Беларускае Рыо-дэ-Жанэйра — Іўе

Калі візаў у пашпарце няма, грошаў у кішэні таксама ня надта, а павандраваць, ды яшчэ й пазнавальна, хочацца, самы час зьвярнуць увагу на беларускія маршруты. Вось і вырашыў я прабіваць студэнцкія тропы па Беларусі для маладых і актыўных, але крыху матэрыяльна абмежаваных.

Вядома, сярэдні студэнт акрамя сваіх дзьвюх дарагіх ножак ды, калі пашэнціць, ровара, уласных сродкаў перасоўваньня ў прасторы ня мае. Таму стаўку робім на электрацыі, рэйсавыя аўтобусы і спадарожныя аўто.

Даўна лета, а вы сядзіце дома? Вандроўкі ў знакамітыя і невядомыя, старажытныя і сучасныя месцы Беларусі ў новай сэкцыі публікацыяў Generation.bY «ПраДарожжа». Некалькі маршрутаў гэтага лета прымусяць сэрцы сапраўдных вандроўнікаў забіцца хутчэй. Ітак, паехалі!

Найперш выправімся ў беларускае Рыо-дэ-Жанэйра — Іўе. ­

­

Іўе 

Наагул, увесь мой дзьвухдзённы маршрут ахапіў 7 мястэчак: Іўе — Юрацішкі — Жэмыслаўль — Суботнікі — Геранёны — Тракелі — Ліда. Але ў кожны зь іх можна дабрацца па-асобку і «расьцягнуць» задавальненьне на некалькі выходных. Для зручнасьці дадаем мапу і плян даезду. А зараз пра Іўе. З заездам у Юрацішкі.

Іўе — Беларускае Рыо-дэ-Жанэйра

«Рыо-дэ-жанэйра!» — так каротка апісаў вусаты жыхар прыгарада Іўя тое, што чакала нас у цэнтры горада. Незвычайна шырокая вуліца вывела да вялікага белага касьцёлу са статуяй Хрыста наперадзе. Скульптура стаяла на ўзгорку перад касьцёлам, раскінуўшы белыя рукі над горадам. Кажуць, што гэта зьменшаная копія знакамітай статуі Хрыста, што стаіць у сталіцы бразыльскіх мыльных опэр Рыо-дэ-Жанэйра. Хаця я б назваў яе іўеўскай статуяй свабоды.

Іўе
Знакамітая копія статуі Хрыста. Photo by Алесь Bezuher.

Трапіць у горад можна альбо на аўтобусе, альбо на машыне. У апошнім выпадку варта ўяжджаць з боку менскай шашы, тады і касьцёл сьвятых Пятра і Паўла будзе бачны адразу.

Іўе 

Яшчэ калі ехаць зь Менску, то на павароце на Іўе стаіць у месцы больш старажытнага касьцёла 1608 г. дудаўскі касьцёл — драўляны касьцёл Раства Найсьвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Дуды (1772 г.). Ён мае цудоўны алтар, які, па словах мясцовага ксяндза, адносіцца да 17 ст. У ім — цудатворны абраз Маці Божай, а вакол яе мэталічныя рукі, ногі, сэрцы і іншыя часткі цела — усё дапамагае вылекаваць пэўную хваробу.

Чатыры канфэсіі ў адным мястэчку

Іўе — сапраўднае ўвасабленьне ўслаўленай падручнікамі па гісторыі беларускай верацярпімасьці — касьцёл, царква, мячэць і сынагога жывуць тут разам. Але апошняя культавая пабудова зараз, на жаль, спартовая заля. Яе можна ўбачыць на шляху ад касьцёла да мячэці.

Архітэктура мястэчка амаль не папсаваная савецкай уладай. Нават будынак адміністрацыі з паўсюдным Ленінам сарамліва схаваўся за нейкім даваенным двухпавярховым домам.

Іўе
Галоўная вуліца Іўя. Photo by Алесь Bezuher.

Калі вы прыехалі на аўтобусе, то ад вакзала трэба выйсьці на галоўную вуліцу і павярнуць налева. Праз 500 мэтраў вас чакае цэнтральная плошча горада з будынкам Беларусбанка, сталоўкай і дзесяцікратна зьменшанай копіяй Камянецкай вежы.

А яшчэ паабапал галоўнай плошчы стаяць некалькі кавярняў, але ўсе яны «тэматычныя». «Стары млын» у будынку вадзянога млына трымае аўганец, а назва «Алькадар», напісаная вязьзю, кажа сама за сябе.

Касьцёл сьвятых Пятра і Паўла (1491 г.)

Іўе
Касьцёл сьвятых Пятра і Паўла ў Іўі. Photo by Алесь Bezuher.

