын. На жаль, супраць зьміяў флікеры працуюць не вельмі.

Моцная блізкасьць да глямурнага Менску робіць заслаўчан амаль сталічнымі жыхарамі амаль правінцыйнага гораду амаль эўрапейскай краіны. Але міт эўрапейскай Беларусі паўстае тут увасобленым у адноўленых клясычных сялянскіх хатах, абабітых на амэрыканскі манэр сайдынгам, з прыкручанымі спадарожнікавымі талеркамі і бліскучымі шклопакетамі закрытых залепленых беларускай саўбеліяй вакон.

Плывуць нябёсы над мініяцюрным заслаўскім Ленінам, пафарбаваным у клясычнае «срэбра», плывуць над старажытным паўразбураным касьцёлам, узьведзеным на грошы польскага шляхціца, плывуць над крыжом ад удзячных сялян «вызваленцу» Аляксандру ІІ, плывуць над вясёлай і няўтомнай беларускай зямлёй, якая так ахвотна ўбірае ў сябе ўсё новае і так неахвотна дэманструе гэтыя набыткі цікаўным падарожнікам.

Як д­аехаць

Заслаўе жыве электрацыямі. Кошт квітка 1760 рублёў. Да Вязынкі дадатковыя 440 рублёў.

Чытайце таксама пра гарады й мястэчкі папярэдняга ПраДарожжа:

А мы кіруемся ў «вандроўку на той сьвет» — Плябань, а далей да легенды Дзявочай гары — Дубрава.

Аўтар фота Алесь Bezuher, малюнак — tarka

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.101 seconds.