«Рок па вакацыях» як разагрэў перад новым музычным сэзонам

У апошні дзень лета 31 жніўня ў Менску прайшоў адроджаны фэстываль «Рок па вакацыях», які можна лічыць вялікім разагрэвам перад восеньскім музычным сэзонам.

­Натоўп перад канцэртнай заляй «Менск» неактыўна заходзіў у памяшканьне — усе віталіся і абдымаліся пасьля летніх адпачынкаў, тым больш што фэстываль — гэта першая буйная музычная падзея пасьля насычанага адпачынкамі і вандроўкамі лета. Некаторыя падыходзілі без запрашальнікаў — знаходзілі квіткі на месцы альбо проста тусаваліся на ўваходзе са знаёмымі ды сябрамі.

А на сцэне ўжо вітаў гледачоў вядоўца «Рок па вакацыях» — заснавальнік і арганізатар наваполацкага фэсту «Рок-Кола» Сяргей Анішчанка, вядомы таксама як Аніса.

­

Паколькі фэст ладзіўся амаль без рэклямы, а гледачы былі запрошаныя праз онлайн-рэгістрацыю, дзейства ўнутры нечакана зьдзіўляла сваім размахам — зь дзесятак відэа-камэраў, задэкараваная сцэна і даволі вольная атмасфэра — многія з гаўбца спускаліся пабліжэй да сцэны. Але падборка гуртоў часам зьдзіўляла. Зрэшты, многія гледачы ня ведалі дакладнага сьпісу выступоўцаў, тым больш, парадку выступаў.

Напачатку крыху шакаваў агрэсіўнымі сьпевамі з одамі Куклусклану гомельскі Crash. Далей у ролі вакаліста наваполацкага «Грунвальду» выступіў вядоўца фэсту Аніса.

Пасьля беларускага цяжкога року «эстафэтную палачку» перахапілі бярозаўскія «Кальмары» з заваднымі пазытыўнымі песьнямі пра бадмінтон і беларускай вэрсіяй сусьветнага поп-гіта Рыяны Umbrella.

«Фляўс і Кляйн», якія прызвычаілі зьдзіўляць пэрформансамі на сваіх выступах, гэтым разам зрабілі ўхіл болей на музычную праграму.

«ДзеціДзяцей» шчыравалі. Маладых музыкаў доўга не адпускалі прыхільнікі, якія ўжо паўставалі з крэслаў ­і натоўпіліся ў праходах.

­

«Краме» падпявалі ўсе. І танчылі.

Другую частку фэсту распачаў Ulis, які ня так часта зараз выступае ў Беларусі.

Легендарная кампазыцыя «Радыё Свабода» гучала вельмі дарэчы на легендарным, адроджаным пасьля 12-гадовага перапынку, фэстывалі.­

Разагрэтыя першай часткай фэсту і засумаваныя па камунікацыях многія гледачы ў другой частцы канцэрту кіраваліся да бару, а на выступ­ах маладых гуртоў заля імкліва пачынала пусьцець.

На працягу ўсёй імпрэзы гурты хутка зьмянялі адзін аднаго, выконваючы па 3–5 песень. Crash, Грунвальд, Кальмары, Фляўс і Кляйн, ДзеціДзяцей, Крама, Ulis, Куклы, Tlusta Lusta, Spital F, Tarpach, NeuroDubel — выступы праляцелі хутка. Музыкі нібыта паказалі свае візытоўкі напачатку новага сэзону, маўляў, «уся порцыя — пазьней на канцэртах». Праўда, прыхільнікам рок-каралёў NeuroDubel арганізатары прыпасьлі падарунак — гурт выступаў даўжэй за сваіх калегаў-музыкаў. Са свайго боку музыкі зладзілі яшчэ адзін сюрпрыз — песьню «Женщина моих галлюцинаций» NeuroDubel выканаў з вакалісткай Tarpach Воляй Самусік. Выглядала эфэктна:)

Хоць «Рок па вакацыях» і нагадваў у некаторыя моманты вялікую рэпэтыцыю гуртоў разнастайных стыляў і «стажаў» перад восенскім музычным сэзонам, аднак пасьпяхова справіўся з сваёй мэтай: рэлаксовае лета скончылася, пара вучыцца, працаваць і адпачываць пад час новага музычнага сэзону.

Тэматычныя фотарэпартажы з «Року па вакацыях»:

tarka 23:15, 01/09/2008 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.088 seconds.