Мінадукацыі рэкамэндуе вывучаць курс лексыкі беларускай мовы ў ВНУ за 34 гадзіны

Міністэрства адукацыі рэкамэндавала ў кожнай ВНУ арганізаваць абавязковае вывучэньне курса прафэсійнай лексыкі беларускай мовы ў аб'ёме 34 гадзін. Да таго, як гэты курс быў скасаваны (пасьля ўвядзеньня новых агульнаадукацыйных стандартаў вышэйшай адукацыі) яго аб’ём быў амаль у два разы болей — 60 гадзінаў.

Лічбу 34 гадзіны паведаміў БелаПАН кіраўнік ТБМ Алег Трусаў, які распавёў пра зьмест адказу намесьніка міністра адукацыі Казіміра Фарыно на адозву Таварыства беларускай мовы.

Яшчэ ў траўні гэтага году стала вядома, што Мінадукацыі рэкамэндавала ўвядзеньне абавязковага курсу прафэсійнай лексыкі беларускай мовы ў ВНУ. Аб гэтым гаварылася ў адказе намесьніка міністра адукацыі Казіміра Фарыно ад 13 траўня на ліст старшыні грамадзкага аб'яднаньня «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны».

Цяпер у інтэрвію БелаПАН А.Трусаў выказаў удзячнасьць Адміністрацыі прэзыдэнта, з дапамогай якой атрымалася захаваць у праграмах усіх ВНУ краіны курс прафэсійнай лексыкі беларускай мовы. Такім чынам, па словах А.Трусава, маладыя адмыслоўцы будуць ведаць адмысловую тэрміналёгію на беларускай мове.

«Шкада толькі, што гэты курс, які ў 1990-я гады па патрабаваньні ТБМ быў уведзены ў праграмы ВНУ, скараціўся з 60 гадзінаў амаль удвая. Аднак мы спадзяемся, што рэктары шэрагу ўнівэрсытэтаў за рахунак свайго фонду змогуць аднавіць гэты курс у поўным аб'ёме. Толькі ў гэтым выпадку беларускія фізыкі, мэдыкі і матэматыкі будуць добра валодаць прафэсійнай лексыкай сваёй роднай мовы», — лічыць кіраўнік ТБМ.

Ён нагадаў, што пасьля ўвядзеньня новых агульнаадукацыйных стандартаў вышэйшай адукацыі Мінадукацыі скасавала курс «Беларуская мова (прафэсійная лексыка)». У гэтай сытуацыі кіраўніцтва ТБМ арганізавала збор подпісаў грамадзян і зьвярнулася ў Адміністрацыю прэзыдэнта з просьбай вярнуць вывучэньне курсу ў праграмы ВНУ.

Уні Вера 12:40, 09/09/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0796 seconds.