Геранёны — замак, якога няма

Тут пачалася гісторыя Барбары Радзівіл і скончыўся летапіс роду Гаштольдаў.

Знаходзяцца Геранёны ў нека­лькіх кілямэтрах ад мяжы зь Літвою. Калі ехаць «бюджэтным» шляхам, то зь Менску варта кіравацца да Іўя ці Ліды, а адтуль рэйсавым аўтобусам і да Геранёнаў. Пра былую веліч Геранёнскага замку нагадваюць зараз хіба што земляныя валы і невялікія фрагмэнты каменных вежаў, парослыя хмызьняком. А ў захаваным дагэтуль касьцёле Сьвятога Міколы пайшла пад вянец за Станіслава Гаштольда першая прыгажуня Вялікага Княства Барбара Радзівіл.

Можна сказаць, што Геранёнскі замак — яркі ўзор замкавага будаўніцтва ў Беларусі на мяжы ХV-ХVІ ст. Хоць тут і ёсьць асобныя элемэнты эўрапейскай фартыфікацыі, усё ж больш ярка і выразна вылучаюцца мясцовыя ваенна-будаўнічыя традыцыі. Пра гэта сьведчаць і будаўнічыя матэрыялы, і прынцып узьвядзеньня валоў, і мураваны замак з чатырма вежамі, разьмешчаны на штучнай высьпе, што было найбольш характэрна для беларускага ваеннага і царкоўна-цытадэльнага дойлідзтва тых часоў.

Пляцоўка Геранёнскага замка была абнесена валам вышынёй каля 4 мэтраў і аточаная ровам глыбінёй каля 15 мэтраў.

Мяркуецца, што пабудаваны мураваны замак быў Войцахам Гаштольдам, тагачасным канцлерам ВКЛ і віленскім ваяводам. Гаштольды валодалі замкам да 1542 году. Потым ён перайшоў да вялікага князя Жыгімонта Старога, а ад яго — да Жыгімонта Аўгуста. У ХVІІ стагодзьдзі Геранёны — ва ўладаньні Пацаў.

Падчас вайны з Маскоўшчынай 1654-1667 гг. замак быў разбураны, але, відаць, неўзабаве яго зноў аднавілі.

У пачатку ХІХ стагодзьдзя замак пуставаў, а потым, у сярэдзіне стагодзьдзя, яго пачалі разбураць.

Геранёны
Геранёны на малюнку Напалеона Орды.

Ужо ў ХІХ ст. замак выглядаў вельмі сумна, што зафіксавана на малюнках Напалеона Орды. У нашы часы на месцы замка захаваліся толькі рвы, земляныя валы, невялікія фрагмэнты каменных вежаў. Усё зарасло дзёрнам і хмызьняком.

Арыенцір у пошуку замкавай гары — каменны касьцёл Сьвятога Міколы, пабудаваны ў 1529 годзе ён непасрэдна прымыкаў да абарончага рова перад брамаю.

Геранёны
Касьцёл Сьвятога Міколы ў Геранёнах. Photo by Алесь Bezuher.

Зь геранёнскім касьцёлам Сьвятога Міколы зьвязаны лёс у тыя часы першай прыгажуні Вялікага Княства, а ў будучым — знакамітага прывіду Нясьвіскага замка Барбары Радзівіл. У гэтай сьвятыні ў 1537 годзе пайшоў пад вянец са сваёй выбраньніцай пятнаццацігадовай Барбарай Станіслаў Гаштольд — апошні прадстаўнік гэтага роду па мужчынскай лініі.

Праз пяць гадоў Барбара стане ўдавой і неўзабаве спадабаецца князю Жыгімонту II Аўгусту. Гэты захапляльны раман завяршыўся каранаваньнем Барбары насуперак волі нядобразычліўцаў. Апазыцыю тады ўзначаліла сама каралева-маці Бона Сфорца. Як лічаць шматлікія гісторыкі, менавіта зь яе «падмогі» у 1551 годзе Барбара памерла, верагодней за ўсё, атручаная моцнадзейным ядам. Жыгімонт Аўгуст больш не ажаніўся, і таму пасьля яго сьмерці ў 1572 годзе каралеўскі род Ягелончыкаў назаўжды зьнік са старонак гісторыі Вялікага Княства.

Як даехаць

Геранёны — памежны пункт. Таму, увага! У вас могуць узьнікнуць праблемы з памежнікамі, калі вы не паведаміце ім пра знаходжаньне на тэрыторыі памежнай зоны. Аднак парадак рэгістрацыі ў памежных зонах (згодна з новай рэдакцыяй заканадаўства) дагэтуль неакрэсьлены.

Аўтобусы зь Іўя да Геранёнаў ходзяць рэгулярна. Апошні — у раёне 15:00.

Чытайце таксама:

 А мы вандруем далей — у сучасную сталіцу піва і красовак — Ліду.

 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0332 seconds.