Хлопцы vs Дзяўчаты: даўжыня сапраўды мае значэньне

«Галоўнае, каб быў разумны», — думаюць дзяўчаты. «Галоўнае, каб не была разумней за мяне», — разважаюць хлопцы.

Экспэрымэнтальныя спэцыялісты па эвалюцыйнай псыхалёгіі з Nottingham University дасьледвалі сэксуальныя праявы хлопцаў і дзяўчатаў на прадмет даўжыні лексычнага запасу і паказалі, што мужчыны пры сустрэчы з прыгожымі дзяўчатамі стараюцца болей выкарыстоўваюць рэдкія словы. Вынікі дасьледваньня пацьвярджаюць гіпотэзу, што лінгвістычныя здольнасьці чалавека разьвіліся пад узьдзеяньнем полавага адбору як сродку дэманстрацыі інтэлекту. Па ходу таксама высьвятляецца, што мужчыны стараюцца пазьбягаць разумнейшых і адукаванейшых за іх жанчын.


    Кадр з мультфільма Generation.bY «Васілёк 17.11»

Лічбы альбо навошта людзям столькі словаў?

Што да лексычнага запасу, то англамоўнаму чалавеку дастаткова 2000 словаў, каб абсалютна дакладна выказаць любую думку. Менавіта такой колькасьці словаў хапае ангельскім тлумачальным слоўнікам для тлумачэньня ўсіх астатніх словаў мовы. Паводле адмысловых дасьледваньняў для поўнага разуменьня мастацкай літаратуры чалавеку патрэбна ведаць 9000 словаў, а для падтрыманьня любой дыскусіі — 6000–7000. Але сярэднестатыстычны ангелец ведае 20 000 словаў, і нярэдка лексычны запас людзей сягае болей 100 000 словаў.

У сваім дасьледваньні навукоўцы даюць адзін з магчымых адказаў на пытаньне: Навошта ведаць столькі словаў?

Адно з магчымых тлумачэньняў «лішніх словаў» і залішніх лінгвістычных здольнасьцяў чалавечага мозгу заключаецца ў тым, што яны разьвіліся пад уплывам полавага адбору як сродку дэманстрацыі якасьці сваіх генаў.

Навукоўцы прыводзяць нечым падобныя прыклады з жывёльнага сьвету, найбольш вядомы «выхваляка» зь якога — паўлін. Часта жывёлы ідуць нават ва ўрон уласнай жыцьцяздольнасьці — паўліну зь ягоным аграмадным хвастом дакладна нязручна лётаць, затое прыгожы хвост прыцягвае самак. Калі ён нават з такім хвастом выжыў і выглядае здаровым, значыць, гены ў яго выдатныя і дзеці таксама будуць здаровыя — могуць меркаваць самкі. Калі ж паўлін цьмяны, і дзець будуць цьмяныя і нікому непатрэбныя, а значыць, і роду канец.

Мужчыны пазьбягаюць разумнейшых і адукаванейшых за іх жанчын

Але ёсьць тут адзін неадназначны момант. І мужчыны, і жанчыны заўжды кажуць, што цэняць у сваіх партнэрах інтэлект, але адмыслова праведзеныя дасьледваньні адлюстроўваюць, што жанчыны кажуць праўду. А вось мужчыны хутчэй абіраюць дзяўчат «па-прасьцей». У дасьледваньні аналізавалі эфэктыўнасьць шлюбных абвестак. Высьветлілася, што мужчыны болей атрымліваюць водгукаў, чым вышэй пазначаны імі ў абвестцы ўзровень адукацыі. А вось жанчыны маюць больш пасьпяховыя абвесткі, калі пазначаюць больш нізкі адукацыйны ўзровень. Вынікі кажуць пра тое, што жанчыны сапраўды абіраюць разумных мужчынаў, а вось мужчыны якраз пазьбягаюць разумнейшых і адукаванейшых за іх жанчын.

«Сэксуальнае дасьледваньне» на студэнтах

На першы погляд падаецца, што не зусім дарэчна разважаць пра полавы адбор побач зь лінгвістычным запасам чалавека. Але на карысьць эвалюцыйных псыхолягаў кажа той факт, што ў межах адной культуры да 75% індывідуальнай зьменлівасьці па слоўнікавым запасе тлумачыцца генамі, і толькі 25% адрозьненьняў можна патлумачыць уплывам навакольнага асяродзьдзя — выхаваньнем, адукацыяй і інш.