Стары, амаль як сам горад (1444 год), касьцёл памятае самых розных уладальнікаў. У другой палове ХVI ст. тагачасны ўладальнік Іўя Ян Кішка перадаў касьцёл арыянам. Арыяне ведалі, як карыстацца маёмасьцю, таму адразу заснавалі ў Іўі друкарню і школу, якую прынята называць Арыянскай акадэміяй — вельмі дэмакратычнае і, вядома ж, крутое месца навучаньня. А рэктарам быў адметны паэт і пэдагог Ян Ліцыні Наўмыслоўскі, які прыехаў у Іўе з Сылезіі.

Але пасьля сьмерці Кішкі справы ў арыян не пайшлі, таму яны зьехалі з горада, а касьцёл быў вернуты каталікам. Угледзьцеся ў фасад касьцёлу: тут жывуць рэнэсанс і ракако, якія ўсярэдзіне храма пасьпяхова спалучаюцца з барока і готыкай.

Іўе
У іўеўскім касьцёле. Photo by Алесь Bezuher.

Цікава, што касьцёл пабудаваны на старажытным гарадзішчы, якое ўзьнікла тут яшчэ ў часы фіна-ўгорскага панаваньня на ўзыходзе жалезнага стагодзьдзя. Можна прыглядзецца да старажытных земляных валоў і, магчыма, хтосьці на месцы храма ўявіць паганскае сьвята шаманаў з бубнамі.

Татарскае Іўе: мусульманскі месяц над беларускімі агуркамі

Іўе
Мусульманскі месяц над беларускімі агуркамі. Photo by Алесь Bezuher.

Татары — галоўнае «фішка» Іўя. Бо тут яшчэ з часоў князя Вітаўта жыве вялікая (каля 300 сем’яў) татарская супольнасьць, што чытае кнігі кітабы, напісаныя арабскай вязьзю па-беларуску, і пагалоўна вырошчвае агуркі.

Іўе
Агародніцтва - асноўны занятак іўеўскіх татараў. Photo by Алесь Bezuher.

Як вынік такога ладу жыцьця — шматлікія цяпліцы і сьвежая садавіна ўжо ў пачатку чэрвеня на рынках, а таксама драўляная мячэць зялёнага колеру з сапраўдным беларускім імамам на чале.

Іўе
Мячэць у Іўі. Photo by Алесь Bezuher.

Мячэць знаходзіцца ў заходняй частцы мястэчка. Калі прайсьці ад галоўнай плошчы хвілін 10, то мінарэт храма лёгка можна пабачыць і ўзяць за арыенцір. Прабівацца прыйдзецца праз шматлікія татарскія агароды. На адным зь іх, магчыма, будзе і імам мячэці. Але варта ўсё ж знайсьці яго і папрасіць і паглядзець мячэць знутры.

На вуліцах гораду даволі цяжка распазнаць у мінаку татара. Спэцыяльна ўглядаесься ў твары, але табе здаецца, што навокал адныя татары — праца на зямлі робіць людзей падобнымі.

Тыя, каму было мала мячэці і касьцёлу, могуць паглядзець на клясычную, нядаўна ўзьведзеную царкву, што знаходзіцца па дарозе да аўтавакзалу. А яшчэ ў Іўі маецца гатэль.

Як даехаць

У Іўі няма чыгункі, таму застаецца варыянт аўтападарожжа. Аўтобусы ходзяць рэгулярна, таму можна перапытаць у даведцы аўтавакзалу.

  • Аўтаспынам зь Менску да Іўя даехаць вельмі лёгка. Выяжджаць трэба са станцыі мэтро Каменная горка ў накірунку Горадні. Адзін прыпынак на аўтобусе № 36 давязе аўтаспыншчыкаў да кальцавой дарогі, мост празь якую трэба перайсьці і выбраць пасьпяховую пазыцыю.
  • Назад зь мясцовага іўеўскага аўтавакзалу лёгка зьехаць куды-заўгодна. Асабліва ўдзень, калі амаль кожную гадзіну ходзіць аўтобус ці то ў Менск, ці то ў Гародню.

Юрацішкі

Юрацішкі маюць клясычны дуалізм беларускіх мястэчак: царква і касьцёл. Але першы культавы будынак старэйшы (1532), хоць і драўляны. Касьцёл Юрацішак мае адну непрыкметную дэталь: на хорах вісіць здаравенная драўляная «Пагоня».

Юрацішкі
Юрацішкі. Photo by Алесь Bezuher.

Адбудаваная Гаштольдам, Сьвята-Мікалаеўская царква перабудоўвалася толькі ў ХІХ стагодзьдзі.

Як даехаць

Заезд у Юрацішкі мае сэнс толькі тады, калі вы рухаецеся ад чыгункі. Ад Іўя два разы прыкладна кожныя 3 гадзіны пачынаючы з 8.27 з Маладэчна на Ліду ідзе электрацыя. Наш прыпынак — ст. Юрацішкі.

Новых вам адкрыцьцяў у Іўі і Юрацішках. А мы рушым далей — у Жэмыслаўль!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0781 seconds.