Для праверкі гіпотэзы, што рэдкія словы ў мове патрэбныя мужчынам для дэманстрацыі свайго інтэлекту, псыхолягі з Nottingham University правялі просты экспэрымэнт на 85 студэнтах узростам 19–21 год: 33 хлопцы і 52 дзяўчыны.

Студэнтаў выпадкова падзялілі на дзьве групы і прапанавалі на экране фотаздымкі мадэляў супрацілеглага полу з модных часопісаў. Першай групе паказвалі здымкі некалькіх маладых фотамадэляў, а ўдзельнікам другой групы прапанавалі фота пажылых фотамадэляў (прыкладна 50-гадовых). Кожны ўдзельнік дасьледваньня мусіў абраць з прапанаваных фота самую прывабную ці прывабнага адпаведна. Далей студэнты з першай групы мусілі за 3 хвіліны пісьмова выкласьці магчымыя рамантычныя ці сэксуальныя стасункі з абранай фотамадэльлю, удзельнікі з другой групы таксама апісвалі магчымыя стасункі са сваімі пажылымі абраньнікамі, але без сэксуальнага падтэксту.

Цікава, што абраную выяву фотамадэлі з экранаў студэнтаў не прыбіралі і ў другой частцы экспэрымэнту. А другім заданьнем было на працягу 10 хвілінаў напісаць сачыненьне пра свае ўражаньні пра навучаньне ва ўнівэрсытэце. Для дасьледваньня патрэбныя былі менавіта гэтыя тэксты. Папярэднія тэксты аналізу не падвяргаліся, бо заданьні ж былі розныя ў абедзьвюх групах: адныя апісвалі рамантычныя стасункі, а другія — нэўтральныя.

Як і чакалася, думкі пра рамантычныя стасункі з сымпатычнай асобай супрацілеглага полу актывізавалі ў студэнтаў падсьвядомае жаданьне заляцацца і праяўляць пэўную сэксуальнасьць. З сачыненьняў пра навучаньне потым прыбралі словы, якія ўваходзяць у сотню самых ужываных і па адмысловай схеме пралічылі колькасьць рэдкіх словаў сярод тых, што засталіся.

Пацьверджана: мужчыны выкарыстоўваюць рэдкія словы ў якасьці «сэксуальнай дэманстрацыі»

Атрыманыя вынікі цалкам адпавядаюць гіпотэзе пра тое, што мужчыны выкарыстоўваюць рэдкія словы ў якасьці «сэксуальнай дэманстрацыі». Да таго ж, хлопцы пасьля ўяўных рамантычных стасункаў з маладой фотамадэльлю выкарыстоўвалі рэдкія словы значна часьцей, чым пасьля ўяўных камунікацыяў з пажылой фотамадэльлю.

Дзяўчаты ж наадварот пасьля ўяўнага раману з маладым прыгажуном карысталіся болей прымітыўнай мовай, чым пры ўяўных камунікацыях з пажылым мужчынам. Але ў дадзеным «дзявочым» выпадку вынік не зусім відавочны, бо крыху не дацягнуў да ўзроўня статыстычнай значнасьці. Простымі словамі, існуе 6% верагоднасьці, што гэты вынік для дзяўчат няпэўны.

Атрыманыя вынікі дасьледваньня не зьяўляюцца строгім доказам, што «лінгвістычны залішак» разьвіўся выключна як сродак для мужчынскіх сэксуальных праяваў, каб больш выгодна глядзецца перад дзяўчатамі на фоне «канкурэнтаў». Аднак гэты падыход выглядае даволі дарэчным, а парады навукоўцаў можна ўзяць на «ўзбраеньне» і прыйсьці на наступнае спатканьне з тлумачальным слоўнікам.

Паводле атыкула Jeremy Rosenberg, Richard J. Tunney «Human vocabulary use as display» у часопісе Evolutionary Psychology. 2008. v. 6 (3) і агляду публікацыі на elementy.ru.

Чытайце на Generation.bY таксама пра кнігу віцэ-канцлера Букінгемскага ўнівэрсытэту Terence Kealey «Сэкс, навука і прыбыткі», дзе аўтар сьцьвярджае, што навукоўцамі кіруюць ня грошы, а сэкс. Таксама навукоўцы высьветлілі, што сэкс, мяса і шакаляд разьвіваюць інтэлект, а дасьледваньне на студэнтах Кэмбрыджу кажа, што сэкс кепска адбіваецца на адзнаках студэнтаў. Нямецкія ж навукоўцы сьцьвярджаюць, што рэгулярны сэкс дапамагае здаць сэсію.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.282 seconds.